Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць меліяратары

10:07 / 03.06.2018

Не толькі ў аграрыяў, але і ў меліяратараў, якія сёння адзначаюць сваё прафесійнае свята, лета – самы напружаны час.
   Напярэдадні Дня меліяратара дырэктар Астравецкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Вадзім Станіслававіч Вянгроўскі, якога складана злавіць у кабінеце ў гэтую ў прамым і пераносным сэнсе гарачую пару, па дарозе даў невялікае інтэрв’ю.

IMG_7654 копия.jpg

Вадзім Станіслававіч Вянгроўскі

Ці залежыць фронт работы меліяратараў ад сезону?

– Пачынаючы з 2015 года ўсе асноўныя работы праходзяць праз тэндар – і ў першыя месяцы года гэта ўскладняе работу. Спачатку трэба адшукаць заказчыка, потым правесці тэндар на аказанне падрадных работ… Праходзіць каля трох месяцаў. Балазе, зіма ў нас – час адноснага зацішша. Дарэчы, працоўны дзень зімой у ПМС карацейшы на гадзіну: з 9.00 да 17.00, цяпер працоўны дзень заканчваецца ў 18.00. 

Меліярацыйныя работы звычайна пачынаюцца ў сакавіку. Сёлета два першых месяца зімы рабілі ўпор на культуртэхнічныя работы: прыбіралі кустоўе, вызвалялі глебу ад камянёў, каб можна было араць і сеяць, для КСУП «Гервяты» праводзілі асушэнне зямель. Дапамагалі дарожнікам, у горадзе экскаватар працаваў на пракладцы цеплатрасы да новых мікрараёнаў… 

З сакавіка пачалі займацца  ачысткай каналаў,  з красавіка – прамыўкай дрэнажу.

Лета сёлета – ранняе, расці трава пачала інтэнсіўна.  Абкошваем каналы – іх у нас больш за 800 кіламетраў. Для гэтага набылі тры мотакасы і дзве касілкі. 

Адзін з прыярытэтных накі­рун­каў работы – навядзенне парадку на зямлі: прыбіралі «нічыйныя» хутары, карчавалі здзічэлыя сады, дапамагалі сельскагаспадарчым прадпрыемствам наводзіць парадак на фермах і комплексах.  

Хмызнякі, якія «аблюбоў­ва­юць» меліяра­цый­ныя каналы, да­стаў­ляюць нямала праблем і земляробам. Значныя работы цяпер вядуцца на рэканструкцыі аб’екта ў Спондах. Да слова, ён дастаткова вялікі – агульная плошча каля 70 гектараў, з якіх ажно  63 гектары займаюць каналы. Там наша работа відавочная: направа паглядзіш – непралазны хмызняк, налева – ачышчаныя ад зараснікаў землі…

Падчас асноўных сельскагаспадарчых работ дапамагаем гаспадаркам раёна.

IMG_7664 копия.jpg

IMG_7656 копия.jpg

А якая сярэдняя зарплата на прадпрыемстве?

– У параўнанні з мінулым годам зарплата падрасла і складае 520 рублёў. У вобласці ў нас 4-я пазіцыя з 14 прадпрыемстваў. Лічу, гэта добры паказчык. Галоўнае, што каэфіцыент пра­дукцыйнасці працы апера­джае тэмп росту зарплаты, кажучы простымі словамі, зарабляем больш, чым праядаем… 

Машынна-трактарны парк дазваляе вырашыць пастаўленыя задачы?

– На прадпрыемстве каля 35 адзінак тэхнікі: 7 экскаватараў, з якіх 6 аднакаўшовых, 5 бульдозераў, 11 трактароў, 5 машын для перавозкі людзей…  Тэхніка, канешне, не новая, але рамантуем, аднаўляем, набываем запчасткі – усё за свой кошт. Гадоў пяць назад па лізінгавай праграме абнавілі лінейку тэхнікі, яшчэ разлічваемся, таму пра набыццё новай можна будзе падумаць праз год-другі.

IMG_7666 копия.jpg

Машыніст экскаватара Валерый Вайцехавіч Кацінель 34 гады працуе ў Астравецкім ПМС

Ці аказвае ПМС паслугі насельніцтву? Калі, напрыклад, чалавек хоча сажалку выкапаць на сваім прысядзібным участку – не адмовіце?

