Святлана Бараноўская – пра дзяцінства, справу жыцця і работу на ферме

13:41 / 03.04.2019

Кажуць, як карабель назавеш, так ён і паплыве… Бацькі загадчыцы малочна-таварнай фермы “Малюта” КСУП “Гервяты” Святланы Бараноўскай не памыліліся з выбарам імені для дачкі: прыроджанага святла, душэўнай цеплыні ў жанчыны хапае не толькі на родных, блізкіх, але і на незнаёмых людзей, жывёл і ўвогуле ўсяго жывога.

Амаль 15 гадоў Святлана Антонаўна ўзначальвае ферму “Малюта”, хоць на аднайменным хутары ўжо даўно ніхто не жыве… Штодзень жанчына прыязджае на работу з Вялікіх Яцынаў, што ў чатырох кіламетрах ад фермы.

333333333333.jpg

Нарадзілася я ў Беразоўцы ў вялікай і дружнай сям’і: у бацькоў нас было сямёра. Мама працавала даяркай, тата жывёлаводам, конюхам, падвозчыкам на ферме, – успамінае дзяцінства Святлана Антонаўна. – Трымалі чатыры каровы, а свіней і не злічыць. Калі для іншых дзяцей у вёсцы выгнаць кароў на пашу, пакарміць свіней ці падаіць рагулю было цяжкай павіннасцю, для мяне, наадварот, – у радасць. Люблю жывёл. І маці на ферме дапамагала кароў даіць: прачнуцца ў 4-5 гадзін раніцы для мяне ніколі не было праблемай.

Раней праца даяркі была шмат цяжэйшая, чым зараз: жанчыны раздавалі ўручную кармы, даілі рукамі да 20 кароў, пойла цялятам даводзілася цягаць цяжкімі жалезнымі тачкамі…

– Але ніхто ніколі  не скардзіўся: жылі і працавалі дружна. Не было такога, каб хто з дзяцей закапрызіў, што не хоча чагосьці рабіць... Слова бацькоў – закон, – расказвае жанчына. – Цэлае лета сенавалі ўсёй сям’ёй. А што ж – гаспадарка вялікая. Калі трымаеш жывёлу, то клапаціцца пра яе трэба – з дзяцінства я засвоіла бацькоўскі запавет. Звычайна тата касіў, – а мы з сёстрамі варочалі траву, зграбалі ў валкі, а потым конікам вазілі сена – браты яшчэ маленькія былі. Неаднойчы кулялася на зямлю з гэтага вялізнага воза – і нічога, жывая, нават ні разу не пабілася моцна. Відаць, Божачка бачыў, як цяжка бацькі працавалі і што без лішняй пары рук у гаспадарцы ім ну ніяк не абысціся – і свае ручкі мне пад спіну падкладваў…

У школе Света вучылася нядрэнна – але больш за кнігі яна любіла жывёл.

– Я з дзяцінства ведала, што буду працаваць на ферме, – прызнаецца жанчына. – Хоць маці раіла: “Дзетачка, толькі не ідзі ў даяркі”, але я ўсё адно выбрала жывёлагадоўлю.

Пасля заканчэння Варонскай васьмігодкі дзяўчына паступіла ў Ільянскі заатэхнічны тэхнікум.

– Тры з паловай гады вучобы праляцелі як адно імгненне. Я ніводнага разу не пашкадавала аб выбары прафесіі, – прызнаецца жанчына. – Пасля тэхнікума атрымала размеркаванне ў калгас “Зара”. А так хацелася быць бліжэй да дому! Нехта са спецыялістаў райсельгасхарчу падказаў, што ёсць месца ў Гервятах. Тагачасны старшыня калгаса “Радзіма” Вячаслаў Адахоўскі, дзякуй яму вялікі, – прыняў мяне, нявопытную, на работу, дапамог зняць жыллё.

У жывёлагадоўлі жанчына працуе ўжо больш за трыццаць гадоў – і ўвесь час загадчыцай фермы: спачатку ў Яцынах, потым – у Міцюнах, а апошнія гады – у Малюце.

