Школы и детские сады Островецкого района к новому учебному году готовы

10:38 / 21.08.2017
1
Штогод у пачатку жніўня камісія ў складзе супрацоўнікаў аддзела адукацыі, спорту і турызму, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях адпраўляецца ў своеасаблівы рэйд па навучальных установах раёна. Задача – праверыць  іх падрыхтоўку да новага навучальнага года і падпісаць пашпарты гатоўнасці.
sh1.jpg
На працягу трох дзён камісія, якую ўзна­чаліў намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла,  наведала ўсе ўстановы адукацыі  і вынесла вердыкт: гатовы да прыёму дзяцей.
У адзін з рэйдаў  па школах адправіўся і карэспандэнт «Астравецкай праўды». Пра тое, што ўразіла і зацікавіла,  – у нашым рэпартажы.
Першым своеасаблівы экза­мен перад высокай камісіяй трымаў Мальскі дзіцячы сад-пачатковая школа. Капітальны рамонт тут прайшоў у 2008 годзе. З таго часу штогод тэрыторыю і будынак толькі падфарбоўваюць і аб­наўляюць. 
Колькасць малень­кіх жыхароў установы павяліч­ваецца. Сёлета садок наведваюць 45 дзяцей, у  школу ходзяць 17 вучняў, але рэзервы ёсць – і пры жаданні бацькі могуць прывесці дзяцей у Малі.
Свежы пах фарбы, яркія кветкі, чысціня і ўтульнасць – здаецца, камісія задаволена. Не хаваюць  радасці ад таго, што школа гатова да 1 верасня, дырэктар ды  настаўнікі.
Варнянскія педагогі таксама сустракаюць камісію з добрым настроем. Што падабаецца ў гэтай школе – мноства  кветак: агромністыя фікусы, юкі, драцэны – пазайздросціць можа нават  батанічны сад.
І калі дашкольнікі ўжо за­поўнілі гоманам і смехам групавыя пакоі – дзеці  малююць, гуляюць з цацкамі, бавяцца на спартыўных пляцоўках, то класы пакуль  стаяць у цішыні і чакаюць 1 верасня. Толькі настаўнікі, якія ўжо выйшлі з адпачынку,  пераглядваюць праграмы і падручнікі.
Побач са школай размяшчаецца  сацыяльна-педагагічны цэнтр. Сёлета і тут з’явілася «аб­ноўка»: новая гульнявая пляцоўка, якая парадуе дзяцей. На працягу лета ў сацыяльным прытулку жыло шэсць выхаванцаў, цяпер засталося двое – і таму ў пакоях пануе   цішыня. Касметычны рамонт, які зрабілі ва ўстанове,  дадаў памяшканням утульнасці. Толькі бацькоўскую любоў, якой не хапае дзецям, што вымушаны знаходзіцца ў СПЦ, гэтым не заменіш.
– Сёлета мы адрамантавалі дах. Абнавілі плітку ў санвузлах, пафарбавалі сцены, падлогу,  мэблю, – расказвае дырэктар СПЦ Таццяна Уладзіславаўна Калтан. – Стала больш утульна. Аднак ёсць і праблемныя пытанні, вырашыць якія самастойна нам  не па сілах. Хацелася б добраўпарадкаваць тэрыторыю сацыяльна-педагагічнага цэнт­ра: асфальт увесь у ямінах, а яго рамонт нам не асіліць.
Зялёнымі прыгожымі туямі, рознаквеццем, каляровымі фар­­­бамі і цікавымі гульнявымі ку­­точ­камі сустракае «экзамена­та­раў» Варонскі дзіцячы сад-па­чат­ко­вая школа. Тут ёсць чым здзівіць і пахваліцца. Пасля таго, як закрылі Трокеніцкі дзіцячы сад, яго выхаванцы «пераехалі» ў Варону. Разам з імі на падвор’е «перасяліліся» і туі: перасадзілі іх у чэрвені  – і ўжо відаць, што расліны   прыжыліся. 
Аднак больш за ўсё здзівілі і парадавалі гульнявыя пля­цоўкі: драўляны паравозік з вагон­чыкамі, столік з табурэтамі, размаляваныя пад божых каровак,  незвычайная пя­сочніца  на стале –  дзеці могуць наляпіць «ба­бак» і тут жа мыць рукі. 
sh2.jpg
sh3.jpg
sh4.jpg
 
Годныя ўмовы створаны для дзяцей у школе і садку – усе чыста і акуратна.
– На падрыхтоўку школы да пачатку навучальнага года зрасходавана 13 327 рублёў, з іх 5 345 рублёў выдзелена з бю­джэта, астатнія – спонсарскія сродкі, –  расказвае дырэктар школы Людміла Станіславаўна Сасноўская. –  Хочацца, каб у дзяцей і педагогаў былі годныя ўмовы для вучобы і работы.
І адміністрацыя пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму і Астравецкага райвыканкама стараецца іх ствараць.  Яшчэ падчас вучэбнага года былі распачаты работы па рамонце спартыўнай залы: тут замянілі вокны і дзверы, выраўнялі сцены і зрабілі падлогу. Але наперадзе яшчэ нямала спраў, галоўная з якіх – рамонт даху над спартыўнай залай.
– Варонская школа – адна з тых, у якую можна і трэба ўкладваць грошы, – адзначае намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. – Падставы  сур’ёз­ныя: садок наведваюць 33 дашкольнікі, 52 вучні сядуць 1 верасня за школьныя парты.
sh5.jpg
sh6.jpg
sh7.jpg
sh8.jpg
sh9.jpg
sh10.jpg
sh11.jpg
sh13.jpg
 
На працягу дня камісія наведвала  яшчэ некалькі навучальных устаноў, кожны з яе ўдзельнікаў зрабіў заўвагі, якія напрыканцы дня былі абмеркаваны: да пачатку навучальнага года неабходна выправіць памылкі ці дарабіць тое, што, магчыма, не заўважылі ці не паспелі дарабіць педагогі і работнікі ўстановы.
Усе школы паспяхова здалі своеасаблівы экзамен, які пацвердзіў:  1 верасня школьнікі і дашкольнікі прыйдуць у падрыхтаваныя школы і садкі.

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
ostrov-red.yaroshevich@tut.by


Текст: