Вадзіцель сельгастэхнікі Аляксандр Сянюць дапамагае аграрыям вазіць ураджай

12:01 / 16.11.2019
Скончылася жніво, уборка буракоў і кармоў падышла да свайго завяршэння. Да вясны зямля будзе адпачываць… Вось толькі сельскім працаўнікам не да адпачынку. 

Штогод вадзіцель Астравецкай сельгастэхнікі Аляксандр Сянюць дапамагае гаспадаркам раёна вазіць збожжа, буракі, траву і арганіку. 

Трэба сказаць, што атрымліваецца гэта ў мужчыны добра. Летась падчас раённых «Дажынак» Аляксандр Сянюць быў прызнаны лепшым вадзіцелем цэнтравывазу з вынікам 368 умоўных тон збожжа. 

4.jpg



– Яно само так атрымалася. У перадавікі ніколі не імкнуўся, стараўся працаваць добрасумленна – адсюль і такі вынік, – расказвае вадзіцель. – Перавозіць ура­джай два гады запар дапамагаем тром гаспадаркам: КСУП «Варняны», «Міхалішкі» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». За дзень робім каля дванаццаці рэйсаў.

Цікаўлюся ў мужчыны, ці ўзнікалі ў яго думкі сысці з сельскай гаспадаркі ў больш  прыбытковую галіну: падацца ў «дальнабоі» ці пайсці на будоўлю атамнай электрастанцыі.

– Была спроба – некалькі месяцаў на «міксеры» вазіў  бетон. Але не маё гэта, чужое. Ды і я там чужы, – прызнаецца малады мужчына. Далёкія рэйсы таксама не па мне, не хачу надоўга пакідаць сваіх любімых дзяўчат – жонку Марыну і дачушку Танечку. Няма нічога даражэйшага на цэлым свеце за абдымкі свайго дзіцяці. Не паспею пераступіць парог, а мая шчабятушка бяжыць да мяне з усіх ног – «Та-а-а-тачка!». У такія імгненні я самы шчаслівы на свеце чалавек. 

Сенюці жывуць у Беразоўцы разам з маці Аляксанд­ра. Дарэчы, Тарэса Нарцызаўна шмат гадоў аддала сельскай гаспадарцы – працавала даяркай, цялятніцай, загадчыцай малочна-таварнага комплексу. 

– Любоў да тэхнікі ў мяне ад бацькі, светлая яму памяць, – гаворыць Аляксандр. – Тата працаваў вадзі­целем у калгасе Карла Маркса, вазіў старшыню. У ка­ман­дзіроўкі ў Мінск ці ў Гродна часта браў нас з братам.

Чамусьці запомнілася, як падчас адной з паездак у сталіцу тата абяцаў звадзіць нас у цырк, але нешта не атрымалася. Львоў і мядзведзяў мы не ўбачылі, але смачнага марожанага з’елі. 

Добра там, дзе нас няма, – гэта не па чутках ведае Аляксандр Сянюць, які з дня ў дзень дапамагае вазіць ураджай вяскоўцам. А вечарам спяшаецца дадому, дзе яго чакаюць любімыя дзяўчаты. 

Текст:
Фото: Алёна Ганулич