Да Дня работнікаў культуры: культурныя людзі Астравеччыны

09:22 / 09.10.2011



З іх смяюцца – а яны і рады!

Жанр канферансу заўсёды быў адным з самых складаных на эстрадзе. Пагадзіцеся, аб’явіць нумар канцэртнай праграмы так, каб гледачы цябе запомнілі і чакалі твайго наступнага выхаду і пры гэтым не зацяніць артыста, якога ты аб’яўляеш – для гэтага патрэбен як мінімум артыстычны талент. І шмат чаго ў дадатак – дасканалае пачуццё гумару, уменне ў лічаныя хвіліны знайсці выйсце з форс-мажорнай сітуацыі – а такіх падчас выступленняў бывае нямала, адчуванне публікі…
Што яшчэ? Пра гэта і многае іншае мы паспрабавалі даведацца ў Міраславы Якіменка і Ганны Трубіцкай, дырэктара і мастацкага кіраўніка Страчанскага Дома культуры. Якія больш вядомы ў раёне, як дзве вясковыя суседкі, якія на сцэне то спрачаюцца, то мірацца, то падтруньваюць адна над адной, сваімі мужыкамі і жыццём наогул – і тым самым да колікаў у жываце смешаць публіку, якая пазнае ў іх сваіх аднавясковак – а хто, магчыма, і сябе…


Калі на сцэну выходзяць прысадзістая паўнаватая Міраслава і хударлявая вёрткая Ганна, гледачы адразу пачынаюць усміхацца. А калі яны пачынаюць расказваць розныя вясковыя байкі і гісторыі – не засмяецца, напэўна, толькі чалавек, абсалютна пазбаўлены пачуцця гумару. Многія памятаюць, як яны на адным з восеньскіх кірмашоў “прадавалі Бору” – Міраслава Ізыдораўна расказвае, што, хоць было тое некалькі гадоў назад, і сёння адна з астраўчанак, сустракаючы яе на вуліцы, вітаецца не інакш, як “Дзень добры! Як там Бора пажывае? Прывітанне яму!” Ды і ўвогуле, кожнае іх выступленне – гэта гарантаваная порцыя добрага якаснага народнага гумару. Часцей за ўсё – з перчыкам і мясцовым каларытам, што надае яму асаблівую вастрыню і каштоўнасць.
А шлях у культуру і да канферансу быў у кожнай з жанчын свой. Міраслава Ізыдораўна родам з Мядзельшчыны, выхоўвалася, як сама прызнаецца, у артыстычнай сям’і і сама добра спявала, з маленства выступала на сцэне. А затым выйшла замуж, прыехала на Спондаўшчыну…
—Тут мяне і “знайшла” тагачасны загадчык аддзела культуры Данута Францаўна Чарнушэвіч, запрасіла на работу. Так вось ужо чвэрць стагоддзя і працую ў Страчанскім Доме культуры — спачатку мастацкім кіраўніком, а апошнія 22 гады – дырэктарам.
Ганна Францаўна, мастацкі кіраўнік Дома культуры, маладзейшая за свайго начальніка па працы і каляжанку на сцэне і па гадах, і па стажу работы: яна ў культуры трынаццаць гадоў. Таксама, як лічыць, прыйшла сюды даволі выпадкова: вярнулася з Вільнюса на радзіму, шукала працу – а знайшла сябе…
І ўсё ж, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, у Гродзенскім каледжы мастацтваў жанчыны вучыліся разам. Там і адбыўся іх сцэнічны дэбют: на адным з заняткаў ставілі сцэнку пра вясковага заатэхніка, у якой былі задзейнічаны абедзве “акторкі”. Вось тады Ганна з Міраславай і “спеліся”. Дакладней, сыграліся. Вярнуўшыся дамоў, вырашылі паспрабаваць паставіць нешта на вясковай сцэне. Але вялікі спектакль — гэта адно, а іх выступленні падчас канцэртаў, канферанс – крыху іншае. Гэта самае любімае – і для саміх жанчын, і для гледачоў.
—Ці рыхтуемся мы да канцэрта? – здзіўлена перапытвае Міраслава Ізыдораўна. – Ну вядома! Шукаем народныя жарты, анекдоты, нешта самі прыдумваем ці, бывае, “падгледзім” у жыцці. Рэпеціруем. Ніколі не дазваляем сабе з аднолькавым рэпертуарам двойчы паказацца перад адным і тым жа гледачом. Але ўсё роўна на канцэрце імправізацыі здараюцца часта і густа. Як часам жартуем, мы ж – своеасаблівая “пракладка” ў канцэрце. Фанаграма заела, артыст не паспеў пераапрануцца, замінка нейкая з выхадам – дзяўчаты, наперад! Нам жа фанаграма не патрэбна… Перад выхадам на сцэну перамігнёмся: “Помніш, як у Страчы?” Калі помніш, а калі — і не… Тады пачынаем адна адной падыгрываць. Галоўнае, каб глядач нічога не заўважыў і яму было весела. Вельмі цяжка выступаць, калі зала не рэагуе на нумар – тады не разумееш, у чым справа, губляешся. На шчасце, такога амаль не здараецца. Хоць і ў нас ёсць некалькі такіх “цяжкіх” гледачоў, якіх нічым не проймеш…
—А яшчэ часта мужчыны на нас крыўдзяцца, што мы іх высмейваем, — дадае Ганна Францаўна. – Шчыра кажучы, я пабойваюся свайго мужа на канцэрты запрашаць: а раптам падумае, што ўсё, што мы нясем са сцэны – пра яго? І як не разумеюць: мы ж не з некага канкрэтнага смяемся — мы мужыцкія, ды і свае таксама, заганы, якія нам нармальна жыць перашкаджаюць, высмейваем.
Страчанскі дуэт пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку жартаў, баек, пастаноўкі нумару… І марыць – аб тым, каб патрапіць на фестываль гумару ў Аўцюках! Хочацца верыць, што некалі яна спраўдзіцца – выступалі ж Міраслава Якіменка і Ганна Трубіцкая на фестывалі нацыянальных культур у Гродне — і атрымалі самую высокую ацэнку. А галоўнае – гледачы, як і заўсёды на іх выступленнях, смяяліся шчыра і весела – гэта і ёсць іх самая галоўная ўзнагарода.


