Знакомьтесь: Иван Грицкевич – игрок минского «Динамо»

07:05 / 17.11.2017
1
У чым сакрэт поспеху? Адны ўпэўнены, што для гэтага трэба старанна і плённа працаваць. Другія, наадварот, лічаць, што дастаткова нарадзіцца пад шчаслівай зоркай – удача і шанцаванне самі прыйдуць у рукі. 
А вось Іван Грыцкевіч лічыць: каб дасягнуць поспеху, перш за ўсё патрэбна моцнае жаданне займацца тым, што табе па душы. 
Хто такі Іван Грыцкевіч? Звычайны хлопец з Астраўца, які аднойчы адчуў магнетызм і прыцягненне Яго Вялікасці Футбола і з дзяцінства марыў ім займацца. Моцнае жаданне плюс стараннасць і мэтанакіраванасць дапамаглі ажыццявіць мару: цяпер хлопец – цэнтральны абаронца юнацкай каманды «Дынама-Мінск».

IMG_9333.jpg


Іван Грыцкевіч – усмешлівы, прыветлівы, сціплы і зусім не «зорны» юнак. Першыя крокі ў свет футбола ён рабіў у гуртку Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і на сустрэчу прыйшоў са сваім футбольным гуру – трэнерам Андрэем Казіміравічам Страцэўскім.

– Ці думаў ты, што будзеш гуляць у адным з самых знакамітых беларускіх клубаў?
– Не! (Усміхаецца) Я наогул пра прафесійны футбол не задумваўся. Да 4 класа мы жылі ў Варнянах. Там з мясцовымі хлопцамі часта збіраліся на стадыёне і ганялі мяч. Мне падабалася – але пра нешта большае і думкі не ўзнікала. 

– І калі яна з’явілася? 
– Калі трэнер павёз нас у Смаргонь у дзіцяча-юнацкую спартыў­ную школу – сябе паказаць і на іншых паглядзець. Футбол вабіў заўсёды, але тады з’явілася на­дзея, што, магчыма, у мяне ёсць шанс і здольнасці займацца ім на больш высокім узроўні. Ды і  Анд­рэй Казіміравіч заўсёды пра гэта гаварыў і падштурхоўваў мяне: гаварыў «Ваня, табе нельга стаяць на месцы – трэба развівацца».
У футбольны гурток я трапіў, можна сказаць, выпадкова. У школу прыходзілі  «прапагандысты» з Цэнтра творчасці і расказвалі, як можна весела і з карысцю праводзіць у іх час. Але я нікуды не пайшоў. Гэта ўжо потым сябры-«разведчыкі» сказалі, што запісаліся на футбол і паклікалі з сабой – я здаўся.

– Я памятаю, як Ваня прыйшоў у гурток, – дапаўняе Андрэй Казіміравіч Страцэўскі. – У мяне тады была група хлапчукоў 1999-2000 гадоў нараджэння, а Ваня на тры гады маладзейшы. Але нічога – згуляліся. Ваня заўсёды ўважліва слухаў тлумачэнні і ўпітваў усё, як губка. Пры гэтым добрасумленна і мэтанакіравана падыходзіў да трэніровак: за тры з паловай гады, што ён займаўся, ні разу па няўважлівай прычыне не прапусціў заняткі. Ён гарэў футболам – гэта было бачна. Таму я пастараўся зрабіць усё магчымае, каб хлопец развіваў свае здольнасці.

– Не шкада было аддаваць у Смаргонь таленавітага іграка?
– Наадварот, я вельмі рады за Ваню і ганаруся ім. З поспехамі маіх вучняў ажыццяўляюцца мае нерэалізаваныя юначыя мары – я таксама хацеў прафесійна займацца футболам, але не было магчымасці. Ваню такі шанс выпаў – і я б не дараваў сабе, калі б ён яго ўпусціў. 

IMG_9340.jpg

– Ваня, калі табе прапанавалі трэніравацца ў мінскім «Дынама»?
– Андрэй Казіміравіч даў мне цудоўную базу, затым я паўтара года ездзіў займацца ў Смаргонь. На мяне звярнулі ўвагу, калі мы ўдзельнічалі ў спарынгах у Мінску.  Затым наша каманда выйграла чэмпіянат вобласці, я гуляў у складзе гродзенскай зборнай на рэспубліцы – мы занялі другое месца. Вось тады і «ўзяліся» за мяне ўсур’ёз: мінскія трэнеры размаўлялі са смаргонскімі калегамі, тэлефанавалі бацькам. На сямейнай нарадзе вырашылі, што нельга ўпускаць такі шанс. І з пачатку гэтага навучальнага года я трэніруюся ў «Дынама». 

– Як адчуваеш сябе на новым месцы? Па родных не сумуеш? 
– Я прывык жыць па раскладу: заняткі ў школе, трэніроўкі, адпачынак – нічога асабліва не змянілася. У камандзе прынялі добра. Канешне, дадому прыязджаць часта не атрымліваецца, бо на выхадных у нас звычайна праходзяць гульні. Але я кожны дзень размаўляю з роднымі па тэлефоне ці ў скайпе. 

– Чаго хочаш дасягнуць у жыц­ці?
– Найперш – трэніравацца, набі­рацца вопыту. І, канешне, забіваць галы для сваёй каманды. А там час пакажа. Ведаю адно – хачу займацца футболам!
– Дзякуй за размову і поспехаў!

Пяць пытанняў пра футбол
– Любімая футбольная каманда, ігрок?
– Каманда – «Манчэстар Юнайтэд», ігрок – Серхео Рамес.
– Галоўнае правіла ў футболе.
– Не гуляць груба.
– З якімі эмоцыямі і думкамі выходзіш на поле?
– Першыя хвілін дзесяць – хваляванне, затым – упэўненасць. Думкі: забіць гол і каб наша каманда выйграла.
– Каго лічыш сваім футбольным настаўнікам?
– Першага трэнера Андрэя Казіміравіча Страцэўскага. Ён навучыў, падказаў і паверыў у мяне. Калі б не ён, я б не іграў сёння ў «Дынама».
– Футбол для цябе гэта…
– Тое, чым вельмі хачу займацца, ён для мяне на першым месцы. 



Текст:
Фото: Марина Мацкевич