Островецкий хор ветеранов труда - самый профессиональный коллектив

08:15 / 03.04.2013
1
Са штогадовага абласнога фестывалю творчасці ветэранаў працы, які сёлета праходзіў у Карэлічах, народны ветэранскі хор раённага Дома культуры вярнуўся трыумфатарам. Калектыў не толькі пацвердзіў ганаровае званне народнага, але і быў адзначаны ва ўсіх намінацыях конкурсу.

У панядзелак, на рэпетыцыі, мне пашчасціла разам з харыстамі праслухаць запіс і перажыць хвалюючыя моманты фестывальнага канцэрта. Астраўчане пачалі сваё выступленне песняй “Беларусь – імя святое” кампазітара Яўгенія Алейніка. Твор пазбаўлены залішняй пафаснасці, але напоўнены пачуццём шчырай любові да роднага краю. Яго не часта пачуеш на канцэртах ці па радыё (хор увогуле аддае перавагу малавядомым, “незапетым” творам). І таму прафесіянальнае выкананне песні астраўчанамі не магло не прыцягнуць увагу кампетэнтнага журы. Усе галасавыя партыі гучалі вельмі зладжана. Асабліва ўражвала мужчынская група – тэнары і барытоны былі ва ўдары!
Не пакінула слухачоў абыякавымі і беларуская народная песня “Лавіў дзедка рыбку”. Памятаю, з якой неахвотай развучвалася яна летась на рэпетыцыях. Кіраўнік хору Данута Адольфаўна Папеня ўбачыла музычную шматколернасць твора, разгледзела яго камедыйны патэнцыял, прытым выдатна ведала здольнасць свайго калектыву стварыць маленькі спектакль. А вось харысты сумняваліся. Але ў рэшце рэшт змаглі стварыць сапраўдны песенны шэдэўр!
Дружнымі апладысментамі ўзнагародзілі гледачы вакальную групу і квартэт, а салістку Ганну Мікалаеўну Варэйка, якая пранікнёна выканала песню Эдуарда Ханка “Прекрасная дама”, проста аглушальнай авацыяй.
Фінальны нумар канцэртнай праграмы хору атрымаўся проста ашаламляльны: пад гукі песні “Пажаданне добрым людзям” судзейскай камандзе быў паднесены духмяны пачастунак – бліны з мёдам.
Слодыч поспеху з поўным правам падзялілі з хорам музыканты народнага аркестра народных інструментаў “Скарбніца”. Прафесійнае музычнае суправаджэнне толькі падкрэсліла высокае выканаўчае майстэрства хору.
Па традыцыі фестывалю найбольш моцныя ў прафесійным плане самадзейныя ветэранскія калектывы выступаюць у завяршальнай яго частцы. Таму нашаму хору было вызначана выйсці на сцэну перадапошнімі, што, вядома, дадало артыстам хваляванняў. Але “вердыкт” журы – “Самы прафесіянальны калектыў” – адразу вярнуў радасны, прыўзняты настрой. І нават прызнаныя лідары мінулых гадоў – ветэранскія хары з Бярозаўкі і Ліды шчыра, без ценю зайздрасці павіншавалі астраўчан: “Малайцы. Вы – лепшыя!”.
Дадому нашы харысты вярнуліся з калектыўнай узнагародай – Дыпломам за высокапрафесійнае выканаўчае майстэрства і шматлікімі падарункамі – салістцы Ганне Мікалаеўне Варэйка, квартэту, вакальнай групе, аркестру і асабіста Дануце Адольфаўне Папеня як таленавітаму хормайстру і лепшаму мастацкаму кіраўніку творчага калектыву.
Прымайце віншаванні, нашы маладыя душой ветэраны!
А яшчэ многа слоў захаплення і ўдзячнасці выпала на долю майстроў нашага Дома рамёстваў, якія падрыхтавалі падарункі ўдзельнікам фестывалю – прыгожыя карціны ў стылі батык, якія былі ўручаны ўсім выступіўшым калектывам.


--------------------------
Таіса СЯМЁНАВА.
Фота Анастасіі КЛІМАШЭЎСКАЙ.