О том, как строилась Ольховка, вспоминает Виктор Ожег

10:37 / 21.09.2019
Калі Віктара Ожэга ў 1985 годзе звольнілі з пасады – у той год кардонная фабрыка «Альхоўка» з-за перабояў з пастаўкамі цэлюлозы не выканала гадавы план і вінаватым «прызначылі» дырэктара, – некаторыя «добразычліўцы» скрушліва ківалі галавой: «Што, і праўда пойдзе намеснікам? Гэта ж такі сорам!» На што Віктар Дзям’янавіч адказваў: «Я не зрабіў нічога такога, за што мне было б сорамна. Упэўнены, што ў Альхоўцы ніхто мне ў спіну камень не кіне».

Сапраўды: людзей помняць і паважаюць не за пасады, якія яны займалі, а за справы, якія зрабілі. У гэтым сэнсе колішняму дырэктару фабрыкі – адзінаму, хто на ўсё жыццё застаўся ў Альхоўцы – не сорамна перад аднавяскоўцамі, большасць з якіх – работнікі той жа фабрыкі. Не толькі прадпрыемства, але і вёска, якая была, па сутнасці, невытворчым падраздзяленнем фабры­кі, пера­ўтвараліся, набывалі новае аблічча ў час, які зараз старэйшыя вяскоўцы называюць коратка і ёмка – «Пры Ожэгу».

Хоць калі добрушскі хлапчук Віцька Ожэг пасля школы прыйшоў працаваць рабочым на мясцовую папяровую фабрыку, ён і падумаць не мог, што некалі, сустрэўшыся з сябрамі дзяцінства, будзе казаць: «Я рады, што пабачыўся з вамі, пагаварыў, – але ўжо час дахаты вяртацца». І што  непаўторнай прыгажосці мясціны, якія сталі для яго другой радзімай, акажуцца за сотні кіламетраў ад не менш, але па-іншаму прыгожай роднай Гомельшчыны.

Віктар увесь час працаваў – і вучыўся: спачатку паступіў на завочнае аддзяленне  Гомельскага політэхнічнага тэхнікума, затым – у інстытут. Рабочым пабыў нядоўга – хутка прызначылі майстрам, начальнікам змены, неўзабаве – галоўным інжынерам Пуха­віцкай кардоннай фабрыкі. А праз два з паловай гады прапанавалі пасаду дырэк­тара Альхоўскай кардоннай фабрыкі. У кастрычніку 1971 года Віктар Дзям’янавіч Ожэг прыехаў на Астравеччыну – каб застацца тут на ўсё жыццё.

– Да мяне фабрыку ўзна­чаль­ваў Леанід Рыго­равіч Леўчанка, – расказвае Віктар Дзям’янавіч. – У яго былі вялікія планы па пераўтварэнню Альхоўкі: рэканструкцыя вытворчасці, развіццё рабочага пасёлка. Мне яны, як кажуць, леглі на душу – і я прадоўжыў справу свайго папярэдніка.

1.jpg


Для развіцця вытворчасці патрэбна жыллё – кватэрай можна спакусіць любога спецыяліста. Вось і ў Альхоўцы перш за ўсё пачалі будаваць для сваіх рабочых дамы: спачатку чатырохкватэрныя, затым на восем і нават на 34 кватэры. Будавалі не толькі за кошт уласнага прыбытку, грошы выдзялялі і цэнтралізавана.  Зноў-такі – не па першай просьбе: трэба было абгрунтаваць, даказаць, што тое, на што прасілі дадатковае фінансаванне, сапраўды патрэбна. 

Але ж нават калі тое фінанса­ванне паступала – з грошай дом не складзеш. Галоўнай праблемай у той час былі матэрыялы і людзі. На фабрыцы стварылі будаўнічы ўчастак, дзе працавала каля трыццаці чалавек. Ну а матэрыялы здабывалі, як маглі.

Дамы будавалі – а як іх ацяп­ляць, ваду падаваць?  На фаб­рыцы была свая кацельня, якая забяспечвала парай вытворчыя патрэбы прадпрыемства. Больш таго: рэшткі пары, якая выкарыстоўвалася для вытворчасці кардону, грэлі… паветра. Як зрабіць, каб не было страт цяпла, а кацельня абагравала кватэры рабочых? – задумаліся ў дырэкцыі – і пабудавалі цеплатрасу. Затым закальцавалі водаправод.

Фабрыка, якая выпускала ў той час чамаданны кардон – у многіх дамах жыхароў былога Савецкага Саюза ў якасці прывітання з тых далёкіх часоў захаваліся колішнія чамаданы, – знаходзілася на пад’ёме. У людзей была работа, прыстойная зарплата, дах над галавой. У вёсцы заставаліся мясцовыя хлопцы і дзяўчаты, прыязджалі маладыя спецыялісты, ства­раліся новыя сем’і. 

А калі ёсць хлеб – душа просіць песні. Толькі вось заспяваць яе не было дзе: сельскі клуб месціўся ў прыстасаванай драўлянай хаціне. І дырэкцыя фабрыкі замахнулася ні многа, ні мала – на сучасны Дом культуры! Звярнуліся да кіраўніцтва канцэрна «Белпаперапрам», пераканалі – грошы на яго будаўніцтва выдзелілі.

