В лагере воспитывали бизнесменов (+видео)

14:41 / 08.08.2018
2
Аздараўленчы летнік «Вясёлка» Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі не патрабуе рэкламы: дзеці едуць туды з ахвотай. А ўсё таму, што да 18 дзён, якія працуе «Вясёлка», педагогі рыхтуюцца ўвесь год – і не толькі тыя, хто будзе працаваць у летніку, а ўвесь калектыў. А яшчэ гэты летнік папулярны таму, што тут дарослыя і дзеці – усе на «адной хвалі».

IMG_5899.jpg

– Дзеці едуць да нас па пяць гадоў запар – і гэта да многага абавязвае, – гаворыць намеснік дырэктара Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Куцько. – Мы не павінны падвесці іх спадзяванні, таму трэба прадумваць, чым іх здзіўляць.

ПРА ІДЭЮ
Адна з задач «Вясёлкі» – навучыць сваіх выхаванцаў весці за сабой. У гэтым годзе дзецям прапанавалі раскрыць сакрэты вядзення бізнесу – выхавацелі вучылі іх каманднай рабоце, а індывідуальныя прадпрымальнікі, супрацоўнікі банкаўскай сферы і рэнтабельных дзяржаўных арганізацый давалі майстар-класы. 

025.jpg

– Мы жывём у мабільны час, прагрэс патрабуе хуткага развіц­ця эканомікі, калі трэба ўмець сябе паказаць, рэкламаваць сваю справу, аб’яднаць вакол сябе аднадумцаў – гэтаму мы вучылі  нашых выхаванцаў, – расказала пра ідэю змены Маргарыта Качан, выхавацель «Вясёлкі». – У нашым атрадзе працавала  Школа сваёй справы «Паспяховы я – паспяховая дзяржава». 

IMG_5906.jpg

Па легендзе дзеці павінны былі стварыць кампанію па вырабу беларускіх сувеніраў. Па выніках тэстаў прафесійных проб іх размеркавалі па аддзелах: эканамічны, рэкламны, вытворчы, прадажу – адміністраванне выхавацелі пакінулі сабе (калі ўжо ўзяліся гуляць, то разам!).

Акрамя ўрокаў па аратарскаму майстэрству, мастацтву, фотаздымку, камп’ютарнаму дызайну, псіхалогіі, рэкламе, дзеці спазнавалі   рэаліі жыцця з майстрамі сваёй справы: яны выпраўляліся на дзелавыя сустрэчы з індывідуальным прадпрымальнікам Б. Цітком, які вядзе сямейны рэстаранна-забаўляльны бізнес; бралі ўрокі ў працаўнікоў Астравецкага лясгаса на прыкладзе стварэння доміка паляўнічага; ездзілі ў Мінск знаёміцца з работай кампаніі «Кока-кола» і прымалі ў гасцях супрацоўнікаў Беларусбанка.

Изображение 027.jpg


 ПРА РАБОТУ
З «Вясёлкай» працуюць не толькі выхавальнікі – сюды амаль кожны дзень наведваюцца іншыя педагогі цэнтра творчасці. Яны дапамагаюць рыхтаваць творчыя нумары, вучаць харэаграфіі, спевам, малюнку, даюць майстар-класы па вырабу прадметаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, арганізоўваюць спартыўныя спаборніцтвы і квэсты. На перыяд работы летніка сюды «сцякаецца» і ўвесь матэрыяльна-стратэгічны запас цэнтра творчасці, пачынаючы ад тканін і ўпрыгожанняў і заканчваючы сцэнічнымі касцюмамі і камп’ютарна-музычнай апаратурай. 

Изображение 026.jpg

Каб падрыхтавацца да чарговай змены, калектыў цэнтра пачынае працаваць пасля заканчэння папярэдняй: аналізуюць работу, «накідваюць» ідэі на будучы год, не забываючыся пра «падказкі» сваіх выхаванцаў, рыхтуюць дэкарацыі, нагляднасць, сцэнарый, прадумваюць сімволіку… 
 
ПРА АДПАЧЫНАК
Кацярына Пукшта, в. Рым­дзюны: 
– Пра «Вясёлку» я чула даўно і вельмі хацела сюды трапіць. Мы тут жылі як адна сям’я – усё рабілі разам. Нашы просьбы і прапановы ніколі не заставаліся без увагі. Гэта быў не проста адпачынак – нас вучылі, як стаць паспяховымі, развіваючы ўласны бізнес, а таксама паказалі, што без добрай  каманды чалавек нічога не зможа дасягнуць.

IMG_5880.jpg

 Канстанцін Якаўлеў, г. Санкт-Пецярбург: 

– Я ў «Вясёлку» прыехаў другі раз. У мінулым годзе трапіў сюды, бо мае бацькі працавалі ў Астраўцы. Мне ўсё вельмі спадабалася: экскурсіі,  гульні, святы... Ды і выхавацелі былі класныя! У гэтым годзе, нягле­дзячы на тое, што мы вярнуліся ў Піцер, адпачываць мне хацелася толькі ў «Вясёлцы» – і мама з татам набылі пуцёўку. Мы з дзецьмі, якія былі тут у мінулым годзе, падтрымліваем кантакты ў сацыяльных сетках. Перад тым  як паехаць у «Вясёлку», дамовіліся, што будзем адпачываць разам.

Сёлета нам прапанавалі змену «Паспяховы я – паспяховая краіна». Мы гулялі ў бізнесменаў, вучыліся развіваць уласную справу. Думаю, гэтыя веды спатрэбяцца ў жыцці.

IMG_5867.jpg


70% дзяцей з мінулагодняга складу адпачывала на сёлетняй змене ў «Вясёлцы»


Мікіта Русецкі, аг. Варняны: 
– Гэта самы суперскі летнік! Я ў «Вясёлцы» адпачываў чацвёрты год запар, тут заўсёды збіраецца самая класная кампанія і самыя выдатныя выхавацелі. Мне без розніцы, якой накіраванасці будзе змена – ведаю, што сумаваць не дадуць! А графік у нас такі шчыльны, што нават падурэць няма часу.
Чарговая змена «Вясёлкі», як і кожны год, прайшла на вышэйшым узроўні – лепшае сведчанне гэтаму водгукі выхаванцаў і іх бацькоў, каментарыі ў сацыяльных сетках. Таму не дзіўна, што папулярнасць «Вясёлкі» шырыцца – і трапіць сюды жадаюць не менш, чым у «Зубронак».

IMG_5882.jpg

 P.S. Як заўсёды, весялкоўцы  прывезлі з сабой з адпачынку, акрамя добрага настрою і масы ўспамінаў, электронныя фотаальбомы змены і падарункі на памяць – фірменныя кубкі «кампаніі». Лепшыя бізнесмены атрымалі аўтаручкі і штодзённікі – з гэтым сюрпрызам дапамагла Астравецкая РА «Белая Русь». 

Изображение 013.jpg





Текст:
Фото: аўтара і з архіва Астравецкага ЦТДіМ