«Не забірай мяне так рана...» - просяць бацькоў выхаванцы ДЦРД

11:19 / 10.10.2017

Трэці год запар Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці становіцца пераможцам раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі. Як дасягнуць такога выніку і, галоўнае,  як зацікавіць дзяцей і бацькоў быць не староннімі назіральнікамі, а ўдзель­нікамі адукацыйнага пра­цэсу ў садку?  
Пра гэта  мы га­варылі  з загадчыцай ДЦРД №1 Аленай Пят­роў­най Васільчык.

IMG_2057.jpg


Два гады назад Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1  адзначыў трыццацігадовы юбілей – у  час стварэння гэта была  самая маладая ўстанова ў  Астраўцы. Не паспелі азір­нуцца, а за гэты час у горадзе адкрыліся яшчэ два садкі ў новых мікрараёнах. Канешне, колькасць дзяцей, якія наведваюць ДЦРД №1,  зменшылася, аднак іх па-ранейшаму шмат. 


IMG_1938.jpg

Жанна Адольфаўна Змітровіч са сваімі выхаванцамі


Заходзіш у дашкольны цэнтр –  і адразу трапляеш у палон фарбаў,  дзіцячых дапытлівых вачанят і  ўсмешак педагогаў. Кожны з іх –   артыст, мастак і майстар на ўсе рукі. Аднак галоўны іх талент – бязмежная любоў да дзяцей. Без гэтага ў прафесіі выхавацеля доўга не затрымліваюцца. 

IMG_1919.jpg

Данута Вітольдаўна Тумкевіч да любой справы падыходзіць творча 

Такіх, адданых садку і дашкольнікам,  тут шмат – некаторыя працуюць з дня адкрыцця ясляў-сада. Але і тыя, хто прыходзіць у садок на адпрацоўку,  – у большасці сваёй застаюцца.

– Калектыў дашкольнага цэнтра вялікі: у нас працуе 63 чалавекі, 29 з іх – педагогі, –  расказвае Алена Пятроўна. 
Выхавацелі і іх памочнікі, музычныя кіраўнікі, дэфектолагі і псіхолагі, кі­раўнікі фізічнага выхавання, прыбі­ральш­чыцы, рабочыя і повары –  кожны стараецца зрабіць так, каб выхаванцам было ўтульна, цікава і добра.

IMG_1984.jpg

З Таццянай Анатольеўнай Санюкевіч можна і спяваць, і танцаваць


– Нашу працу трэці год запар высока ацэньвае кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму, як вынік –  перамога ў раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы. Але галоўная ацэнка нашай дзейнасці – шчаслівыя вочкі дзяцей і ўдзячнасць іх бацькоў, –  упэўнена Алена Пятроўна.
Кожную раніцу 233 дашкольнікі спяшаюцца ў садок. Працуе ён  з 7.30, але ёсць магчымасць прывесці дзяцей  і раней – з 7.00 тут арганізавана дзяжурная група.

IMG_2045.jpg

Загадчыца дашкольнага цэнтра Алена Пятроўна Васільчык са сваімі намеснікамі Алёнай Анатольеўнай Ляховіч і Тарэсай Станіславаўнай Чарнушэвіч і выхава­целем-метадыстам Жаннай Раманаўнай Кузняцовай


– Папулярнасцю карыстаецца і санаторная група, –  расказвае Алена Пятроўна. –  Тут дзеці не толькі атрымліваюць ўзмоцненае харчаванне, але  і ходзяць на дадатковыя заняткі па фізічнай культуры, загартоўваюцца, знаходзяцца пад назіраннем педыятра Вікторыі Казіміраўны Страцэўскай. Група папулярная яшчэ і таму, што працуе яна з сямі гадзін раніцы да сямі гадзін вечара.
На прафілактыку захворванняў і здароўезберажэнне накіраваны дабрачынны праект «Мы – за здаровы лад жыцця». Яго ўкараненнем пры падтрымцы АТ інжынірынгавай кампаніі «Атамбудэкспарт» у садку будуць займацца сёлета.

IMG_1969.jpg

На ўзбраенні педагога-псіхолага Таццяны Рыгораўны Тарашкевіч пясочная тэрапія


А пакуль дашкольнікі актыўнічаюць на занятках – восень спрыяе развіццю творчых здольнасцей. Калі мы завіталі ў садок, у адной групе дзеці  малявалі восеньскі букет, у другой – развучвалі танец, у трэцяй – «збіралі» садавіну і агародніну… Цікава і пазнавальна было нават  мне –  а што гаварыць пра малых?! Дарэчы, у 3 групах з 12  дзеці павіталіся са мной па-беларуску: навучальны працэс тут вядзецца на роднай мове. Прыемна!

IMG_1954.jpg

Весела і пазітыўна праходзяць заняткі ў кіраўніка фізвыхавання Вольгі Аляксандраўны Грачанік


– Зноў мяне так рана забіраеш? –  чую голас хлопчыка. –  Я яшчэ не нагуляўся – а мне ўжо пара дамоў… 
І гэтыя словы – найлепшае пацвярджэнне таго, што дзецям тут добра. А гэта  найлепшая адзнака выхавацелю за яго працу!

IMG_1944.jpg

Аксана Іосіфаўна Юхно працуе з  самымі маленькімі «чамучкамі» 


IMG_1983.jpg

Індывідуальныя заняткі з педагогам-дэфектолагам  Мартай Віктараўнай Пяшкур


IMG_2056.jpg

IMG_2060.jpg


Текст:
Фото: Елена Ярошевич