Танцавальна-спартыўны клуб «Эўрыка» Астравецкага ЦТДіМ стаў прызёрам конкурсу «Юныя таленты Беларусі»

17:23 / 15.11.2019

Дзеці, якія займаюцца спартыўна-бальнымі танцамі ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, узялі «бронзу» на прэстыжным рэспубліканскім харэаграфічным конкурсе «Юныя таленты Беларусі».

На іншых паглядзець і сябе паказаць у нацыянальным дзіцячым аздараўленчым лагеры «Зубраня» сабралася 60 калектываў краіны. У іх ліку былі і два астравецкіх – Non-stop і «Эўрыка» з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Калектыў Нон-стоп.jpg

Non-stop

Конкурсныя нумары ацэньваліся не толькі па дакладнасці і зладжанасці кампазіцый, прадуманасці касцюмаў, разам з работай дзяцей у залік ішла і работа іх педагога.

І наша «Эўрыка» трапіла ў лік пераможцаў, заняўшы трэцяе месца ў катэгорыі «Бальна-спартыўны танец». Вучыць юных астраўчан майстэрству пластыкі і мове рухаў Сяргей Пятровіч Елізавеценка.

Танцавальны калектыў Эўрыка.jpg

– На конкурсе падобнага ўзроўню мае выхаванцы ўпершыню, – расказвае Сяргей Пятровіч. – Я не думаў, што настолькі сур’ёзнай будзе канкурэнцыя – не ў плане колькасці ўдзельнікаў, а ў плане іх прафесійнасці: у асноўным выступалі заслужаныя і ўзорныя калектывы.

Сяргей Елізавеценка.jpg

– Нягледзячы на тое што мы прыехалі ў «Зубраня» ранкам, а выступалі толькі вечарам і дзеці за гэты час вельмі стаміліся, яны сканцэнтраваліся – адпрацавалі цудоўна: чысценька, сінхронна, з усмешкамі,  працягвае педагог. – Я, да слова сказаць, быў уражаны іх стойкасцю. Таму і вынік мы атрымалі дастойны. Малайцы, што яшчэ скажаш!

Дарэчы, хутчэй за ўсё, астраўчане не трапілі б на гэты конкурс – калектыў наш з не з ліку ўзорных, яшчэ толькі робіць спробы прабіцца на сцэну. – Калі б не напорыстасць дырэктара Цэнтра творчасці Святланы Куцько. Яна вырашыла, што дзецям трэба спрабаваць сябе і бачыць узровень заслужаных калектываў – каб было да чаго імкнуцца. І пераканала ў гэтым арганізатараў конкурсу ў вобласці, якія займаліся накіраваннем удзельнікаў.

Так неўзорны калектыў здолеў паказаць вельмі ўзорны прыклад – скарэння вяршынь.

Віншуем дзяцей і іх педагога!

Текст: