Заходняя Украіна. Пілі, елі, знаёміліся... Смачна!!!

15:00 / 07.04.2013
За маю шматгадовую журналісцкую працу паездка ў Заходнюю Украіну была першым вопытам удзелу ў афіцыйным прэс-туры, ды яшчэ ў міжнародным. Не буду крывіць душой: спадабалася! А чаму б і не: гаспадары абыходзяцца, як з дарагімі гасцямі, стараюцца паказаць усё самае лепшае, падрабязна адказваюць на любыя пытанні, важныя персоны адкладваюць самыя неадкладныя справы дзеля сустрэчы з намі… Нехта, магчыма, скажа, што пры гэтым яны паказваюць толькі тое, што хочуць паказаць, а пры самастойнай паездцы бачыш жыццё “знутры”. І ў гэтым таксама ёсць частка праўды – але ж многае з таго, з чым знаёмілі нас, журналістаў, у якасці звычайных турыстаў мы не ўбачылі б дакладна. Так што за новыя веды і вопыт я таксама вельмі ўдзячна арганізатарам гэтага прэс-тура.

Ну скажыце, ці змог бы звычайны турыст задаць свае пытанні губернатару? А кіраўнік адміністрацыі Львоўскай вобласці Міхаіл Дзмітрыевіч Касцюк дзеля прэс-канферэнцыі з украінскімі і беларускімі журналістамі знайшоў “фортачку” ў сваім шчыльным рабочым графіку.
Размова падчас прэс-канферэнцыі тычылася многіх пытанняў і аспектаў дзейнасці вобласці. Беларусаў, канешне ж, найбольш цікавілі пытанні ўзаемадзеяння нашых краін. Губернатар шчыра прызнаўся: пакуль што падобных дзяржаўных праграм няма, хоць ва Украіны і Беларусі, асабліва іх заходніх абласцей, шмат агульнага – у гісторыі, культуры. Пакуль што міждзяржаўныя кантакты развіваюцца, калі так можна сказаць, на прыватным узроўні стасункаў паміж людзьмі і асобнымі прадпрыемствамі.
Хоць, па словах губернатара, ён упэўнены, што ўкраінцам у беларусаў ёсць чаму павучыцца. Міхаіл Дзмітрыевіч узгадаў усё тыя ж беларускія дарогі, аб якіх украінцы могуць толькі марыць: тут яны хутчэй нагадваюць “накірункі руху”. Падабаецца львоўскаму губернатару, як і ўсім замежным гасцям – мы да гэтага даўно прывыклі і ўспрымаем як належнае – і парадак у беларускіх гарадах, вёсках і нават у лясах – ва Украіне яны, асабліва прыдарожная частка, з-за таго, што адны смецяць, а другія не прыбіраюць, ператвораны ў смеццезвалкі.
Адна з праблем, якія найбольш хвалююць кіраўніка вобласці, па словах Міхаіла Дзмітрыевіча, – гэта стан вёскі. Няўдалыя, па ацэнцы губернатара, рэформы прывялі да таго, што сельская гаспадарка як галіна эканомікі ў вобласці перастала існаваць, палі зарастаюць, а вяскоўцы не маюць працы. Мужчыны выязджаюць у пошуках заробкаў у гарады ці нават за мяжу, у вёсках застаюцца старыя, ды жанчыны з дзецьмі – і самабытныя карпацкія вёскі са сваім шматвяковым укладам знікаюць, нівеліруюцца.
Акрамя гутаркі з губернатарам, падчас знаходжання на Заходняй Украіне мы маглі ў пэўнай ступені ацаніць стан эканомікі вобласці, пазнаёміўшыся з дзейнасцю некаторых прадпрыемстваў – як новых, так і тых, што маюць даўнюю гісторыю.
