Заходняя Украіна. Урокі нацыянальнай самасвядомасці

15:30 / 23.03.2013
Прызнаюся: пасля Мальты я збіралася адправіцца разам з вамі, шаноўныя чытачы, у чарговую “вандроўку без білета” ў які-небудзь горад Беларусі – аднавіць у памяці прыемныя, а калі і не надта, успаміны, падзяліцца сваімі ўражаннямі і парадамі – без якіх вы, магчыма, цудоўна можаце абысціся.
Але мае планы парушыла кіраўніцтва Беларускага саюза журналістаў, прапанаваўшы разам з невялікай, у сем чалавек, групай беларускіх журналістаў адправіцца па запрашэнні ўкраінскіх калег у прэс-тур у Заходнюю Украіну, у Львоўскую вобласць. Думаю, вы мяне зразумееце: адмовіцца ад такой прапановы было б недаравальным глупствам. Такім чынам, тыдзень у лютым я знаходзілася на Галіччыне. І, пакуль не астылі ўражанні і ўспаміны, спяшаюся падзяліцца імі з вамі, шаноўныя чытачы.
А беларускія гарады ад нас нікуды не ўцякуць, праўда?

Знаёмства з Украінай увогуле і з заходняй яе часткай у прыватнасці пачалося ў выніку міжасабовых стасункаў яшчэ ў цягніку “Мінск-Чарнаўцы”.
У нашым плацкартным купэ абралася досыць разнастайная кампанія: акрамя мяне, старанна хаваючай сваю прафесійную прыналежнасць, з намі яшчэ ехала беларуска, якая замужам за ўкраінцам і, адпаведна, жыве на Львоўшчыне: яна з Беларусі вярталася пасля складанай аперацыі – і гэта, пагадзіцеся, красамоўна сведчыць пра ўзровень медыцыны і цэны на медыцынскія паслугі ў суседзяў. На верхняй паліцы маўкліва слухаў, не ўмешваючыся ў “міжнацыянальныя стасункі”
інтэлігентнага выгляду ўкраінец. Ніжнюю “бакавушку” па-джэнтльменску саступіў прааперыраванай жанчыне юны спартсмен з Украіны, які вяртаўся з нейкіх спаборніцтваў. Жанчына-беларуска, відаць, ехала ва Украіну ў госці. А надакучліва-гаваркі украінец, які прадставіўся ўрачом – але, як мне здаецца, ён гэтакі ж урач, як я оперная спявачка – наадварот, вяртаўся дахаты ад сяброў з Беларусі – па яго словах, пасля “парада суверэнітэтаў” ён быў на Беларусі ўпершыню.
Не ведаю, ці то ўражанні ад нашай краіны ў яго былі занадта моцнымі, ці рот у яго не закрываўся з-за нейкіх індывідуальных асаблівасцей характару, але маўчаў ён толькі тады, калі спаў. І большая частка яго безупыннага маналогу, зрэдку перапыняемага кароткімі рэплікамі суседзяў, тычылася пераважна Беларусі. Прызнаюся: на першым часе слухаць яго было прыемна – ды і каму, скажыце, непрыемна чуць, з якім захапленнем гавораць пра тваю Радзіму? Канешне, для нас засеяныя палеткі, роўныя дарогі і чысціня на вуліцах гарадоў і вёсак даўно перасталі быць нечым дзіўным, мы ўспрымаем гэта, як належнае, і нават пабуркваем каторы раз, калі пасля зімы на дарогах усё ж з’яўляюцца выбоіны, і “мудра” раім дарожнікам, як іх трэба рамантаваць – у чужой справе мы ж усе спецыялісты вышэйшага класа! Але паслухаеш такога вось госця краіны – і сэрца перапаўняе гонар…





Праўда, праз нейкі час яго балбатня стала раздражняць. Бо, захапляючыся беларускімі палямі, дарогамі, парадкамі і прэзідэнтам, Украіну ён узгадваў выключна негатыўна. Усё ў іх не так: і ўлада, і Рада, і міліцыя, а медыцыны дык і ўвогуле не існуе. Доўга намагалася ўспомніць, дзе ж чула нешта падобнае? Нарэшце ўзгадала: таксама ў дарозе, толькі ў іншай. Прыкладна год назад давялося ехаць з Мінска ў Брэст у адной машыне з журналістамі – нямецкім і беларускім апазіцыянерам. І гэтага земляка і, з дазволу сказаць, калегу, усю дарогу “несла”: якая ж наша краіна дрэнная, усё ў нас не так: і прэзідэнт, і народ, і прэса, і аўтазапраўкі, і рэстараны… Урэшце не вытрымаў нават немец і нагадаў калегу пра тыя ж славутыя беларускія дарогі і чысціню на вуліцах.
Дык вось, у несупынных маналогах украінскага спадарожніка чуліся тыя ж ноткі і непрыхаванае жаданне зганьбіць усе сваё, без рэшты – толькі за тое, што яно – сваё. Я зразумела, чаму моўчкі скрыгатаў зубамі на верхняй паліцы другі сусед і гнеўна бліскаў вачамі юны спартсмен: паводзіны таго “ілжэ-доктара” не ўласцівы для большасці ўкраінцаў. Вось мы, беларусы, у сваім самапрыніжэнні, як мне здаецца, – непераўзыдзеныя майстры, і нацыянальнай самасвядомасці, гонару і годнасці нам яшчэ вучыцца і вучыцца. Можна – у тых жа ўкраінцаў, прыклад майго балбатуна-спадарожніка – хутчэй выключэнне з правіла. Тыдзень знаходжання ў Львоўскай вобласці пераканаў мяне ў гэтым яшчэ больш.
Перад паездкай “ведаючыя людзі” і сродкі масавай інфармацыі імкнуліся мяне пераканаць, што Галіччына – гэта цэнтр украінскага нацыяналізму, дзе ўсё рускае проста ненавідзяць, і крый божа там загаварыць па-руску, лепш ужо па-беларуску. На справе ж аказалася, што ўсё не так змрочна. Можа, калі так і было – толькі не цяпер.
Так, на Львоўшчыне ўсе – прахожыя на вуліцах, урачы і адміністрацыя курорта Моршын, які стаў нам родным домам на працягу гэтага тыдня, шматлікія прадаўцы ўсяго, чаго толькі можна, ад элітных магазінаў да шапікаў на прыпынках, адміністрацыя вобласці і персанал прадпрыемстваў, што мы наведалі – паўтаруся: УСЕ гавораць па-ўкраінску. Але нам, браткам-беларусам, заўсёды прапаноўвалі: калі вам цяжка і незразумела, можам і па-руску, але нам гэта цяжэй… Мы, вядома ж, усё цудоўна разумелі і без “мовы міжнацыянальных стасункаў”. Праўда, самі “браткі” гаварылі пераважна па-руску. І ў такім разе суразмоўцы таксама пераходзілі на рускую мову – і, дарэчы сказаць, паказвалі даволі прыстойны ўзровень валодання ёю. Прычым не толькі тыя, хто родам з нашага агульнага піянерска-камсамольскага дзяцінства, але і маладыя людзі “пакалення незалежнасці”.
Я было падумала, што да нас такія ўважлівыя адносіны выключна як да прадстаўнікоў замежных СМІ (прыемна, скажу я вам, пабываць у такой прэстыжнай ролі!) – маўляў, хто яго ведае, што яны там панапісваюць, вярнуўшыся дахаты? І калі падчас экскурсіі ў Львове крыху адстала ад сваіх, памятаючы настаўленні “бывалых”, дарогу ў стрэчнага стала пытаць на беларукай мове. Але мужчына сярэдніх гадоў, перапытаўшы па-ўкраінску, што ж менавіта мне патрэбна, ветліва і падрабязна растлумачыў усе на рускай мове.
А гандляры – на Украіне, як мне падалося, гандлююць літаральна ўсе і ўсім – падобна, увогуле згодны гаварыць з табой хоць па-кітайску – абы ты купіў іх тавар. Нават у знакамітым кафэ “Краіўка”, стылізаваным пад ваенны лагер нацыянальнага героя Бандэры – яго тут лічаць такім без усялякага двухкосся, яго імя стала адным з брэндаў, у тым ліку і гандлёвым, Заходняй Украіны – нальюць чарачку “горілкі” і “настругаюць” фірменнага сала ў тым ліку і “харошым маскалікам” пры грашах.
Не стану паглыбляцца ў прычынна-выніковыя сувязі гэтай з’явы, а то мой праект, які першапачаткова пазіцыянаваўся як “справаздача аб уражаннях”, ператворыцца ў гістарычна-палітычную манаграфію. Скажу толькі, што там, у Заходняй Украіне, я падумала, што нам, беларусам, варта было б павучыцца ў суседзяў, як можна цудоўна, бесканфліктна, спалучаць павагу да гасцей, якой бы нацыянальнасці яны ні былі – і гонар за сваё, роднае.






