Астраўчане атрымалі гранты на развіццё ўласнай справы
10:55 / 11.01.2018
2
У снежні падчас другога стартапа уікеда вызначылі пераможцаў, сярод якіх апынуліся і жыхары Астравеччыны.
Алесь Марозік, пчаляр з Клюшчан:
– Прафесійным пчалярствам займаюся больш за дзесяць гадоў. Вырашыў заняцца гэтай справай у прамысловых маштабах. Былі веды, жаданне. Выпадкова даведаўся пра Школу сельскага бізнесу – адправіў анкету, прайшоў навучанне і атрымаў грант. (Усміхаецца) На выдзеленыя сродкі планую набыць вуллі, платформы для перавозу пчолаў, радзіяльную медагонку, механічны ўскрывальнік сотаў, пад’ёмнік «Апіліфт», нуклеусныя вуллі і іншае.
Юрый Трыбулеў,
уласнік аграэкасядзібы «Хутар Чара» ў Соргаўцах:
– Мы атрымалі грант з другой спробы: спрацавала, напэўна, тое, што нам патрэбны сродкі для стварэння ўмоў для адпачываючых – гэта сістэма ачысткі сцёкавых вод і калектар з сонечнымі панэлямі для падагрэву вады. Запісацца ў Школу сельскага бізнесу нам параіла старшыня Гервяцкага сельвыканкама Люцыя Іванаўна Лях. Увогуле мясцовая ўлада па меры магчымасцей спрыяе нам: наш праект – першая аграэкасядзіба ў Гервяцкім краі.
У чым наша ўнікальнасць? Наша сядзіба збудавана па асаблівай тэхналогіі з саламяных блокаў. Наведвальнікі могуць атрымаць такую новую для беларускіх рэалій паслугу, як гукатэрапія спяваючымі тыбецкімі чашамі і іншымі рэдкімі званарнымі інструментамі. У далейшым на хутары плануем збудаваць этнамузей і рамесніцкую майстэрню, каб адрадзіць рамёствы Астравеччыны.
Школа сельскага бізнесу была створана летам мінулага года пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза па ініцыятыве грамадскіх аб’яднанняў «Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю» і «Экапартнёрства». Па задуме арганізатараў, лепшыя праекты жыхароў Астравецкага, Мядзельскага, Смаргонскага і Пастаўскага раёнаў атрымаюць грашовую падтрымку ад Еўрасаюза і ўтвораць першы на тэрыторыі Беларусі інкубатар малога прадпрымальніцтва, які аб’яднае дробныя прыватныя прадпрыемствы ў сельскай мясцовасці.
Наша газета паведамляла, што жыхарка вёскі ТракеліЛюдміла Стручко атрымала грант на развіццё ўласнай швейнай майстэрні, дзе жанчына плануе аказваць паслугі не толькі па рамонце адзення, але і яе дызайнерскім абнаўленні, рэканструкцыі і аздабленні традыцыйнай беларускай і літоўскай вышыўкай.
Напярэдадні навагодніх святаў грант на развіццё ўласнай справы атрымалі пчаляр Алесь Марозік з вёскі Клюшчаны Міхалішкаўскага сельсавета і ўласнікі аграэкасядзібы ў вёсцы Соргаўцы Гервяцкага сельсавета Алена і Юрый Трыбулевы, якія, дарэчы, пераехалі на Астравеччыну са сталіцы.