Да першых, узнікшых адносна нядаўна, можна аднесці сучасны завод па разліве мінеральнай вады ў Моршыне, на якім працуе 300 чалавек – для невялікага гарадка, дзе адсутнічае ўсялякая прамысловасць, акрамя курортнага бізнесу, гэта – даволі значнае прадпрыемства. І цалкам паспяховае, калі меркаваць хоць бы па зарплаце: у кваліфікаваных работнікаў яна складае каля 3000 грыўнаў у месяц, па украінскіх мерках – вельмі нават прыстойна. Аб папулярнасці моршынскай вады сведчылі, апроч іншага, пытанні нашых украінскіх калег, якія наракалі, што яе ў апошні час, нягледзячы на немалы кошт, ва ўкраінскіх гарадах купіць цяжка – хоць на заводзе сцвярджалі, што вытворчасць яны не зніжалі, і ўся прадукцыя ідзе ў асноўным на ўкраінскі рынак, 50 працэнтаў выпускаемых аб’ёмаў – непасрэдна ў Кіеў.
Гэты завод, як і курорт, базіруецца на галоўным здабытку тутэйшых мясцін, падараваных ім самой прыродай – цудоўнай моршынскай вадзе. Прычым калі на курорце лечаць хваробы мінеральнай вадой, то на заводзе разліваюць дарунак матухны зямлі ў пэт-бутэлькі. Гэта значыць, што цудоўнай якасці сыравіна дастаецца вытворцам абсалютна дарма. Нават здабываць яе не трэба: вада сама выцякае з зямлі. Задача прадпрыемства – толькі сабраць чысцюткую ваду, “даставіць” да месца разліву, ачысціць ад прыродных прымесей – на заводзе стаяць самыя сучасныя нямецкія пясчаныя фільтры, якія здольны аддзяліць пабочныя фракцыі велічынёй 0,2 мікрона – і разліць у бутэлькі, якія з невялікіх колбачак аб’ёмам крыху больш за 50 мілілітраў “выдуваюцца” на спецыяльным абсталяванні да патрэбнага памеру тут жа. Завод адносна нядаўна, у 2004 годзе, увайшоў ва ўсеўкраінскі холдынг мінеральных вод, набыў сучасную аўтаматызаваную лінію разліву, пабудаваў новыя цэхі – і зараз гэта сучаснае і амаль поўнасцю аўтаматызаванае прадпрыемства. Журналісты з цікаўнасцю назіралі, як на канвееры нястройны спачатку натоўп пустых бутэлек выстройваецца, як салдаты на пляцы, у шарэнгу ў чаканні сваёй порцыі вады, як потым яны запаўняюцца, закаркоўваюцца, як на іх наклейваецца этыкетка, затым яны ўпакоўваюцца па 12 бутэлек поліэтыленавай плёнкай, грузяцца на паддоны… І ўсё гэта – без непасрэднага ўдзелу чалавека: аператар сочыць за працэсам за маніторам камп’ютара і ў любы момант гатовы ўнесці свае карэктывы.
Праўда, моршынскія жыхары могуць піць гэтую ваду, блізкую па сваім складзе да дыстыляванай, з абсалютна правільнымі крысталамі, якія, па сведчанні вучоных, вада звычайна набывае толькі падчас свята Крашчэння, штодня і без усялякага ўрону для свайго кашалька. Я ж кажу: Бог некалі пацалаваў гэтыя мясціны, надзяліўшы іх неацэннай каштоўнасцю. Некаторыя нават спрабуюць зарабляць на гэтай вадзе – і нават без усякай нямецкай лініі разліву. Справа ў тым, што такая ж вада па спецыяльным вадаводзе падведзена да курортнага бювета – гэта так званая “крыніца №4”, з якой каштоўная вада цячэ, як з водаправода. Каля той крыніцы заўсёды мнагалюдна. І адпачываючыя, якія прыходзяць сюды са сваёй літровай бутэлечкай, тут – “белыя вароны”. Звычайна ля кранаў тоўпіцца натоўп з вялізнымі звязкамі 10-літровых ёмістасцей, з-за якіх нават гаспадароў не відаць – рухаецца па сцежцы гэтакі пластмасавы шар… А на дарозе стаіць, чакае яго ўмяшчальны бус. Мы на першым часе не маглі зразумець: навошта людзям столькі вады? Аказваецца, усё проста: яе “вывозяць на экспарт”.
Запасціся абсалютна чыстай і гаючай пітной вадой – даўно вядома, што для здароўя гэта адна з галоўных каштоўнасцей – спяшаюцца не толькі мясцовыя жыхары, за ёй прыязджаюць з Львова (85 кіламетраў!) і больш далёкіх мясцін. А самыя прадпрымальныя, як нам расказалі, вязуць гэтую ваду ў Польшчу і там прадаюць уладальнікам кавярняў: гэтая вада – ідэальная для кава-машын, бо не пакідае ніякага асадку і не патрабуе для ачысткі дарагіх фільтраў.
