100-бальнік Аляксандр Нагорскі расказаў пра падрыхтоўку да ЦТ, вучобу і мары

11:01 / 27.09.2019
Вучань астравецкай сярэдняй школы №1 Аляксандр Нагорскі два гады таму набраў максімальную колькасць балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па біялогіі. І паказаў добрыя веды па рускай мове і хіміі, рашыўшы заданні па іх на 97 і 95 балаў. 

Што дапамагло нашаму земляку ўзяць такую высокую планку, дзе ён вучыцца цяпер і чым займаецца ў вольны час – пра гэта карэспандэнт «АП» распытаў у самога юнака.

0.jpg


Пра ЦТ

– Саша, ведаю, што школу ты скончыў з залатым медалём, ты удзельнік розных алімпіяд – вучыцца табе было цікава і гэта добра атрымлівалася. Калі ты здаваў ЦТ, ці разлічваў на такі вынік?

– Не. Спадзяваўся, канешне, добра напісаць, але так высока не браў. (Усміхаецца.) А калі даведаўся, што па біялогіі ўвогуле 100 балаў атрымаў,   першай думкай была: аказваецца, гэта на самой справе магчыма! Аднак па першым часе ўсё ж не верылася, што ў мяне сотня.

– А колькі часу табе спатрэ­білася для рашэння тэста?

– Ды амаль увесь, які быў адведзены. Я адразу пісаў усё на чарнавік і заставалася толькі 10-15 хвілін, каб перанесці адказы ў бланк.

– Заданні тэсціравання былі для цябе лёгкімі?

– Былі падобныя да тых, што я рабіў, калі рыхтаваўся да ЦТ, а былі і даволі заблытаныя. Тут галоўнае разабрацца, што да чаго.

– А якую частку – А ці Б – было рабіць прасцей?

– Лягчэйшай мне была частка Б, таму што там больш цікавая форма заданняў.

– Калі ведаеш, што кожная памылка будзе дорага каштаваць, бо ад гэтага залежыць ажыццяўленне мары, – эмоцыі моцна перашкаджаюць. Ці хваляваўся, калі рашаў тэсты?

– Вельмі моцна! Асабліва, калі пераносіў адказы ў бланк, а яшчэ ж і час быў абмежаваны – за ім таксама трэба было сачыць. Калі эмоцыі асабліва захлёствалі, я «астуджаў» сябе тым, што вынік толькі ад мяне залежыць – і браў сябе ў рукі.

1.jpg


Пра падрыхтоўку

– Колькі часу трэба, каб пад­рыхтавацца да ЦТ?

– Гэта, напэўна, для кожнага па-рознаму. Мэтанакіравана я рыхтаваўся паўтара гады. Але ж да гэтага былі алімпіяды, факультатывы.

– У якіх алімпіядах ты ўдзель­нічаў?

– Па біялогіі, грамадазнаўству, чарчэнню, беларускай мове. Па біялогіі, дарэчы, доб­рыя вынікі паказваў. Гэты прадмет заўсёды падабаўся, я нават сказаў бы што гэта быў не проста ўрок у школьнай праграме, а маё захапленне – цікава спазнаваць навакольны свет праз адчуванні. 

– Аднак жа не толькі факультатывы і ўдзел у алімпіядах табе дапамаглі паказаць такі цудоўны вынік?

– Не, канешне. Па-першае, калі вызначыўся, якія прадметы буду здаваць,  займаўся з рэпетытарамі. Па-другое, я не адсунуў на другі план іншыя школьныя прадметы – яны пашыраюць кругагляд, ды і выкладалі мае настаўнікі заўсёды цікава. Як жа можна было не вучыць і не ведаць?! Па-трэцяе, і сам склаўшы рукі не сядзеў: штудзіраваў розныя навучальныя дапаможнікі, асвойваў спосабы запамінання складаных тэм і паняццяў – тут інтэрнэт дапамог. Ну і, мабыць, самы галоўны сакрэт: без жадання нічога не атрымаецца. 

– Вучоба, вучоба і яшчэ раз вучоба. Але дзеля запаветнай мары – набраць максімум балаў для паступлення – давялося нечым ахвяраваць?

– Так, давялося. Я люблю рыбалку і веласіпедныя прагулкі, падабаліся гульні «Што? Дзе? Калі?», якія праводзілі для школьнікаў,  але часта адкладваў гэта ўсё да нявызначанага «потым»… Аднак я пачаў цаніць вольныя хвілінкі, калі яны ў мяне выпадалі! (Смяецца.)

Пра студэнцтва

– Цяпер Аляксандр Нагорскі студэнт трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта – да гэтага ты ішоў напорыста. Стаць урачом было тваёй марай ці хтосьці дапамог вызначыцца з прафесіяй?

– Я хацеў стаць доктарам, таму не вагаўся і ні з кім не раіўся, куды мне паступаць, – галоўнае было прайсці па конкурсе. 

– Дарэчы, а ты на сваім курсе адзіная такая зорачка з 100-бальным вынікам?

– Што вы! У той год паступіла шмат і 100-бальнікаў, і пера­можцаў алімпіяд. Гэтыя, калі можна так сказаць, дасягненні патрэбны былі, каб набраць як мага большы бал. Адзнакі яны не дапамагаюць зарабляць – веды трэба дэманстраваць кожны  дзень. (Усміхаецца.) Хаця ўсё тое, чаму навучылі ў школе, мне вельмі дарэчы.

– Кажуць, што вучоба ў меды­цынскім адна з самых складаных. Ці цяжка выдатніку і алімпіядніку спасцігаць навуку Гіпакрата?

– Цяжка: вялікі аб’ём інфар­мацыі, шмат усяго новага.  Але вельмі цікава! Асабліва мне падабаецца біялагічная хімія, фізіялогія, хірургія, а ўвогуле  – у кожным прадмеце ёсць свая адмецінка.

– Атрымліваецца, што вучоба ў цябе займае ўвесь час?

– Бывае даводзіцца ахвяраваць сном. Але калі навучыцца рацыянальна размяркоўваць час – паспееш многае. Я, напрыклад, стараста групы і ўваходжу ў студсавет інтэрната. Займаюся навукова-даследчыцкай дзейнасцю – на першым курсе нам прапанавалі паспрабаваць сябе ў гэтым накірунку, і я зацікавіўся. Кожны год выступаю на розных тэарэтычных і практычных канферэнцыях – гэта цікавы і патрэбны вопыт.

– Саша-школьнік і Саша-сту­дэнт – ці змяніліся ў цябе погляды, можа, ёсць нейкая мара?

–  Змяніліся. Раней я атрым­лі­ваў веды, таму, што хацеў іх мець. Цяпер жа ўсё тое, што я ведаю і аб чым хачу даведацца, я разглядаю з пункту гледжання практычнага: дзе гэта можна прымяніць у жыцці. 

А мару я пакуль што пра тое, каб атрымаць спецыяльнасць, якая ста­не маёй любімай справай. 


Кажуць, упартаму скараюцца вяршыні. Не паспрачаешся. Але ж яны скараюцца менавіта тым, хто іх бачыць і  ідзе, не збочваючы. Аляксандр Нагорскі, калі здаваў тэсціраванне, скарыў сваю першую вяршыню, – і верыцца, што не апошнюю.

Текст:
Фото: из личного архива героя