Педагоги Островетчины знакомились с современными тенденциями в системе образования Италии

17:00 / 17.03.2013


Аднойчы зімовым днём на электронную пошту многіх школ Астравеччыны прыйшло пісьмо-запрашэнне для жадаючых адправіцца ў культурна-адукацыйную паездку па краінах Еўропы. Дабрачынны фонд “Разам для лепшай будучыні”, які існуе ў Мінску, пры супрацоўніцтве ўніверсітэтаў Італіі арганізоўваў падарожжа, удзельнікамі якога пашчасціла стаць і педагогам Астравеччыны – дырэктару Гудагайскай СШ Ганне Мечыславаўне Капцюг, намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Мальскага НПК Жанне Віктараўне Лаўрэцкай і настаўніцы пачатковых класаў Мальскай базавай школы Алене Уладзіміраўне Шымковіч.

– У той момант, калі я атрымала гэтае запрашэнне, зразумела, што гэта шанс, які нельга ўпускаць. Жывучы ў цэнтры Еўропы, у маляўнічым кутку Беларусі, на мяжы з Літвой, усё сваё свядомае жыццё я марыла пабываць у Еўропе. Яна прыцягвала сваёй прыгажосцю, незвычайнасцю, блізкасцю – і ў той жа час непрыступнасцю, сучаснасцю і гісторыяй. І для мяне гэтая мара стала рэальнасцю, – гаворыць намеснік дырэктара Мальскага НПК Жанна Лаўрэцкая. – Убачыць прыгажосць італьянскіх гарадоў, наведаць італьянскія ўніверсітэты і пазнаёміцца з італьянскай сістэмай адукацыі – далёка не ўвесь пералік таго, што чакала нас у сямідзённай паездцы па Еўропе.


І вось камфартабельны аўтобус імчыць нашых настаўнікаў у невядомую Еўропу.


– Тэма прапанаванай нам праграмы значылася, як “Сучасныя тэндэнцыі ва ўстановах адукацыі Італіі”. Але, як аказалася пазней, яна выйшла далёка за рамкі адукацыйнай праграмы. У маршрут было ўключана наведванне шматлікіх культурных і гістарычных аб’ектаў Вены, Трэнта, Вероны, Мілана, Венецыі і Прагі – і для мяне, як гісторыка, гэта было вельмі пазнавальна і цікава. А як для дырэктара школы, запамінальным стала наведванне ўніверсітэтаў у Трэнта, Мілане і Венецыі, – расказвае дырэктар Гудагайскай школы Ганна Мечыславаўна Капцюг.





Першы наведаны горад – Вена: культурны, эканамічны і палітычны цэнтр Аўстрыі. Плошча Марыі Тэрэзіі з вялізным помнікам самой уладаркі – першае, што ўбачылі экскурсанты. А потым – рэзідэнцыя прэзідэнта, нацыянальная бібліятэка, універсітэт, палац Хофбурга, ратуша, царква Святога Пятра, сабор Святога Стэфана… Гісторыя і сучаснасць, якія перапляліся ў адно. Дзень у гістарычнай сталіцы Аўстрыі праляцеў вельмі хутка – і падарожжа прадоўжылася.
Ужо раніцай экскурсантаў сустракалі ва ўніверсітэце Трэнта. Менавіта тут удзельнікаў адукацыйнай праграмы пазнаёмілі з італьянскай сістэмай адукацыі. А на памяць пра Беларусь і, у прыватнасці, пра Астравецкі раён нашы педагогі ўручылі выкладчыкам універсітэта памятныя падарункі, прадастаўленыя Астравецкім райвыканкамам.





– Ва ўніверсітэце Трэнта нас сустракалі рабяты з Беларусі. Было вельмі прыемна ўбачыць сваіх у чужой краіне. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта яны паступілі ва ўніверсітэт Трэнта, – расказвае Ганна Мечыславаўна Капцюг. – Сёлета беларускія студэнты заканчваюць апошні курс гэтага ўніверсітэта. Дарэчы, універсітэцкія выкладчыкі адзначалі, што ў нашых дзяцей высокі ўзровень падрыхтоўкі, асабліва яны “славяцца” добрымі ведамі па матэматыцы і фізіцы. Словы выкладчыкаў універсітэта, вядома, нас парадавалі.