А вы кажаце: грошы з паветра… Не ведаю, як з паветра, а вось з вады іх ужо навучыліся даставаць, і лёгка. А калі навакольнае асяроддзе мы будзем забруджваць гэтак жа імкліва, то хутка і чыстае паветра з тых жа Карпат будзем купляць у аптэках ці магазінах, запакаванае ў пластыкавыя пакеты. А прадпрымальныя дзялкі будуць зарабляць на гэтым. Але гэта так, да слова…
Другім прадпрыемствам, з якім пазнаёмілі журналістаў, была Львоўская кандытарская фабрыка “Світач” – гэтае прадпрыемства, у адрозненне ад папярэдняга, са шматгадовай, больш чым векавой гісторыяй. Львоў, акрамя таго, што лічыць сябе сталіцай піва, кавы і турызму, прынамсі, украінскай, прымервае на сябе сталічны статус яшчэ і ў адносінах шакаладу.
І небеспадстаўна. Першая шакаладная фабрыка з’явілася тут у 1882 годзе. А ў сённяшніх памяшканнях кандытарская фабрыка “Світач” – дарэчы, размешчана яна ў самым цэнтры старажытнага горада, што, па словах адміністрацыі, дадае ў яе дзейнасці пэўныя нязручнасці – дзейнічае з 1924 года. Знатакі сведчаць, што ў свой час “Світач” быў адным з найбольш знакамітых і папулярных кандытарскіх брэндаў у Савецкім Саюзе.
А другое нараджэнне фабрыка атрымала, калі ўвайшла ў сусветную карпарацыю “Nestle”.
(Дарэчы, я адзначыла для сябе, што прадпрыемствы, з якімі нас знаёмілі падчас знаходжання ў Заходняй Украіне, пры ўсёй сваёй гістарычнасці і адметнасці, тым не менш усе ўваходзяць у склад нейкіх сусветна вядомых карпарацый – гэты тычыцца і “Львоўскага піва”, і кандытарскай фабрыкі, і нават Моршынскага завода па разліве мінеральнай вады. Глабалізацыя ў дзеянні, і выжыць можна, толькі аб’яднаўшыся з мацнейшымі? Убачанае міжволі наводзіць на такія высновы).
Зараз кандытарскую фабрыку “Світач” узначальвае дырэктар, які прыехаў… Адкуль, вы думаеце? Нізавошта не здагадаецеся – з Аўстраліі! Усмешлівы, адкрыты, падцягнуты – гэтакі жывы ўзор заходняй дэмакратыі. Размаўляе з падначаленымі – як, зрэшты, і з журналістамі – з дапамогай персанальнага перакладчыка.
Галоўнай задачай дзейнасці прадпрыемства Джонатан абвясціў… Не, не прыбытак, не пашырэнне продажу, не асваенне новых відаў прадукцыі, як мы спрабавалі здагадацца, і аб чым можна было б лагічна меркаваць, а… бяспеку! Бяспеку для тых, хто працуе на фабрыцы, і тых, хто спажывае яе прадукцыю. Як захоўваецца бяспека ў адносінах тэхналогіі і аховы працы, мы маглі меркаваць, так бы мовіць, тэарэтычна, паверыўшы на слова нашым “экскурсаводам”. Але ўсе адчулі яе патрабаванні і на сабе. Перш чым дапусціць нас у “святая святых” прадпрыемства – яе вытворчыя цэхі, нам не толькі прапанавалі апрануць спецыяльныя халаты, зашпіліўшы іх на ўсё гузікі, бахілы і шапачкі, пад якія трэба было схаваць нашы прычоскі да апошняй валасінкі. Жанчыны да таго ж знялі ўсе свае ўпрыгожанні, гадзіннікі і ўсё астатняе, што нават тэарэтычна магло б расшпіліцца, зляцець і г.д. і патрапіць у кандытарскую масу. Пры пераходзе з аднаго цэха ў другі абавязкова трэба было не толькі памыць, але і прадэзынфіцыраваць рукі – гэта пры тым, што нічога на канвееры кранаць нам было нельга.
