Районная культура: проблемы и перспективы

13:30 / 05.04.2013
3
З будаўніцтвам атамнай электрастанцыі Астравец змяніўся не толькі таму, што набыў статус горада, але і таму, што яго інфраструктура імкліва развіваецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі жыхароў і гасцей раёна. Арганізацыя вольнага часу, забаўляльныя, асветніцкія мерапрыемствы займаюць не апошняе месца ў жыцці кожнага з нас.
Пра перспектывы і праблемы культурнага развіцця нашага раёна мы пагутарылі з начальнікам аддзела культуры Астравецкага райвыканкама Сяргеем Лявонцьевічам Сяўко.

– Сяргей Лявонцьевіч, якія праблемы сёння найбольш адчувальныя ў дзейнасці ўстаноў культуры?


– Праблемы ўзнікаюць заўсёды і ва ўсіх сферах жыцця, не толькі ў культуры. Па меры ўзнікнення намагаемся іх вырашаць.
На мой погляд, асноўнай нашай праблемай з’яўляецца працэс заахвочвання людзей да “культурнага” праводжання часу – назавём гэта так. Заахвочванне дзеліцца на некалькі этапаў. Кожны з іх суправаджаецца прэтэнзіямі з боку людзей – маўляў, “калі б пазвалі” – я абавязкова прыняў бы ўдзел”, затым надыходзіць чарга нараканняў кшталту – “позна паклікалі”, і на змену прыходзіць – “я прыняў бы ўдзел, калі б у мяне не было сваіх спраў”. Многія адразу праяўляюць
актыўнасць, а калі даходзіць да справы, – тады нікому нічога не патрэбна. Атрымліваецца замкнёнае кола, калі патэнцыяльны кліент не ідзе на мерапрыемствы, якія арганізоўвае РДК, а выказвае абвінавачанні і скаргі ў наш бок.
Асноўная задача аддзела культуры – дарэчы, гэта запісана і ў палажэнні аб яго дзейнасці, – гэта не “выцягваць за вушы” культурнае жыццё, а дапамагаць культурнаму развіццю насельніцтва.
Тым не менш кожны тыдзень у нас адбываюцца мерапрыемствы: і канцэрты, і выставы… Каб не быць галаслоўным, магу прывесці статыстыку: у 2011 годзе мы зарабілі каля 260 мільёнаў рублёў, за 2012 год – улічваючы ўзрастанне кошту на платныя паслугі на 20% – 412 мільёнаў рублёў. І вы цудоўна разумееце, што грошы не прыходзяць самі: за кожным арганізаваным канцэртам, выступленнем, кожным асобным нумарам стаіць чалавек і яго штодзённая праца.


– Скажыце, калі ласка, якія планы на гэты год? Ці плануецца адчыніць у Астраўцы ці на раёне выставачную залу?


– Выставачную залу пакуль не плануем адкрываць, таму што ў мінулым годзе была адкрыта зала музычнай школы.
Сёлета ўпершыню запланавана набыццё музычных інструментаў на суму 200 мільёнаў рублёў для музычных школ раёна. На набыццё спецыяльнай апаратуры і іншых тэхнічных сродкаў – выдзяляецца 1 мільярд рублёў.
Першапачатковая ўвага накіравана на мадэрнізацыю сельскіх устаноў культуры. Вясковыя бібліятэкі таксама патрабуюць рамонту.
Вядома, што на Астравеччыне часта адбываюцца пленэры мастакоў і фотамастакоў. У гэтым годзе ўпершыню плануем правесці пленэр майстроў разьбы па дрэве. Мне здаецца, што вынікі пленэру задаволяць усіх цікаўных.


– Хацелася б больш падрабязна даведацца аб рамонце сельскіх Дамоў культуры, асабліва Альхоўскага і Гервяцкага СДК.


– У Гервятах ужо распачаты работы па аднаўленні не толькі сцэны, але і ўсёй залы. Вядуцца работы ў Вароне і ў Палушах.
Што тычыцца Альхоўскага Дома культуры, то ў гэтым годзе распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя. Спачатку будуць весціся работы па рэканструкцыі фасада і даху, а пасля пачнецца ўнутраная аддзелка памяшканняў.
Калі толькі надвор’е будзе дазваляць, пачнецца “абнаўленне” Кямелішкаўскага СДК.


– Сяргей Лявонцьевіч, чаму такія маштабныя праекты, як “Дзве зоркі”, “Зорны дождж”, якія былі вельмі папулярнымі і збіралі больш гледачоў, чым канцэрты сталічных артыстаў, заціхлі? Магчыма, народзіцца якісьці новы праект?