Пабудавалі Дом культуры, фабрыка купіла музычныя інструменты, з’явілася мастацкая самадзейнасць і нават ва­кальна-інструментальны ансамбль, слава  аб якім грымела па ўсім раёне і далёка за яго межамі. А затым і філіял музычнай школы ў Альхоўцы адкрылі – і ў мясцовых дзяцей з’явілася магчымасць займацца музыкай, не выязджаючы ў суседнюю вёску. Дарэчы, музычная школа, як і ФАП, для якога фабрыка выдзеліла адну з пабудаваных кватэр, і комплексна-прыёмны пункт, створаны ў Альхоўцы пры падтрымцы фабрыкі, дзейнічаюць  у вёсцы да гэтага часу. Праўда, урач-стаматолаг і цырульнік, як раней, сюды не прыязджаюць...

Асобная размова пра будаў­ніцтва школы. Васьмігодка месцілася ў старым будынку, і дырэктар фабрыкі пры падтрымцы раённых улад задумаўся пра новую школу – цагляную, двухпавярховую. Тут ужо рашэння рэспубліканскага кіраўніцтва было мала – давялося абіваць парогі маскоўскіх кабінетаў. Віктар Дзям’янавіч прызнаецца, што і сам не паверыў, што ўсё атрымалася, калі Міністэрства лясной і папяровай прамысловасці прыняло рашэнне аб будаўніцтве за ўласныя сродкі дзвюх школ у Савецкім Саюзе – у горадзе Усць-Іліме і ў Альхоўцы Астравецкага раёна. Па праекту школа павінна была быць васьмігодкай, але два дырэктары – фабрыкі Віктар Ожэг і школы Валянціна Маркоўская – зрабілі ўсё, каб яна стала сярэдняй. 

– Сорак гадоў працуе Аль­хоўская школа, – гаворыць Віктар Дзям’янавіч. – Дзеці, якія пайшлі сюды ў першы клас у год яе адкрыцця, ужо выгадавалі сваіх дзяцей і нават унукаў. Значыць, памяць жыве…

Дырэктарам кардоннай фаб­рыкі Віктар Дзям’янавіч пра­цаваў 14 гадоў. Потым пачаліся праблемы: узніклі пера­боі з пастаўкамі цэлюлозы, дабаў­ленне ў сыравіну макулатуры не давала належнай якасці прадукцыі. На адну з партый кардону фабрыка ў снежні атрымала рэкламацыю, у выніку не выканала гадавы план –  а ў часы планавай эканомікі гэта былі не жартачкі! І дырэктар паплаціўся за гэта пасадай.

Ожег001.jpg


Ды не за гэта баліць душа ў Віктара Ожэга, які, пакінуўшы кіруючае крэсла, яшчэ 18 гадоў працаваў на фабрыцы намеснікам дырэктара – і не адчуваў сябе пакрыўджаным. Крыўда ў яго іншая: што прадпрыемства, якому аддадзена практычна ўсё жыццё, прыходзіць у заняпад.

Так, здараліся тут крызісы і раней. Да прыкладу, калі змянілася кан’юнктура рынку і чамаданны кардон стаў непатрэбны. Знайшлі выйсце: пачалі рабіць пасылачныя скрынкі, потым выпускалі кардонную тару для сметанковага масла – наладзіўшы іх вытворчасць, фаб­рыка зноў стала на крыло. Але неўзабаве і гэтая прадукцыя перастала быць запатрабаванай.

– Скажу, як ёсць, –  з го­рыч­чу гаворыць Віктар Дзям’янавіч. – Фабрыка зараз на самавыжыванні: што хочаце і можаце – тое і рабіце. Ніхто нічога не плануе, як раней. Дасталі сыравіну – добра, знайшлі спажыўца – цудоўна. Не – вашы праблемы. Камандаваць ёсць каму, а вось дапамагчы ніхто не спяшаецца. А на фабрыцы ж людзі працуюць, практычна ўсё насельніцтва вёскі – у іх сем’і, дзеці, якіх карміць трэба…

…Альхоўка за гэтыя паўсотні гадоў стала лёсам Віктара Дзям’янавіча Ожэга: тут выраслі яго дзеці – дарэчы, нявестка Сняжана Сцяфанаўна Ожэг працуе начальнікам пла­нава-эка­намічнага аддзела прадпры­ем­ства ЦБК «Кардон», у скла­д якога пасля рэарганіза­цыі ўвайшла і фабрыка «Альхоў­ка». Ужо і ўнучкі дарослыя – дзед чакае, калі яго парадуюць пра­ўнукамі. Тут яго запаветныя грыбовішчы, нават сын-ляснік не ведае, дзе знаходзіцца тая па­ляна, на якой у самы неўраджайны год бацька кашамі  збірае лісічкі. 

– Альхоўка – гэта, па сут­нас­ці, і ёсць мая малая радзіма:  самыя радасныя і сумныя моманты жыцця звязаны з ёй, – гаворыць Віктар Дзям’янавіч. – І прыемна, што след свой тут я пакінуў, і след гэты неблагі.

Текст: Нина Рыбик