В Островце прошёл районный конкурс пионерских команд по черлидингу

18:00 / 13.04.2013
Раённы конкурс піянерскіх каманд па чэрлідынгу прайшоў у Астраўцы. Сёлета яго ўдзельнікамі сталі шэсць каманд з розных школ раёна. Заявіць пра сябе, як пра вясёлых лідараў і прадэманстраваць не толькі запальныя танцы, але і актыўную грамадзянскую пазіцыю вырашылі нямногія. Затое зрабілі гэта весела і прыгожа.

У бягучым годзе конкурс “Піянерскія іскры” праводзіўся ў рамках праграмы “СПАРТА” РС ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” пры падтрымцы РА “Белая Русь”.
У нашай краіне гэты рух не асабліва распаўсюджаны – мабыць, менавіта таму такое мерапрыемства выклікала непадробны інтарэс ва ўдзельнікаў конкурсу. Фізічныя практыкаванні, акрабатыка і гімнастыка, танцавальныя рухі, музычнае суправаджэнне і запальныя “крычалкі” і дэвізы, прысвечаныя піянерскаму руху… Чэрлідарам удалося прадэманстраваць сапраўднае шоу. І кожны мог прэтэндаваць на званне пераможцы.
Але журы аднадушна першае месца прысудзіла камандзе “Запал” з Гудагайскай школы. З першых хвілін іх выступленне стала зразумела, што на сцэне – сапраўдныя пераможцы. Яркія, упэўненыя, з усмешкамі на тварах – яны змаглі ўпэўніць журы ў сваёй выключнасці не толькі танцам, але і сваімі “крычалкамі”.
Другое месца заняла каманда “Салют” з Гервяцкай школы, трэцяе – у каманды “Піянерыя” з Рытанскага НПК.
Усе каманды-пераможцы атрымалі дыпломы аддзела адукацыі і падарункі ад Астравецкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
А каманда “Запал” Гудагайскай СШ прадставіць наш раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу, які пройдзе ў Гродне.







-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.