Заходняя Украіна. Курорт Моршын

16:00 / 30.03.2013


Як я ўжо казала, “родным домам” нам на працягу тыдня знаходжання ў Заходняй Украіне стаў курорт Моршын. Уласна кажучы, гэты міжнацыянальны прэс-тур – у Моршыне да беларускіх журналістаў далучылася ў два разы большая група нашых украінскіх калег з Кіева, Адэсы, Крывога Рога, Херсона, Бердзянска, Днепрапятроўска, Івана-Франкоўска, Сумаў, Харкава і іншых гарадоў – і быў арганізаваны адміністрацыяй санаторна-курортнага комплексу “Моршын” пры падтрымцы Украінскага саюза журналістаў з мэтай папулярызацыі курорта.

Хоць яшчэ не так даўно, у часы Савецкага Саюза, журналісцкі тур з падобнай мэтай цяжка было б сабе ўявіць. Па той простай прычыне, што па тым часе, як нам расказвалі – а нехта з нашых чытачоў, магчыма, і сам гэта памятае – патрапіць у санаторый Моршын было амаль гэтак жа складана, як купіць фінскую сантэхніку ці італьянскую мэблю. І ў менеджараў у той час – хоць слоў такіх тады яшчэ не ведалі – задача была прама супрацьлеглая сённяшняй: адбіцца ад жадаючых адпачыць на тутэйшых курортах, бо прыняць усіх жадаючых не было ніякай магчымасці.
Чым жа так вабіць да сябе амаль ужо стагоддзе гэты невялікі гарадок на захадзе Украіны, чаму ён увесь аброс санаторыямі? Усё вельмі проста – і адначасова незразумела, як многія дзівосы прыроды. Пэўна, Бог некалі пацалаваў гэтую зямлю – і менавіта тут – і нідзе больш! – у падземных водных гарызонтах на глыбіні прыкладна 50-60 метраў знойдзена ўнікальная гаючая вада, якая ўтрымлівае ў высокай канцэнтрацыі неабходныя арганізму солі і мікраэлементы. Яшчэ стагоддзе назад заўважылі, што калі гэты прыродны дарунак – рапу, а кажучы больш зразумелай нашым чытачам мовай – расол, разбавіць у пэўнай прапорцыі і прымаць з прыпісанай урачом рэгулярнасцю, то можна вылечыць многія захворванні страўніка, пячонкі, жоўцевага пухіра, падстраўнікавай залозы, а ў апошнія гады з яе дапамогай навучыліся лячыць яшчэ і цукровы дыябет. Больш таго: з розных крыніц тут здабываюць розную, з рознай канцэнтрацыяй розных солей рапу, а таксама чысцюткую, практычна дыстыляваную ваду, і спалучэнне лячэння імі дае той цудоўны эфект, за якім сюды ехалі і едуць зараз тысячы людзей. А ўрачы і вучоныя працягваюць даследаванне ўплыву гэтай вады на чалавечы арганізм: па ўласцівасцях моршынскай вады, як нам расказвалі, абаронена тры доктарскія і сем кандыдацкіх дысертацый.
Колькі санаторыяў у Моршыне было пабудавана з таго часу, як адкрылі гаючыя ўласцівасці тамтэйшай вады, я сказаць не бяруся. Да нядаўняга часу кожны з іх быў самастойнай юрыдычнай і гаспадарчай адзінкай і ўсе праблемы вырашаў у меру ўласных сіл і магчымасцей. У 2008 годзе пяць з іх, вырашыўшы, што разам развівацца лягчэй, аб’ядналіся ў санаторна-курортны комплекс “Моршынкурорт” – інакш, як гаварылі нам прадстаўнікі адміністрацыі, выжыць у сённяшніх умовах жорсткага рынку было б практычна немагчыма.
Сёння ў Моршын едуць не толькі для таго, каб “папіць вадзічкі” – хоць цудадзейная – без перабольшвання! – моршынская вада была і застаецца асновай лячэння на гэтым курорце. І бювет, які тройчы на дзень становіцца цэнтрам прыцягнення ўсіх адпачываючых, – далёка не адзінае месца гэтага прыцягнення. Акрамя пяці спальных карпусоў да паслуг кліентаў – цудоўны лячэбна-дыягнастычны комплекс, аснашчаны самым сучасным дыягнастычным абсталяваннем, дзе працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты (знаходзячыся там, я неаднойчы ўспомніла свайго спадарожніка, балбатлівага “ілжэ-доктара”, які сцвярджаў, што медыцына ва Украіне проста ніякая, а ў заходняй яе частцы яна ўвогуле адсутнічае – цікава, ці даводзілася яму бываць тут ці хоць бы чуць пра Моршынскі курорт?). Мноства лячэбных працэдур можна атрымаць у водалячэбніцы.
Праўда, дзеля справядлівасці мушу папярэдзіць тых, хто ўжо кінуўся шукаць у інтэрнэце кантактныя тэлефоны Моршынскіх курортаў: большаць з іх – платныя. У кошт пуцёўкі, якая складае ад 250 да 420 грыўнаў за дзень, – кошт вагаецца ад умоў пражывання (нагадваю: адна грыўна – прыкладна адна тысяча беларускіх рублёў) – уваходзіць пражыванне ў даволі зручных і ўтульных нумарах – у мяне, ва ўсякім выпадку, быў менавіта такі – харчаванне, тры віды абследаванняў – аналізы, абследаванне страўнікава-кішэчнага тракту, вада ў бювеце і некалькі працэдур. Спадзявацца, што за гэтыя грошы вы атрымаеце поўны курс лячэння было б па меншай меры саманадзейна. Урачы папярэджваюць, што для атрымання жаданага эфекту лячыцца на курорце пажадана мінімум 18 дзён. Так што лічыце…