– Акрамя таго, што кірую прадпрыемствам меліярацыйных сіс­тэм,  з’яўляюся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, заўсёды прыслухоўваюся да людзей і па меры магчымасці стараюся дапамагчы ці паспрыяць вырашэнню праблемных пытанняў. Да прыкладу, праблема з падтапленнем тэрыторыі вакол васьмікватэр­ных двухпавярховых дамоў у Рымдзюнах існавала гадамі, а ў гэтым годзе яна стаяла асабліва востра, але мы адвялі ваду. У Гірах такая ж праблема, асабліва калі моцна дажджыць. Пачысцілі каналы, паклалі трубы, а за будынкам былога магазіна выкапалі сажалку, каб  вада збіралася ў адным месцы.

Мы аказваем паслугі на­сель­ніцтву па дыскаванні, узворванні, пакосе травы ці ачыстцы сажалкі на прысядзібным участку. Але людзі павінны разумець, што  імгненна да іх ніхто не прыедзе,  часам трэба пачакаць, бо лета – гарачая пара для меліяратараў. У міжсезонне, калі нагрузка на тэхніку і працаўнікоў меншая, адгукаемся на просьбы, хоць, па шчырасці, аказанне паслуг насельніцтву – нерэнтабельная справа. Тым не менш па меры магчымасцей ідзём насустрач.

IMG_7670 копия.jpg

Для майстра будаўніча-мантажных работ Андрэя Аляксандравіча Брычыкава, які працуе ў ПМС другі год, Астравеччына стала другой радзімай: тут мужчына стварыў сям’ю і знайшоў сваё прызванне. Работа ў меліярацыі, па прызнанні маладога спецыяліста, – самая цікавая і самая рамантычная ў свеце.

Раскажыце пра адзін дзень са свайго працоўнага жыцця.

– Прачынаюся ў 6 гадзін рані­цы, у 6.45 я ўжо на рабоце. У 7.00 праводжу планёрку: абмяркоўваем са спецыялістамі фронт работ на дзень.  «Наразаю» задачы – і ў машыну. Стараюся пад’ехаць на кожны аб’ект, каб бачыць, якімі тэмпамі вядуцца работы, ці не ўзнікла форсмажорнай сітуацыі. Пасяджэн­ні, тэлефанаванні – часам хоць разарвіся. Вось бы суткі па­большалі! Пасля 17 гадзін спа­кайней, у гэты час працую з дакументамі, часам да поз­няга вечара. У суботу таксама даводзіцца працаваць. Да канца тыдня, канешне, адчуваецца стомленасць – але за чатырнаццаць гадоў, што ўзначальваю ПМС, прывык да такога тэмпу і іншага жыцця не ўяўляю.

Работу каго са сваіх падначаленых хацелі б адзначыць?

– Зараз на прадпрыемстве працуе каля 60 чалавек. Радуе, што наш калектыў дружны і згуртаваны. Асноўны касцяк, на якім трымаецца прадпрыемства меліярацыйных сістэм, захаваўся. Прыходзяць новыя людзі, якім, па ўсім бачна, падабаецца ў нас працаваць, тым больш што некаторым маладым перспектыўным работнікам мы выдзелілі ведамаснае жыллё. 

Хачу адзначыць нашых акса­калаў, некаторыя з іх пра­цуюць на прадпрыемстве трыц­цаць і больш гадоў, – гэта ма­шы­ніст экскаватара Валерый Вай­цехавіч Кацінель, вадзіцелі   Анатоль Іванавіч Яскулоўскі, Віктар Мечыслававіч Мілешка, Іосіф Іосіфавіч Вянгроўскі. У прафесіяналізме ім не саступаюць і іх маладзейшыя калегі – машыністы бульдозера Дзяніс Зыгмундавіч Скарульскі, Віталь Станіслававіч Вянгроўскі, Павел Пятровіч Расамацкі, машыністы экскаватара – Андрэй Віктаравіч Мілэйша, Алег Сяргеевіч Мель­нічук. Добра працуюць і Лявон Іванавіч Ражко, Пётр Іванавіч Урлік, Іван Уладзіміравіч Шпак, Валерый Сцяпанавіч Каспяровіч і многія іншыя. 

IMG_7673 копия.jpg

У вадзіцеля Анатоля Іванавіча Яскулоўскага, працоўны стаж якога большы за 30 гадоў, у працоўнай кніжцы па­значана толькі адно месца работы – Астравецкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

Што пажадаеце сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?

– У першую чаргу – моцнага здароўя: калі чалавек хварэе, яму не да работы. Няхай абраная справа прыносіць задавальненне; у вашых сем’ях пануюць лад, узаемапаразуменне і згода. Няхай увасабляецца ў жыццё ўсё задуманае. Шчасця шмат не бывае – пабольш радасных і пазітыўных падзей.

–   Дзякуй, Вадзім Станісла­ва­віч, за гутарку – і са святам!







Текст:
Фото: Алена Гануліч