– Кожны год круціць адзін і той жа праект – нерэнтабельна. Напрыклад, некалькі гадоў запар мы запускалі праект “Зорны дождж” – у выніку надакучыла і ўдзельнікам, і гледачам. Але гэта не сведчыць пра тое, што мы не рэалізоўваем іншыя маштабныя праекты. У гэтым годзе плануем правесці конкурс “Міні-міс”, у мінулым правялі “Міс Астравец”, паэтычны слэм, праект “Горад”…
Кожны год у Рытані праходзяць маладзёжныя гульні, прымеркаваныя да 23 лютага, дзе кожны жадаючы можа паспаборнічаць у сілавых адзінаборствах, тэнісе і іншых відах спорту.
Маладзёжных праектаў, на мой погляд, таксама шмат. Варта ўзгадаць паэтычны слэм, які праходзіў на возеры Кайміна.  Адбыўся рэп-фестываль.
У мінулым годзе маладзёжны праект “Горад” карыстаўся папулярнасцю, і ў 2013 годзе мы плануем яго прадоўжыць. Спадзяваліся, што гэты праект трансфармуецца ў чэмпіянат. Кожнай арганізацыі раёна мы высылалі запрашэнні і асабіста прапаноўвалі прыняць удзел. Аднак праблема тая ж: у кожнага знаходзяцца ўласныя справы. Каманды часта мяняліся, у рэшце засталіся толькі дзве – каманда з Варнян і каманда ад “Астравецкай праўды”.


– Скажыце, калі ласка, а традыцыйныя аўтарскія вечары, якія таксама карысталіся вялікай папулярнасцю ў гледачоў – ці будуць мець свой працяг?


– Так, кожны год мы праводзім творчыя вечары. У гэтым годзе быў аўтарскі вечар народнага ансамбля народнай песні “Кемяліна” Кямелішкаўскага СДК. Дарэчы, на рэспубліканскім фестывалі харавога мастацтва “Пеўчае поле”, які праходзіць раз у два гады на Мядзельшчыне, “Кемяліна” стала другой сярод іншых калектываў рэспублікі.


– Сяргей Лявонцьевіч, а дзе захоўваюцца і дзе можна пабачыць карціны, падораныя раёну Мікалаем Карнілавым, Бірутай Куцкайтэ і іншымі мастакамі?


– У школе мастацтваў і ў Гервяцкім СДК. Некаторыя з палотнаў з’яўляюцца мастацкай каштоўнасцю і лічацца экспанатамі музея. Быў запрошаны мастацтвазнаўца, які і вырашыў, якія карціны ўяўляюць мастацкую каштоўнасць, а якія – не. Хачу адзначыць, што для нас усе карціны аднолькава каштоўныя.


– Скажыце, калі ласка, у якім выглядзе зараз існуе кінавідэапрадпрыемства?


– Цяпер гэта аддзел па кінаабслугоўванні раённага аддзела культуры. З 20 сакавіка 2013 года людзі, якія працавалі на кінавідэапрадпрыемстве, прынятыя на тыя ж пасады ў раённы Дом культуры. Па сутнасці яны будуць выконваць тую ж працу.
Увогуле, такое далучэнне апраўдала сябе, таму што нам не давядзецца штораз заключаць дагаворы на арэнду памяшкання. Таксама зможам праводзіць паўнавартасныя рэпетыцыі ў канавідэазале.
З цягам часу, магчыма, будзе пашыраны паказ кіно, і яно вернецца ў вёскі.


– Калі я вас правільна зразумела, то сельскія Дамы культуры абсталяваныя патрэбнай апаратурай?


– Набыццё апаратуры – ноўтбука і кінавідэапраектара – не выклікае цяжкасцей. Дзякуючы таму, што ў нас будзе адпаведная ліцэнзія, практычна ў кожным вялікім Доме культуры мы зможам паказваць кіно, як і раней. Гэта дапаможа пашырыць віды паслуг і іх аб’ём. Дзеля гэтага і адбылося далучэнне кінавідэапрадпрыемства да раённага Дома культуры.


– Скажыце, ці ідуць людзі ў мастацкую самадзейнасць?


– Ідуць, але вельмі неахвотна. Той, у каго творчая душа, прыходзіць да нас. Астатнія – не, нягледзячы на намаганні, якія мы прыкладваем.
Раней не было спажывецкіх адносін да жыцця, не на такім узроўні была развіта індустрыя мультымедыйных забаў. Кардынальна змяніўся ўклад жыцця, і да гэтага трэба адносіцца спакойна.


– Дзякуй, Сяргей Лявонцьевіч, за гутарку. Спадзяюся, што ў новым укладзе нашага жыцця абавязкова знойдзецца месца культурнаму пачатку!


---------------------------------------
Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ.