Островец посетила агитационно-пропагандистская группа Белорусского государственного университета физической культуры

10:00 / 01.04.2013
У той дзень у актавай зале гімназіі, а крыху пазней – і ў Гудагайскай сярэдняй школе – амаль не было свабодных месцаў. Тут сабраліся пераможцы розных першынстваў і спартакіяд, удзельнікі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў і проста школьнікі, якія любяць спорт. У гэты дзень упершыню ў Астравец завітала агітацыйна-прапагандысцкая група Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.

Пакуль госці са сталіцы пераапраналіся і рыхтаваліся, юныя аматары спорту з гімназіі і СШ №1 цярпліва чакалі ў зале. І гэтае чаканне было апраўдана. Спачатку агітацыйная група вырашыла пазнаёміць прысутных непасрэдна з ніверсітэтам.
Але, каб сухі расповед не стаміў рабят, было арганізавана віртуальнае падарожжа па навучальнай установе з дапамогай цікавага і пазнавальнага відэафільма. Вучні даведаліся, што зараз у БДУФК паспяхова функцыянуюць два спартыўна-педагагічныя факультэты: факультэт аздараўленчай фізічнай культуры і турызму, факультэт давузаўскай падрыхтоўкі, Інстытут турызму, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Кожны з факультэтаў утрымлівае некалькі кафедраў па самых розных відах спорту.
Зараз навучальную ўстанову наведваюць больш за 6 тысяч студэнтаў, пры гэтым тут вучацца рабяты не толькі з Беларусі, але і з замежных дзяржаў. У аўдыторыях універсітэта пачыналі свой шлях у вялікі спорт многія вядомыя беларускія спартсмены і трэнеры. Студэнты і выпускнікі БДУФК годна прадстаўляюць сваю краіну на розных спаборніцтвах. У іх гонар неаднаразова гучаў гімн Беларусі і ўздымаўся Дзяржаўны сцяг. Да новых імкненняў і перамог студэнтаў натхняе і штурхае дэвіз універсітэта: “Заўсёды ў руху!”
Аднак тэарэтычнае знаёмства, хай і прадстаўленае ў цікавай форме, усё ж саступае месца практыцы. І гэта госці ўлічылі. Пасля відэафільма аб універсітэце яны падрыхтавалі для юных астраўчан канцэрт. Ужо падчас першага нумара ўсе ўпэўніліся, што, аказваецца, студэнты БДУФК могуць не толькі на спаборніцтвах выступаць і фізічную культуру вывучаць, але і прыгожа спяваць – і пры гэтым нават на французскай мове, і артыстычна трымацца на сцэне.
Але шчыра кажучы, уразілі не толькі музычныя нумары. Калі на сцэну выйшлі хлопец з дзяўчынай і пачалі дэманстраваць акрабатычныя нумары: круціць колы не толькі на зямлі, але і ў паветры, садзіцца з усмешкай на шпагат, і выконваць іншыя прыгожыя і крыху небяспечныя трукі – у зале наступіла цішыня. Іх выступленне завяршылі бурныя і шчырыя апладысменты.
І гэта быў толькі пачатак! Бо кожны нумар студэнтаў БДУФК здзіўляў і выклікаў захапленне. Прыгожае і неверагодна сінхроннае выступленне дзяўчат-гімнастак... Вельмі лірычны і рамантычны эцюд, дзе праз рухі, гімнастычныя прыёмы, хлопец і дзяўчына паспрабавалі перадаць усю буру эмоцый і перажыванняў закаханай пары... Пазітыўнае, лёгкае і хуткае выступленне дзяўчыны – майстра спорту па гімнастыцы... Артыстычна-гумарыстычны нумар двух хлопцаў-асілкаў: чаго толькі яны не вытваралі на сцэне – падкідвалі адзін аднаго, перакульваліся, падымалі адзін другога літаральна да столі – і пры гэтым гарэзліва ўсміхаліся... Запальваючы, хуткі, прыгожы і энергічны танец дзвюх дзяўчат пад музыку ў стылі хіп-хопа... І іншыя нумары, якія не пакінулі нікога раўнадушным. І лепшае пацвярджэнне гэтага – падчас выступлення студэнтаў-спартсменаў, літаральна палова гледачоў паўскаквала з месцаў, і затаіўшы дыханне, назірала за тым, што адбываецца на сцэне, а пасля нумара праводзілі ўдзельнікаў шчырымі апладысментамі і крыкамі “брава”.
Завяршылася ж мерапрыемства дружнай фінальнай песняй і шчырым запрашэннем-заклікам паступаць у БДУФК. І, думаецца, ён знайшоў сярод прысутных сваіх адрасатаў, якія праз нейкі час таксама стануць студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.
Пасля гэтага агітацыйна-прапагандысцкая група адправілася са сваёй праграмай выступаць перад вучнямі Гудагайскай сярэдняй школы.
Для гасцей са сталіцы таксама была праведзена пазнавальная экскурсія па Астраўцы з наведваннем Інфармацыйнага цэнтра АЭС. Такім чынам, дадому яны адправіліся з новымі ведамі і ўражаннямі.


-----------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.