С песней по жизни

09:00 / 13.04.2013
Гэтае выслоўе можна лічыць журналісцкім штампам – занадта часта з’яўляецца яно на газетных і часопісных старонках. Між тым рэальнасць часта пацвярджае яго праўдзівасць. І жыццё Ірыны Сівец – яскравае таму пацвярджэнне.

У першым класе Ірынка ўпершыню выканала песню на святочным ранішніку. Гэта быў незабыўны дэбют: чысты, звонкі галасок пакарыў слухачоў, вучні і настаўнікі заўзята пляскалі ў далоні, вітаючы юную спявачку. Яна стала пастаяннай удзельніцай школьных канцэртаў на ўсе дзесяць гадоў. Праўда, вучыцца дзяўчынцы давялося аж у трох школах – пачатковай у роднай вёсцы Дэбясі, васьмігодцы – у Гродзях і сярэдняй – у Ашмянах. А вось музычную наведваць не выпала, хаця вельмі хацелася – Ірыне падабалася выступаць на сцэне. Асновы нотнай граматы яна ведала – вывучыла на ўроках спеваў, але для атрымання сур’ёзнай профільнай адукацыі гэтага было мала.
Зрэшты, Ірына не вельмі перажывала. У выпускнікоў канца 70-х былі іншыя планы і памкненні – хутчэй прыступіць
да працы, стаць самастойнымі і не сядзець на шыі ў бацькоў. А вучыцца, пры жаданні, можна і без адрыву ад вытворчасці. І свае творчыя здольнасці пры гэтым спаўна рэалізаваць у мастацкай самадзейнасці.
З самарэалізацыяй Ірыне пашанцавала. Атрымаўшы атэстат сталасці, яна прыехала ў Астравец і ўладкавалася на завод агульнапрымяняльных дэталей і вузлоў – так тады называлася цяперашняя “Радыёдэталь”. Прадпрыемства было філіялам буйнога вытворчага аб’яднання ў Вільнюсе, якое працавала на абарону. Яно актыўна развівалася, будавала жыллё, чым і прываблівала моладзь з Астравеччыны і суседняй Ашмяншчыны. Ірына ўладкавалася на мантажны ўчастак і хутка навучылася прамудрасцям прафесіі, знайшла сябровак. А неўзабаве і замуж выйшла.
А як жа песня? Песня з гэтай пары стала яе лепшай сяброўкай. Заводская моладзь хацела зрабіць сваё жыццё насычаным і разнастайным – і пачала з мастацкай самадзейнасці. Ірына, вядома, не засталася ў баку ад гэтай справы.


– Спачатку мы аб’ядналіся вакол баяніста Уладзіміра Кляпцова і стварылі невялікі калектыў, – успамінае Ірына Зыгмундаўна. – А потым прыйшоў прафесійны музычны кіраўнік Генрых Адольфавіч Стаціна. Ён стаў стваральнікам і душой нашага хору. Неўзабаве выдзеліліся вакальная група, трыа, дуэты, салісты...


Самадзейных артыстаў падтрымала дырэкцыя завода. Харыстам пашылі элегантныя сцэнічныя строі, забяспечвалі транспартам для гастрольных паездак. Калектыў выступаў на астравецкай і сельскіх сцэнах, за межамі раёна, яму шчыра апладзіравала перапоўненая глядзельная зала Вільнюскага Дома культуры будаўнікоў. Для салістаў Ірыны Сівец, Капіталіны Пятроўскай, Іосіфа Радзевіча, Уладзіміра Кляпцова настаў сапраўды зорны час – варта было вядучаму канцэрта аб’явіць іх імёны, як зала выбухала авацыяй.
Множылася калекцыя ўзнагарод за высокае выканаўчае майстэрства – як у хора, так і ў салістаў.


– На адным конкурсе мне ў якасці прыза прапанавалі на выбар гадзіннік і гітару, – згадвае Ірына Зыгмундаўна. – Думала-думала – і выбрала гадзіннік. Але ж і гітару хацелася! Можа, іграць навучылася б...


– А якія песні найбольш любіце?


– З маладых гадоў захаплялася творчасцю Ганны Герман. Выбрала для сябе самую любімую – “Адзін раз у год сады цвітуць”. Часта адкрывала канцэрты патрыятычнымі песнямі. Увогуле, шмат іх пераспявала.


Голас у Ірыны Зыгмундаўны моцны, прыгожы, багаты адценнямі. Ёй па сілах разнастайны рэпертуар, нават рамансы.
Шкада, прайшоў час росквіту мастацкай самадзейнасці. Распаліся творчыя калектывы, выйшаў з моды ранейшы рэпертуар. Поспехі заводскіх аматараў сцэны засталіся толькі ва ўспамінах, а любімыя іх песні гучаць толькі на сямейных святах.
Калі Ірыне Зыгмундаўне Сівец прапанавалі выступіць з сольным нумарам на фестывалі творчасці ветэранаў працы, яна не на жарт расхвалявалася.


– Я – ветэран? Але ж яшчэ не на пенсіі...Зрэшты, трыццаць чатыры гады адпрацавала на адным прадпрыемстве – спачатку на мантажным участку, потым – на складзе, апошнія восем – на прахадной. Нават у самыя складаныя пасляперабудовачныя часы не думала звальняцца. Тут, на заводзе, мой другі дом – як яго пакінеш? І як адмовішся абараняць яго гонар на фестывалі? Але ж я так даўно не выходзіла на сцэну... Ды і мой акампаніятар Валодзя Кляпцоў колькі часу не браў у рукі баян... А часу на рэпетыцыі мала. Словам, хвалявалася я моцна, напэўна, гледачы заўважылі.


Гэта наўрад. Ірына Зыгмундаўна выдатна, з пачуццём выканала свой “каронны” нумар – песню “Серая лошадка” :


«Куда ж ты, маленький?
Мир полон бед!
Ах, мама-маменька,
я уж не маленький,
Ах, мама-маменька,
мне много лет».


Зала пляскала ў далоні ў такт і нават падпявала. І з неахвотай адпусціла атрыстку са сцэны – выклікі на “біс” не прадугледжваліся.
Вось так і крочыць неразлучна з песняй па жыцці мая субяседніца. Бо душа ў яе – песенная.


-------------------------
Таіса Сямёнава.
Фота Івана Петрыка.