На наступны дзень педагогаў сустракаў горад любові Верона, вядомы большасці з нас па гісторыі кахання Рамэа і Джульеты. Напаўразбураны амфітэатр “Арэна” захаваўся тут з мінулых часоў – ён, дарэчы, дзейнічае і сёння, летам тут праходзяць канцэрты і святы. Дамы, дзе жылі Рамэа і Джульета. А побач – невялікая прыватная швейная майстэрня, дзе можна заказаць падарунак для сваёй другой палоўкі – усё тут зроблена для турыстаў.
Мілан прадстаў перад настаўнікамі ў промнях сонца. Яно адлюстроўвалася ў фантане і сонечнымі зайчыкамі адбівалася на замках і вежах. Тут знаходзіцца адзін са старажытных тэатраў “Ла Скала”, у які і цяпер людзей прапускаюць згодна з іх сацыяльным рангам: багатыя і вядомыя людзі Італіі заходзяць праз галоўны, цэнтральны ўваход, а простыя людзі – праз бакавыя дзверы. Экскурсія па Мілане завяршылася наведваннем Міланскага ўніверсітэта, які сёння размешчаны ў будынку сярэдневяковай бальніцы.
Дарэчы, паступіць ва ўніверсітэты Італіі адразу пасля заканчэння нашай 11-гадовай школы не атрымаецца. У Італіі – дванаццацігадовая сярэдняя адукацыя, таму нашым выпускнікам трэба, як мінімум, правучыцца яшчэ год ва ўніверсітэце. Вышэйшая адукацыя ва ўсіх універсітэтах Італіі, у адрозненне ад нашай Беларусі, платная, і яе кошт вагаецца ад трох да дзесяці тысяч еўра – у залежнасці ад універсітэта і выбранага факультэта. Гэта шмат, аднак кожны студэнт атрымлівае стыпендыю. У выдатнікаў яна салідная – за яе можна не толькі аплаціць кошт вучобы, але і зняць жыллё.






Размеркавання пасля заканчэння ўніверсітэта – прынамсі, у нашым паняцці – у Італіі няма. На апошнім курсе кожны студэнт мае магчымасць прэзентаваць сябе – паказаць, чаго ён варты. На гэтым прэзентацыйным мерапрыемстве прысутнічаюць наймальнікі, якія адразу ж падбіраюць сабе кадры.
Увогуле італьянскія студэнты ўжо даўно зразумелі, што вучацца яны не дзеля педагогаў ці сваіх бацькоў. У першую чаргу адукацыю яны атрымліваюць для сябе. Ды і ўніверсітэты даўно нацэлены на тое, каб прапаноўваць адукацыю, а не навязваць яе. Таму ў пачатку тыдня – у панядзелак, аўторак і сераду – для студэнтаў чытаюць лекцыі, а астатнія дні тыдня прысвечаны самаадукацыі і самападрыхтоўцы. Цікава таксама і тое, што пытанні да экзаменаў ці залікаў студэнты могуць убачыць толькі на самім іспыце. Для тых, хто рэгулярна наведваў лекцыі, сюрпрызаў не будзе – білеты складзены па прачытаных лекцыях. Таму зразумела, што, нягледзячы на вольнае наведванне лекцый, студэнты іх стараюцца не прапускаць.
На заліках і экзаменах максімальная ацэнка – 30 балаў. З першага разу атрымаць яе могуць не ўсе. Але студэнты змагаюцца за кожны бал і, калі хочуць атрымаць больш высокую ацэнку, прыходзяць на іспыт яшчэ раз. Гэтыя так званыя пераздачы – бясплатныя. Да таго ж італьянскія педагогі бясплатна займаюцца са студэнтамі ў вольны час і рыхтуюць іх да пераздачы.

– Што мяне больш за ўсё ўразіла, дык гэта тое, што такога паняцця, як “адлічэнне” ў італьянскіх універсітэтах амаль не існуе. Выкладчыкі і студэнты адносяцца адзін да аднаго, як добрыя сябры. Ды і адносіны да вучобы ў італьянскіх студэнтаў зусім іншыя. Там педагогі не гавораць: “Гэта вам спатрэбіцца ў будучым” – студэнты разумеюць, што вучоба трэба ім самім, – дзеліцца ўражаннямі ад паездкі Алена Уладзіміраўна Шымковіч. – Сем дзён праляцелі вельмі хутка. Але якія гэта былі дні! Часам нават забывала, што ў Беларусі мяне чакае сям’я. Можа, таму, што нам паказвалі вядомыя гістарычныя цэнтры і славутасці, уражанні ад паездкі засталіся найлепшыя.


Наперадзе педагогаў чакала яшчэ не адно ўражанне. Яны трапілі не проста ў Венецыю, а на Венецыянскі карнавал.  Касцюмы прынцаў і прынцэс, каралёў і каралеў, баронаў і баранес, ведзьмаў і ведзьмакоў, маленькія дзеці і дарослыя людзі – усё былі апрануты ў прыгожыя карнавальныя касцюмы. Усюды музыка, смех, весялосць…

















– Прага сустрэла нас прахалодай. Сонца амаль не праглядвала з-за хмар, ішоў снег, – расказвае Жанна Віктараўна Лаўрэцкая. – Тым не менш настрой быў цудоўны. І тое, што мы тут пабачылі, запомніцца на ўсё жыццё. Увогуле гэты тыдзень праляцеў імгненна, але ад яго засталося столькі ўражанняў, колькі не было ў мяне за ўсё жыццё.
– Безумоўна, паездка нам вельмі спадабалася. Канешне, хацелася б наведаць установы, дзе дзеці атрымліваюць сярэднюю адукацыю, але і тое, што мы ўбачылі і пачулі, вельмі важна. Мы яшчэ больш упэўніліся ў тым, што ўсё трэба рабіць для таго, каб дзеці зразумелі, што адукацыя патрэбна ІМ, а не іх бацькам і настаўнікам. Гэта дапаможа нашым дзецям заняць годнае месца ў жыцці, – такую выснову зрабілі напрыканцы нашы настаўнікі.

--------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.