Хоць вытворчасці новых відаў прадукцыі тут таксама надаюць вялікую ўвагу: разрэкламаваны тэлебачаннем батончык “Lіon” (сапраўды смачны – каштавалі, ведаем) выпускаюць менавіта на гэтай фабрыцы. І новыя сучасныя наборы цукерак, шакаладу і г.д. Але і захаванню традыцый – таксама: фабрыка займае лідзіруючае становішча на рынку па вытворчасці вафляў, і мой любімы “Артэк” – адсюль “родам”. А зараз тут адрадзілі выпуск штучных цукерак “Гулівер” з тым, яшчэ “савецкім” непераўзыдзеным смакам.
А ўвогуле выпускаюць там усягоусяго і многа-многа. Я ўпершыню ў жыцці на свае вочы ўбачыла гэты працэс: як пякуцца на вялізных вафельніцах тонкія, смачныя і крохкія вафельныя лісты, як варыцца ў чанах памадка, як затым вафлі перамазваюцца, фармуюцца, абразаюцца, упакоўваюцца…. Як фармуюцца і загортваюцца ў фанцікі цукеркі. Як “упакоўшчыца №…” укладвае ў вялізны пачак тры-чатыры цукеркі-“асарцінкі” “свайго” гатунку і канфігурацыі – і канвеер перасоўвае пачак да наступнай упакоўшчыцы. Як варыцца, разліваецца, фармуецца, ахалоджваецца, загортваецца шакалад… Цікава і ўражваюча!
Спяшаюся задаволіць цікаўнасць чытачоў: і паспытаць таксама была магчымасць, прычым неабмежаваная. І не толькі падчас дэгустацыі, але і ў цэху, што называецца, “з пылу, з жару”, дзе ўсё, зразумела ж, самае смачнае – толькі што спечаныя вафельныя лісты, “бракаваныя”, няроўна абрэзаныя ці пакрышаныя вафлі, толькі што загорнутыя ў фанцікі на канвееры ці падрыхтаваныя да раскладкі па пачках цукеркі… Начаставаліся столькі, што, здавалася, бліжэйшыя паўгода на слодыч глядзець не змагу. Нічога, прайшло…
Аптовы рынак “Шувар” энергічныя львоўскія прадпрымальнікі пабудавалі на колішнім балоце – адсюль і нязвыклая назва (“шувар” у перакладзе з украінскай – балотны аер). Напачатку гэта была проста вялікая заасфальтаваная пляцоўка для гандлю з аўтамабіляў – кшталту нашых “Ждановічаў”. Якая за дваццаць гадоў пераўтварылася ў адзін з буйнейшых ва Украіне аптовых рынкаў, дзе, акрамя адкрытых пляцовак, ёсць некалькі аснашчаных усім неабходным гандлёвым абсталяваннем крытых комплексаў, у якіх маюць гандлёвыя месцы паўтары тысячы арандатараў і працуюць 5 тысяч чалавек, якая фарміруе рынак сельскагаспадарчай прадукцыі ў 18 абласцях краіны. І дзе, як сцвярджалі нашы “экскурсаводы”, самыя нізкія цэны, у тым ліку і рознічныя, на ўсе прадукты харчавання (праверыць ісціннасць апошняга сцвярджэння нават падкія да шопінгу жанчыны-журналісткі не мелі ні часу, ні жадання, ні сіл – аптовы рынак быў апошнім пунктам нашай львоўскай вандроўкі).
Калі ж паспрабаваць ацаніць адным словам усё ўбачанае, пачутае і зведанае падчас прэс-тура ў Заходнюю Украіну, то можна сказаць адно: смачна! Ва ўсіх сэнсах. А яшчэ – цікава і пазнавальна.
Для мяне індыкатарам цікавасці, карыснасці, прыемнасці кожнай чарговай вандроўкі з’яўляецца жаданне – ці нежаданне – пабываць у тых жа мясцінах зноў. На Галіччыну мне захацелася прыехаць зноў яшчэ да таго, як села на цягнік “Чарнаўцы – Мінск”… Неспавяданыя шляхі гасподнія – можа, і атрымаецца?..


-----------------------------------------------------------------------
Аматарка блізкіх і далёкіх вандровак Ніна РЫБІК.