Інфармацыйную кампанію “Рэкі без фасфатаў” праводзяць у Гудагайскай сярэдняй школе
Цягам чатырох месяцаў вучні Гудагайскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі і геаграфіі Таццяны Станіславаўны Азацян праводзяць інфармацыйна-экалагічную кампанію “Рэкі без фасфатаў”.
Гудагайская школа не раз была ўдзельнікам экалагічных праектаў і станавілася іх пераможцамі. І сёння настаўніца біялогіі і геаграфіі Таццяна Станіславаўна Азацян ўспамінае, як школьнікі перамаглі ў рэспубліканскім праекце “Малым рэкам – вялікае жыццё”, як потым яны з жаданнем і цікавасцю ўдзельнічалі ў навукова-практычных канферэнцыях і інавацыйнай дзейнасці. І зусім не дзіўна, калі ў студзені выпаў шанс далучыцца да інфармацыйнай кампаніі “Рэкі без фасфатаў”, арганізатарамі якой сталі Цэнтр экалагічных рашэнняў і Кааліцыя Чыстая Балтыка, настаўніца разам з юнымі эколагамі ўзяліся за работу.
– Удзельнікамі праекта з’яўляюцца 10 раёнаў з усёй рэспублікі, прычым тры з іх – Астравецкі, Смаргонскі і Лідскі – прадстаўляюць Гродзеншчыну, – расказвае Таццяна Станіславаўна. – Пасля навучальнага семінара, які праходзіў у Мінску, мы са школьнікамі ўзяліся за справы.
А іх – цікавых, пазнавальных і карысных – было шмат.
– Не раз мама мне расказвала пра невялічкі вадаём, які быў непадалёк ад нашай вёскі. Вада ў ім была чыстая і рыба вадзілася, – расказвае адна з удзельніц інфармацыйнай кампаніі Паліна Вянгроўская. – З цягам часу вада пазелянела, а рыба знікла. Чаму так адбылося? Гэтым пытаннем не раз задаваліся мае бацькі і суседзі.
І большасць з іх вінавацілі воды, якія сцякалі з палёў, ківалі на жывёлагадоўчую ферму, якая стаяла побач, і ніхто нават не задумаўся, што прычына можа хавацца ў фасфатах, якія ўтрымліваюць мыючыя сродкі, парашкі, гелі.
Школьнікі разам з настаўніцай з галавой акунуліся ў інфармацыйную кампанію. Правялі анкетаванне педагогаў і бацькоў, апрацавалі анкеты – і зразумелі, што не ўсе дарослыя ведаюць пра шкоду фасфатаў. І ўзяліся за наступны этап рэалізацыі экалагічнай кампаніі – інфармацыйна-прапагандысцкую работу.
– У першую чаргу мы звярнуліся да кіраўніцтва дыскаўнтара “Остров Чистоты” і папрасілі дазволу правесці інвентарызацыю ўсіх мыючых сродкаў, якія ёсць у магазіне, – гаворыць Таццяна Станіславаўна. – Нашу просьбу ўспрынялі станоўча і на працягу некалькіх дзён мы “працавалі” ў магазіне.
– Мы не раз звярталі ўвагу, што большасць пакупнікоў цікавіцца коштам тавара, яго аб’ёмам і амаль ніколі не глядзіць на складнікі. Таму было прынята рашэнне растлумачыць наведвальнікам магазіна шкоду фасфатаў і іх уздзеянне на прыроду і здароўе чалавека, – расказвае ўдзельніца праекта Вікторыя Гук.
Пакупнікі з удзячнасцю ўспрынялі парады школьнікаў. Вынікам работы ў магазіне стала размяшчэнне плаката аб тым, што ў магазіне прадаюцца безфасфатныя тавары, якія не шкодзяць нашым рэкам і азёрам, – такіх было большасць, і запіс у Кнізе заўваг і прапаноў з просьбай прывозіць у магазін як мага больш безфасфатных тавараў.
– Мы наведалі тры сельскія магазіны, размешчаныя ў нашай мясцовасці, пабывалі на ачышчальных збудаваннях, правялі майстар-класы, дзе вучылі чытаць этыкеткі, наладзілі водныя эстафеты для дзяцей і дарослых, арганізавалі флэшмоб “Рэкі без фасфатаў”, Максім Пятровіч зняў відэаролік “Куды сцякае вада з майго дома”, выпусцілі буклет і распрацавалі “Зялёныя парады” – словам, чатыры месяцы мы стараліся рабіць усё магчымае, каб растлумачыць шкоду фасфатаў для прыроды і нашага арганізма. Па тых водгуках, якія мы атрымлівалі падчас наведванняў магазінаў, сустрэч і мерапрыемстваў, праведзеных у рамках кампаніі, можна меркаваць, што многае ў нас атрымалася, – упэўнена настаўніца.
Але спыняцца на дасягнутым гудагайцы не збіраюцца – наперадзе яшчэ шмат работы. Толькі разам, упэўнены юныя эколагі, можна захаваць чыстыя рэкі, азёры і ўвогуле прыроду для сваіх нашчадкаў.