Рукі Наталлі Маргентал пахнуць сырадоем

11:01 / 12.03.2018
Спрытная, увішная, хуткая жанчына, бы пчолка, снуе па даільнай зале: абмывае і выцірае вымя каровы, прымацоўвае даільны апарат, а пасля таго, як карова аддала ўсё малако, – апрацоўвае вымя спецыяльным сродкам ад мастыту…

 Нават бліскучым вочкам фотаапарата складана злавіць рукі жанчыны – і занатаваць іх на здымку… З непамернай хуткасцю яна перамяшчаецца ад каровы да каровы – і рукі яе, здаецца, жывуць асобным ад гаспадыні жыццём. 

Толькі падумаць: праз рукі Наталлі і яе напарніцы – на МТК «Малі» КСУП «Гудагай»  аператары машыннага даення працуюць па двое  ў змену – толькі за адну дойку праходзіць больш за 600 кароў!

IMG_3146.jpg


– Калі трэба заступаць на змену – прачынаюся ў 03.40: першая дойка пачынаецца ў 5.00 і працягваецца да 10.00, – жанчына расказвае пра свой працоўны дзень. – З 12.00 да 16.00 доім высокапрадукцыйных кароў. Вечарам дойку распачынаем з 18.00, а заканчваем каля 23.00.

Наталля ўжо 12 гадоў працуе даяркай – і шчыра прызнаецца, што на іншым месцы сябе проста не ўяўляе.

– Кім хацела быць у дзяцінстве? – перапытвае жанчына. – Не паверыце: даяркай. Мама працавала на ферме. Раней у кожнай даяркі была свая група. Неаднойчы памагала маці даіць кароў… Работа, канешне, не з лёгкіх – але мне падабалася.  Ні аб чым не шкадую. У нас харошае начальства і дружны калектыў, зарплату добрую атрымліваем. 

IMG_3160.jpg


А дома Наталлю чакаюць яе любімыя мужчыны: муж Алег, сыны Жэня і Ярык і свёкар Фёдар. Яны дакладна ведаюць, што рукі іх самай любімай жанчыны на свеце – іх жонкі, мамы, нявесткі – пахнуць не толькі сырадоем, але і смачнымі абедамі, клопатам і любоўю.  
Текст:
Фото: Алена Гануліч