Ад чаго паміраюць людзі?

09:04 / 18.07.2018
Анкалагічныя захворванні выйшлі ў нашым раёне на другое месца сярод прычын смяротнасці за 5 месяцаў года – гэты факт канстатаваўся на пасяджэнні савета па дэмаграфічнай бяспецы, які дзейнічае пры райвыканкаме.

18838377364656572892323.jpg

Лідзіруюць у гэтай сумнай статыстыцы вось ужо шмат гадоў запар хваробы сістэмы кровазвароту – 111 чалавек, ці 62,3%. На трэцяе месца выйшла адзіная прычына, з-за якой, па логіцы, павінны паміраюць людзі – старасць: 18 выпадкаў, ці 10,1%. Старасць «падсунула» з трэцяга «прызавога» на чацвёртае месца нават колькасць смерцяў ад знешніх прычын: за пяць месяцаў года з-за суіцыдаў, атручвання, пераахалоджвання, у аўтамабільных аварыях памерла 8 чалавек – гэта 4,5% ад агульнай колькасці памерлых. І зніжэнне гэтага паказчыка ў параўнанні з мінулым годам больш як у два разы – бадай што адзінае, што радуе ў гэтай статыстыцы.

А вось рост новаўтварэнняў, ад якіх за студзень-май памерла 20 чалавек (11,2% агульнай колькасці) не проста насцярожвае – трывожыць. Яшчэ і таму, што сярод памерлых 9 чалавек былі ў працаздольным узросце – ім, як кажуць, яшчэ б жыць ды жыць. Трывожны і той факт, што колькасць людзей, якія пайшлі з жыцця ад раку, павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на трэць.

Наводзіць на роздум аналіз тэрмінаў, на працягу якіх людзі з новаўтварэннямі стаялі на дыспансерным уліку. Двое з дваццаці ўвогуле не паспелі стаць на гэты ўлік, у дзесяці чалавек з часу выяўлення анкалогіі да моманту смерці прайшло менш за год, шэсць чалавек пражылі ад аднаго да трох гадоў. І толькі адзін памёр праз тры гады пасля выяўлення анкалогіі, яшчэ адзін – больш чым праз дзесяць гадоў.

45342525423-1.jpg

…Ужо калі даведалася пра гэтую невясёлую статыстыку і пачала працаваць над артыкулам, у сацыяльных сетках прачытала пост калегі: «Сёння зноў не здала гэты пракляты аналіз. Баюся… Баюся таго, што магу пачуць…» 

Як магла, пастаралася растлумачыць ёй, што няведанне праблемы не пазбаўляе ад яе наступстваў, што баяцца пакуль што рана: аналіз яшчэ нават не здадзены! А галоўнае – паніка горшы з памагатых у любой справе, а ў сітуацыі са здароўем – асабліва. І ўвогуле – не баяцца трэба праблем, а змагацца з імі – і пераадольваць. Прыводзіла прыклады, раіла пачытаць кнігі і артыкулы… 

Здавалася, што пераканала. Але на наступны дзень, прачытаўшы чарговы яе пост, зразумела, што калега так і не рашылася здаць аналіз…
І такая «страусіная» пазіцыя – хавацца ад праблем і дрэнных вестак – не толькі ў гэтай жанчыны. Часта даводзіцца чуць ад знаёмых: не пайду ў бальніцу! Навошта? Нішто не баліць, а дактары ж абавязкова што-небудзь знойдуць – работа ў іх такая! Вось калі захварэю – тады і буду лячыцца! 

Але, на жаль, тады, калі хвароба нагадае пра сябе болем ці якімі іншымі яўнымі сімптомамі, здараецца, што лячыцца ўжо позна – пра гэта не стамляюцца нагадваць урачы. Мы ж лічым, што прафесійныя агляды, дыспанзерызацыю, прышчэпкі – усё гэта прыдумалі медыкі выключна з-за свайго дрэннага характару ці з-за таго, што ім больш рабіць няма чаго. 

Boli-v-lobnoj-chasti-pri-frontite.jpg

Наколькі я ведаю, «няма чаго рабіць» медыкам толькі ў нас – у іншых краінах даўно клопат пра ўласнае здароўе пераклалі на самога чалавека – у поўнай адпаведнасці з заключэннем Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, што здароўе чалавека на 90 працэнтаў залежыць ад яго самога – ладу жыцця, харчавання, своечасовасці праходжання медыцынскіх абследаванняў і г.д. Яшчэ, вядома, ад экалогіі, спадчыннасці і іншых аб’ектыўных фактараў. І толькі астатнія 10 працэнтаў – ад пра­фесіяналізму ўра­чоў, аснашчанасці медыцыны сучас­най апаратурай і іншых «знешніх фактараў». І за мяжой ужо даўно ніхто нікога не прымушае раз у год прыйсці да доктара на абследаванне ці здаць аналізы: не трэба вам – не трэба і нам. Ніхто не ўгаворвае зрабіць прышчэпку: калі чалавек працуе з людзьмі, то гэта – яго святы абавязак, гэтае патрабаванне запісваецца ў кантракт: ты, вядома, можаш пляваць на сваё здароўе – але чаму тваё нежаданне клапаціцца пра яго павінна ставіць пад пагрозу здароўе тых, з кім ты працуеш ці каго абслугоўваеш на працоўным месцы? У нас жа за гэта, як і за паказчыкі дэмаграфічнай бяспекі, нясуць адказнасць перш за ўсё медыкі: урачы ў адказе за ўсё! 

…Новая астравецкая бальніца ста­­не міжраённым і нават між­рэ­гія­наль­ным медыцынскім цэнтрам, які будзе аснашчаны найноў­шым абсталяваннем. У хуткім часе ў нас плануюць арганізаваць скрынінг – абследаванне здаровых людзей на прадмет вы­яў­лення магчымых новаўтварэн­няў. Здавалася б, цудоўна: можна парадавацца і паспадзявацца, што хворых лю­дзей, у прыватнасці, анкалогіяй, стане менш. 
Але эфект ад усяго гэтага будзе толькі ў тым выпадку, калі людзі самі пачнуць клапаціцца пра сваё здароўе.
Пажадана – не тады, калі за­баліць…

24 554 чалавекі – колькасць насельніцтва Астра­вецкага раёна на 1 сту­дзеня 2018 года.
З іх 13 475 – людзі працаздольнага ўзросту.

демография.jpg


Текст: Нина Рыбик