А яшчэ ў іх можна было б павучыцца развіццю турызму і прыцягненню турыстаў. Мы ў гэтым адсталі ад таго ж Львова не на гады і нават не на дзесяцігоддзі, а, прабачце гэты песімізм, назаўсёды. Сёння Львоў прымае штогод каля мільёна турыстаў у год – і людзі, зацікаўленыя ў развіцці гэтага бізнесу, перакананы, што гэта вельмі мала, і не проста мараць, а актыўна працуюць над тым, каб турыстаў было як мага больш. Бо Львоў для турыстаў – гэта незабыўныя ўражанні, а турысты для Львова – немалая крыніца даходаў: кожнаму з іх трэба недзе пераначаваць, пад’есці, кожны захоча купіць на памяць сувенір, ды і не толькі сувенір: па словах нашага экскурсавода, уладальнікі буйных супермаркетаў сцвярджаюць, што асноўная частка іх пакупнікоў – турысты.
А паглядзець у Львове ёсць што, прычым незалежна ад вашых густаў. Тут сканцэнтравана амаль палова гістарычных помнікаў Украіны. Горад займае першае месца ў краіне па колькасці музеяў.
Музеі тут літаральна на кожным кроку, самыя разнастайныя. У цэнтры горада кавярня – але гэта не проста кавярня, а сапраўдны музей кавы. Дзе можна не толькі выпіць філіжанку кавы ў прыемнай кампаніі ці гордай адзіноце, але і пабачыць, якім чынам са звычайных пладоў – яны ляжаць тут жа, у вялізных палатняных мяхах – робіцца любімы многімі эліксір ранішняй бадзёрасці, прасачыць за ўсім працэсам. Жадаючыя могуць тут жа набыць “экспанаты”: хочаш – зярняты кавы, хочаш – ручны ці электрычны млынок для іх размолвання, хочаш – молатую ці растваральную каву ў фасаваным выглядзе, пры жаданні яе на тваіх вачах падсмажаць, размелюць і зафасуюць…
На старэйшай на Украіне піваварні, якая адлічвае сваю гісторыю з 1715 года – таму знакамітае “Львоўскае” піва і пазначана гэтай лічбай – свой цікавы музей піваварэння, створаны ў падвальных сутарэннях, дзе яшчэ захавалася цагляная кладка таго самага 1715 года. Там пра піва вам раскажуць і пакажуць літаральна ўсё, ды яшчэ так арыгінальна, дасціпна, з гумарам… І не толькі тое, што тычыцца непасрэдна гэтай знакамітай піваварні, а ўсю гісторыю хмельнага напою, пачынаючы з часоў фараонаў. А потым дадуць прадэгусціраваць, як нас пераконвалі, найсмачнейшае ў свеце піва (так, дэгусціравала, спадабалася – але ролю эксперта ў гэтым пытанні ўзяць на сябе не магу – вопыту малавата).
А для тых, каму захочацца прадоўжыць дэгустацыю – тут жа, у сутарэннях, у тым жа старадаўнім інтэр’еры працуе піўны бар, дзе можна смакаваць піва, колькі заўгодна, у кампаніі велікасвецкіх дам ці вашай сучаснай спадарожніцы…



А ў Львове ўжо мараць аб тым, каб ствараць сучасныя, інтэрактыўныя музеі – як у Еўропе, дзе экспанаты не толькі можна кранаць рукамі – яны будуць дзейнічаць, як сапраўдныя, каб стварыць для наведвальнікаў максімальны эфект прысутнасці. І не проста мараць: з дзяржаўнага бюджэту ўжо выдзелена 10 мільёнаў грыўнаў (1 грыўна – прыкладна наша тысяча рублёў) на стварэнне інтэрактыўнага музея прыроды. Плануецца распрацаваць турыстычны маршрут “Падземны Львоў” – і на гэта таксама выдзелены бюджэтныя сродкі. Зацікаўленыя людзі ездзяць на адпаведныя канферэнцыі ў Еўропу, пішуць праекты, каб атрымаць гранды.
А мы пакуль усё яшчэ толькі што марым, ужо каторы год ці нават дзесяцігоддзе запар, пра самы звычайны, традыцыйны краязнаўчы музей…
Хоць справядлівасці дзеля трэба значыць, што ўмовы для захавання гістарычнай спадчыны і развіцця турызму ў нас непараўнальныя. Львоў пасля Другой сусветнай вайны (экскурсавод нас адразу папярэдзіў, што такога паняцця, як Вялікая Айчынная вайна, у Заходняй Украіне не існуе, для іх вайна пачалася ў 1939 годзе) быў зусім не такі, як Мінск і іншыя гарады Беларусі, зруйнаваныя дашчэнту. У нас, калі недзе застаўся непашкоджаны будынак 18-19 стагоддзя – дык гэта вялікая рэдкасць і ўдача. А ў Львове захавалася ўсё, бо немцы ўвайшлі ў горад без бою. Знішчылі 136 тысяч яўрэяў, якія на той час складалі больш як 40 працэнтаў насельніцтва даваеннага Львова – і жылі сабе спакойна. Зараз, дарэчы, у цэнтры горада, на месцы, дзе да вайны стаялі дзве сінагогі, а цяпер дзейнічае аўтамабільная стаянка, плануецца стварыць мемарыял у памяць аб бязвінна знішчаных фашыстамі яўрэях. Парадокс гісторыі: конкурс на пабудову гэтага мемарыяла выйгралі немцы…
На жаль, у Львове мы пабылі вельмі мала. І ў шчыльна складзенай праграме практычна не засталося часу на прагулку па горадзе – з экскурсаводам ці без яго. Таму я мару, што некалі лёс яшчэ хоць раз закіне мяне сюды. Дарэчы, наш апантаны экскурсавод сцвярджаў, што, каб больш-менш пазнаёміцца са Львовам, трэба як мінімум два дні, лепш – тры. Так што, калі ў вас будзе нагода наведаць гэты цудоўны горад, плануйце сваю вандроўку менавіта з такім разлікам. Каб потым не было, як і мне, пакутліва балюча, што пабачыла Львоў толькі краечкам вока.

––––––––––––––––––––
Аматарка блізкіх і далёкіх вандровак Ніна РЫБІК.