– Мы не маем нічога супраць, калі людзі едуць лячыцца “на воды” ў Дубай, Бадэн-Бадэн, у Турцыю ці яшчэ куды, – неаднаразова паўтараў наш добры анёл-ахоўнік, намеснік галоўнага ўрача, шчыры патрыёт Моршына і свайго санаторыя Мікола Рыгоравіч. – Гэта – асабістая справа кожнага. Але ў нас можна атрымаць унікальнае – больш нідзе такога вы не знойдзеце! – лячэнне вадой, якую дае сама зямля. І, заўважце, нашмат дзешавей, чым у іншых месцах. Лячэнне ў нас прыкладна разы ў два дзешавей, чым у санаторыях Расіі, і разы ў тры-чатыры, чым у Еўропе. Наш курорт разлічаны не на багатых людзей, а на прадстаўнікоў сярэдняга класа, якіх у нашым, ды і ў вашым грамадстве – большасць. І мы робім усё магчымае, каб іх адпачынак і лячэнне былі максімальна камфортнымі.


Пра гэта сведчаць і лічбы. Як нам расказалі, толькі ў мінулым годзе на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы санаторна-курортнага комплексу “Моршын” было зрасходавана 11 мільёнаў грыўнаў (курс я вам нагадвала), з іх больш мільёна – на набыццё новага медыцынскага абсталявання.
Такія намаганні даюць свой плён: адпачываць у Моршын едуць і ўкраінцы, і жыхары замежжа – пераважна бліжняга, накшталт браткоў-беларусаў ці расіян, хоць даводзілася сустракаць і жыхароў “вельмі Сярэдняй Азіі”. Пра гэта ведчыць не толькі мова ўсіх некалі братніх народаў, якую можна пачуць на сцежках-дарожках курортнага пасёлка, але і лічбы, якія нам прывялі падчас прэс-канферэнцыі. У 2011 годзе ў Моршыне адпачыла 2,5 тысячы замежных грамадзян, у 2012 годзе – на тысячу больш. Хоць, зрэшты, пры штодзённай загрузцы санаторна-курортнага комплексу ў 1800 чалавек – гэта без уліку курсовак, калі людзі купляюць толькі лячэнне, а харчуюцца самастойна і жывуць у прыватным сектары – так дзешавей, гэта, магчыма, не так і шмат.
Але ж не вадой адзінай, і толькі лячэннем... Што яшчэ цікавага для цела і душы могуць знайсці адпачываючыя ў Моршыне? Чым жывуць тут мясцовыя жыхары? Гэтыя пытанні таксама цікавілі журналістаў.
Моршын – гарадок невялікі, 6 тысяч жыхароў. І практычна ўсе яны жывуць за кошт шматлікіх санаторыяў. Як мы сёння сказалі б, моршынскі курорт – горадаўтвараючае прадпрыемства.
І не толькі “горада-”, але і навакольных вёсак. Буйнатаварная сельская гаспадарка як галіна эканомікі, здольная прыносіць прыбытак, тут знікла адначасова з савецкай уладай і калгасамі: падзеленыя на паі лапікі зямлі з-за адсутнасці тэхнікі і сілы ў вяскоўцаў у пераважнай большасці зарастаюць быльнягом. З прадпрыемстваў – толькі невялікі, з высокай ступенню аўтаматызацыі (там устаноўлена сучасная нямецкая лінія) завод па разліву той самай чысцюткай, амаль дыстыляванай вады, што дае тутэйшая зямля – яе час ад часу можна набыць і ў беларускіх крамах пад брэндам “Моршынская”: рэкамендую!
Так што знайсці мясцовым жыхарам працу – а значыць, і сродкі для існавання – можна толькі побач з адпачываючымі, якія, як вядома, едуць у санаторый не з пустымі кішэнямі. Нехта працуе тут спецыялістамі ці ў якасці абслугоўваючага персаналу – яго патрабуецца нямала. Астатнія – гандлююць: такое ўражанне, што гэтым займаюцца ўсе! Прычым гандлююць усім і ўсюды! Такой колькасці крам, прызнаюся, я не бачыла нідзе і ніколі. Яны адчынены нават у лячэбных і дыягнастычных карпусах, не кажучы ўжо пра сталовую санаторыя. А цэнтральная вуліца запоўнена імі поўнасцю. Адна думка не давала мне спакою: хто ж усё гэта купляе, калі прадаўцоў ці не больш, чым адпачываючых, а ўжо тавару ў іх дык дакладна больш?!!






