Дзяўчынка з аграгарадка Палушы пазмагаецца за «каралеўскі» тытул
Юная спартсменка Эмілія Мальдзіс з аграгарадка Палушы ў трэці раз будзе прадстаўляць Астравецкі раён у фінале рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства «300 талентаў для Каралевы».
Дзяўчынка займаецца ў групе па лёгкай атлетыцы Астравецкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву на базе Гудагайскай сярэдняй школы. У 2017 годзе Эмілія была ў ліку пераможцаў фінальнага этапу, і толькі цяжкая траўма перашкодзіла пазмагацца за медаль у мінулым годзе.
Затое сёлета юная спартсменка ўпэўнена скарае спартыўныя вяршыні: яна выйграла раённы і абласны этапы спаборніцтва і зараз старанна рыхтуецца да фіналу. Ва ўсіх пачыннях Эмілію падтрымліваюць яе бацькі, якія таксама захапляліся спортам: мама гуляла ў валейбол, а тата – у футбол. Дарэчы, ім ужо прапанавалі аддаць дачку ў спецыялізаваную спартыўную навучальную ўстанову Гродзенскай вобласці.
Наперадзе ж у Эміліі Мальдзіс фінал рэспубліканскага спартыўна-масавага свята па лёгкай атлетыцы. Усе яе сябры і блізкія жадаюць дзяўчынцы поспеху і вераць, што на спартыўнай пляцоўцы яна будзе сапраўднай каралевай.
Уладзімір БАТУРА,
настаўнік фізічнай культуры Гудагайскай сярэдняй школы