Зрабіўшы выбар на карысць Гервят больш за тры дзесяцігоддзі таму, Святлана, напэўна, нават і не задумвалася, што прадвызначыла свой жаночы лёс.

– Віктар працаваў у калгасе шафёрам: то на ферму “Яцыны”, якой я загадвала, за жывёлай прыедзе, то збожжа прывязе – так і глянуліся адзін аднаму, – усміхаючыся, расказвае жанчына. – Шлюб бралі ў Лаварышках. Жыць сталі ў Яцынах, з мужавым дзядулем. Светлая яму памяць – залаты быў чалавек!

Адна за другой у Бараноўскіх нарадзіліся дачушкі Таня, Ірына, а потым і сынок Жэнька “знайшоўся”.

– У дэкрэце па доглядзе за дзецьмі я доўга не сядзела – не было каму на ферме працаваць, папрасілі выйсці. А дзяўчынак дзядуля гадаваў, – узгадвае Святлана. – Добрыя ў нас дзеці выраслі: самастойныя, усяго самі дасягнулі…

Добрым словам Святлана Антонаўна гаворыць і пра калег.

– На ферме са мной працуе сем чалавек: тры даяркі, адна з якіх – падменная, і тры жывёлаводы. Калектыў у нас добры, дружны, усе не п’яніцы, працавітыя. Не магу нарадавацца на Алену Янковіч – яе партрэт заносіўся на раённую Дошку гонару, Валю Бараноўскую – на кожную з іх прыходзіцца каля 100 галоў, улічваючы нецеляў і цялят.

Зараз на МТФ “Малюта” ўтрымліваецца 131 карова і 30 цялят. Нядаўна статак папоўніўся 30 першацёлкамі, а яны ж дзёрзкія, нязвыклыя да дойкі, могуць і капытом сцебануць…

1111111111111.jpg

– У 7 гадзін раніцы звычайна ўжо работнікі на ферме. Глядзім цялятак, раздаём кармы, а потым пачынаецца дойка. Каб укласціся ў графік, часам дапамагаю дзяўчатам даіць, асабліва калі шмат першацёлак. А потым займаюся паперамі: трэба ж усё запісаць у журналах. Раней такой валакіты з дакументамі не было, – уздыхае жанчына.

Найбольшыя надоі на ферме – летам: ад каровы ў сярэднім у гэты час атрымліваюць да 15 кілаграмаў малака, цяпер дояць каля 12 кілаграмаў. Затое ўсё міцюнскае малако перапрацоўшчыкам паступае толькі вышэйшым гатункам.

– Дома з мужам таксама трымаем гаспадарку. Сваё ні ў якое параўнанне не ідзе з магазінным. Тым больш унучкі падрастаюць, – гаворыць Святлана. – Ды і як, жывучы на вёсцы, не трымаць гаспадарку?

…Святлана Раманаўна кожны свой дзень пачынае з усмешкі: кожнай сваёй клетачкай паглынае святло і цяпло ранішняга заспанага сонейка – і гэтым жыццядайным святлом дзеліцца з кожным стрэчным.


Бліц-апытанне

– Ці загадваеце запаветнае жаданне на Новы год?

– Не маю такой моды. Прывыкла разлічваць толькі на сябе.

– Што не змаглі б дараваць блізкаму чалавеку?

– Напэўна, здраду.

– Якія якасці найбольш цэніце ў людзях?

– Адкрытасць, дабрадушнасць. Вельмі не люблю, калі ў вочы кажуць адно, а за спіной – другое.

– Ці ўплывае на ваша жыццё ваша імя?

– Павышаць голас на людзей ці жывёлу не люблю і не ўмею. Адношуся да іншых так, як бы хацела, каб людзі да мяне адносіліся. Усё жывое ласку любіць, святло. Святланай мяне назвала маці, а хрысцілі мяне ў гонар Марыі. Так усё жыццё для мамы я – Света, а для бабулі – Марыя.

Текст:
Фото: Алена Гануліч