Але крамы – гэта ў “салідных” гандляроў. “Драбнейшыя” стаяць з палаткамі ці латкамі на вуліцы. Ці проста ўздоўж пешаходных дарожак, разаслаўшы на зямлі свой “прылавак”.
Прадаюць усё – але пераважна з нацыянальным каларытам і з натуральнага матэрыялу, што асабліва прываблівае. Карпацкія сувеніры – дарэчы, вельмі арыгінальныя і разнастайныя. Асабліва мне спадабаліся вырабы з дрэва – лыжкі, дошчачкі, скарбонкі, кухоннае начынне – пералічваць можна бясконца – якія захоўваюць водар карпацкага лесу і цяпло рук народных майстроў. Тое ж можна сказаць пра ганчарныя вырабы – гаршкі, збанкі і збаночкі, гладышкі. Вышыванкі – дзіцячыя і дарослыя народныя касцюмы, вышываныя блузкі, сукенкі, сурвэткі, ручнікі – хоць яны дастаткова дарагія, іх ахвотна купляюць. Сушаныя грыбы: ах, які ад іх водар – як у дзяцінстве… Сухафрукты, травяныя зборы… Канешне ж, украінскае сала – на любы густ і смак. Карпацкія футравыя ці вязаныя з воўны рэчы – прыгожыя, цёплыя, арыгінальныя. І яшчэ шмат-шмат усяго – мне здаецца, што немагчыма прыдумаць, чаго там няма… Вядома ж, хапае і ўсюдыіснага пластыкава-безаблічнага шырспажыву – на яго таксама, як гэта ні дзіўна, знаходзяцца пакупнікі Па цэнах усё – упаўне даступна, я б нават сказала, што танна – хоць Моршын пасёлак курортны і, адпаведна, адносна дарагі ў параўнанні з суседнімі гарадкамі, бо разлічаны, як я ўжо казала, на адпачываючых, якія прыехалі сюды траціць грошы. Увогуле, узровень жыцця мясцовага насельніцтва ніжэйшы, чым у Беларусі. Пра гэта сведчыць хоць бы той факт, што сярэдняя зарплата ў санаторна-курортным комплексе складае 1980 грыўнаў (пра курс памятаеце?) – і нам не без гонару паведамілі, што яна на 30 працэнтаў вышэй, чым у сярэднім па краіне.
Аматарам “культурнага адпачынку” на курорце таксама ёсць дзе “адарвацца”. Кожны дзень сюды з канцэртамі прыязджаюць якія-небудзь украінскія ці нават замежныя “зоркі”. На тыдні, што мы там “прэс-турылі”, гастраляваў нават адзін з “клонаў” “Песняроў” – праўда, не ведаю, каторы, бо на канцэрт мы не патрапілі з-за позняга вяртання са Львова. Зазывалы прапануюць разнастайныя экскурсіі на любы густ – распрацаваны яны, трэба сказаць, вельмі граматна. Для аматараў “пагоцаць” пад Верку Сярдзючку і паўдзельнічаць у конкурсах на мяжы ці нават за мяжой прыстойнасці – вечаровы выезд на “Бойкаўскія вечарніцы”. Аматараў высокага мастацтва запрашае “Львоў тэатральны” з наведваннем знакамітых пастановак львоўскіх тэатраў. Для тых, хто шукае спажывы для душы, прапануецца паездка ў Пачаеўскую лаўру ці іншыя святыя месцы. Аматарам вандровак – падарожжа ў Карпаты. А тым, хто хоча проста ціха адпачыць – рыбалка. Словам, было б жаданне… Ну і грошы, вядома ж.
Нам дык найперш не хапіла часу...

–––––––––––––––––––
Аматарка блізкіх і далёкіх вандровак Ніна РЫБІК.