Падведзены вынікі раённага конкурсу сярод аратых
Напрыканцы мінулага тыдня былі падведзены вынікі конкурсу сярод механізатараў і вызначаны лепшы араты раёна.
Апошні раз на Астравеччыне падобны конкурс праходзіў восем гадоў назад. Сёлета было вырашана адрадзіць гэтую традыцыю.
Баталіі сярод адзіннаццаці механізатараў раёна разгарнуліся на палях КСУП «Варняны» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Участкі для ворыва вызначала жараб’ёўка, а вось работу ацэньвала экспертная камісія.
Якасць ворыва ацэньвалася па васьмі асноўных паказчыках: работа плуга, прытрымліванне вызначанай шырыні ўзворвання ўчастка і шырыні захопу, прамалінейнасць і выраўніванне паверхні ўзворвання, аб’ём выканай работы і іншыя.
У ідэале кожны механізатар мог набраць 80 балаў. Аднак парушэнні ці недакладнасці прыводзілі да «спісвання» ачкоў.
У выніку напружанай двухдзённай барацьбы перамог механізатар КСУП «Гервяты» Анджэй Ясевіч. На другім месцы апынуўся Валерый Юркойць з КСУП «Варняны». Тройку лідараў замкнуў Пётр Сяргей з КСУП «Гудагай».
Пераможца раённага конкурсу аратых Анджэй Ясевіч, КСУП «Гервяты»
Дарэчы сказаць, не толькі прызёры спаборніцтва, але і ўсе ўдзельнікі атрымалі грашовыя прэміі і дыпломы ад Астравецкага раённага выканаўчага камітэта і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.Ну і, вядома ж, механізатары атрымаюць заработную плату за выкананы аб’ём работ.
Механізатар КСУП «Варняны» Валерый Юркойць заняў ІІ месца
– Вы працавалі ў экстрэмальных умовах і, нягледзячы на ссунутыя надвор’ем тэрміны спаборніцтва, паказалі сваё майстэрства, – падводзячы вынікі спаборніцтва, падкрэсліў старшыня райвыканкама Ігар Яраслававіч Шалудзін. – Дзякуй вялікі кожнаму з вас за работу.
З ІІІ месцам аратага КСУП «Гудагай» Пятра Сяргея віншуе старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін