Чем живет преступный мир района

09:10 / 11.12.2017
Усё, што дрэнна ляжыць
Сярод злачынстваў па-ранейшаму лідзіруюць крадзяжы. Аб’ектам увагі аматараў лёгкай нажывы становяцца самыя розныя каштоўнасці – ад рабочых інструментаў да мабільных тэлефонаў. Ні замкі, ні адказнасць перад законам не стрымліваюць зладзеяў ад спакусы пажывіцца за чужы кошт. 
Адзін з такіх «смельчакоў» пранік, збіўшы навясны замок, у будынак ААТ «ДайноўМэбля», які знаходзіцца ў вёсцы Дайноўка. Вяртаўся ён ужо з добрым «уловам». Два шурупавёрты, бензінавы трымер, два сістэмныя блокі на агульную суму 750 рублёў – такі матэрыяльны ўрон нанёс злодзей сваім візітам.

lock-544925_960_720.jpg


***
Жыхары вёсак Ліпкі і Яросішкі вырашылі спачатку «падзаправіцца», а потым выйсці на справу. Спіртное прытупіла страх: яны ўзламалі замок і праніклі ў гаспадарчую пабудову ў вёсцы Грышкойці. Адтуль зладзеі прыхапілі два плугі, саломарэзку, газавы балон, ручныя косы і сякеры. Агульны кошт укра­дзеных сельскагаспадарчых інструментаў, якія належалі астраўчаніну, склаў каля 150 рублёў. 

***
Чарговы злодзей не ўзламваў замкоў – ён без перашкод зайшоў у пакой адпачынку ў будынку МТФ «Карвэлі» і ўкраў адтуль мульціварку. Бытавая тэхніка належала аднаму з работнікаў фермы. 

***
Ахвярай злодзея стаў і жыхар кватэры аднаго з дамоў па вуліцы Караткевіча. Вярнуўшыся дадому, мужчына не знайшоў мабільны тэлефон і планшэт, якія ў агульным каштавалі больш за 250 рублёў.

***
Нецвярозы астраўчанін, знаходзячыся ў кватэры аднаго з дамоў па вуліцы Валадарскага, не змог прайсці міма мабільніка, які «сіратліва» ляжаў на падваконні. У выніку ён нанёс мінчаніну, якому належаў гаджэт, матэрыяльны ўрон на 156 рублёў.

Грашовыя трафеі
Асобная катэгорыя зладзеяў не «разменьваецца на дробязі» – аддае перавагу грашам.
Нецвярозая жыхарка вёскі Слабада вырашыла папоўніць свой бюджэт, не адыходзячы далёка: ноччу пранікла ў дом аднавяскоўкі і ўкрала адтуль 50 беларускіх рублёў.

***
Па падобным сцэнарыі разгортваліся падзеі і з жыхаром горада Масты, які працуе тынкоўшчыкам у ААТ «Гроднапрамбуд» у Астраўцы. Знаходзячыся ў адной з кватэр дома па вул. Аэрадромнай, мужчына, які быў нападпітку, вырашыў прыхапіць «трафей» – і ўкраў з кішэні курткі жыхара кватэры 100 беларускіх рублёў. 

***
Мужчына з Гомельскай вобласці не змог прайсці міма барсеткі жыхара Гервят, якую той пакінуў на прыступках магазіна «Янтарны». Злодзей прыхапіў з сабой не толькі чужую рэч, але і 110 беларускіх рублёў, якія знаходзіліся ў барсетцы.

***
Больш прасунутыя ашуканцы выкары­стоўваюць сучасныя тэхналогіі.
Адзін з такіх «хакераў» з дапамогай невядомай праграмы высветліў пін-коды двух банкаўскіх картак астраўчан, якія былі імі страчаны. З дапамогай атрыманых дадзеных ён «пазычыў» з карт-рахункаў 318,5 і 1 084 беларускіх рублёў. 

Двойчы ў адну раку не ўвойдзеш –
так цвярджае народная мудрасць. Але рэчаіснасць даказвае іншае. Аступіўшыся аднойчы, далёка не ўсе робяць для сябе выснову і становяцца на шлях выпраўлення, а зноў свядома топяць сябе ў багне злачыннасці.
Жыхара Смаргоні, які ўжо меў непагашаную судзімасць, зноў пацягнула на прыгоды. Выпіўшы для смеласці, ён разбіў акно і залез у адзін з дамоў вёс­кі Жусіны. Там злодзею прыглянуліся камп’ютарны сістэмны блок разам з акустычнай сістэмай і DVD-плэер, якія ён прыхапіў з сабой. Такім «візітам» злодзей нанёс гаспадару дома матэрыяльны ўрон на суму каля 100 рублёў.

***
Не зрабіў для сябе высноў і неаднойчы судзімы жыхар Астраўца. Мужчына ўкраў з дома па вуліцы Ушакевіча банкаўскую картку і пайшоў гуляць па магазінах. Аднак банкет за чужы кошт прадоўжыўся нядоўга: ужо на другі дзень «балявання» ашуканец выклікаў падазрэнне ў прадаўшчыцы – і яна забрала картку.  У адносінах да злодзея ўзбуджана чарговая крымінальная справа. 

Выбуховая находка 
Самадзейны піратэхнік аб’явіўся ў Альхоўцы. 
Мужчына прыкладна з 2007 года незаконна захоўваў у сваім доме парашковыя рэчывы, якія аказаліся дымным і бездымным паляўнічым порахам, што выкарыстоўваецца для патронаў. 

Марэк СІНКЕВІЧ, намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта.


Текст: Главный администратор