Ніна АЛЯКСЕЕВА, фота аўтара.




Усміхацца – нават праз слёзы

Яна зараджае кожнага радасцю і пазітывам. Хаця ў яе жыцці было нямала праблем, каханне прыносіла часам больш расчараванняў, чым шчасця, а слёзы раз-пораз набягалі на вочы… Толькі гэта ўсё – за кулісамі, у шчырых размовах з самымі блізкімі. А на публіцы, з калегамі і сябрамі яна заўсёды вясёлая, добразычлівая, энергічная. Чалавек-усмешка, які нясе людзям радасць. Усё гэта яна – дырэктар Варонскага сельскага Дома культуры Ганна Раманаўна Тункевіч.


– Калі б у маладосці ў мяне спыталі, што для мяне галоўнае – жаночае шчасце ці кар’ера, я б, не задумваючыся, выбрала першае. А сёння скажу: кар’ера. Можа таму, што з жаночым шчасцем не атрымалася… Работа стала для мяне аддушынай, я хварэю ёй, усю душу ўкладваю. І атрымліваю неверагоднае задавальненне ад таго, што знайшла сябе ў жыцці, што я там, дзе павінна быць, – гаворыць Ганна Раманаўна.
А ўсё пачалося ў дзяцінстве, а можа, і яшчэ раней. Сваякі Ганны па мацярынскай лініі былі галасістымі, усе святы заўсёды праходзілі з песнямі. Вось і маленькая Ганначка любіла спяваць з маленства. Калі радня збіралася разам, дзяўчынка арганізоўвала для іх канцэрты: сцэнай была табурэтка, а артыстамі – яна сама ды малодшыя браты і сястрычкі. Перад Ганнай ніколі не стаяў выбар – кім быць. Яна заўсёды ведала, што стане артысткай. І пасля школы паступіла ў каледж мастацтваў у Літве на спецыяльнасць “Святы і абрады”. На жаль, пасля першага курса дзяўчыне давялося пакінуць вучобу – трэба было даглядаць свайго новароджанага браціка.
А потым Ганна выйшла замуж, у яе нарадзіліся двайняты Эдгар і Эдыта, потым яшчэ і Эльвіра, а пяць гадоў назад на свет з’явіўся і Эрык. Толькі з асабістым жыццём не атрымалася, дзяцей гадавала адна. Вельмі дапамагала мама, Валянціна Антонаўна, і не толькі з дзецьмі. Калі Ганна пачынала сваю працоўную дзейнасць у галіне культуры, мама была для яе падтрымкай і апорай, ды яшчэ і памочніцай вялікай – шыла касцюмы артыстам для канцэртаў.
У культуру Ганна Раманаўна прыйшла толькі 10 гадоў назад – нарэшце збылася яе блакітная мара. Па волі лёсу сям’я пераехала з Літвы ў Беларусь, у вёску Трокенікі, дзе Ганна ўладкавалася на працу загадчыцай сельскага клуба. І закруцілася, завіравала яе жыццё – жанчына трапіла ў сваю стыхію! Нават там, у звычайным сельскім клубе, дзе і памяшкання як такога не было, яна ўмудралася збіраць дыскатэку на 100 чалавек. Не хапала месца ў зале – танцы арганізоўвалі на вуліцы!
А з 2007 года Ганна Раманаўна стала працаваць дырэктарам сельскага Дома культуры ў Вароне. За чатыры гады работы яна зрабіла тут нямала. У мінулым годзе на “Дажынках” у Лідзе Варонскі СДК разам з раённым Домам культуры занялі першае месца за музычнае афармленне пляцоўкі Астравецкага райспажыўтаварыства. За грошы, якія калектыў атрымаў за перамогу, купілі прынтар, самі раздабылі камп’ютар, зрабілі за ўласныя сродкі рамонт у кабінеце, каб працаваць было камфортна і ўтульна.
З душой падыходзіць Ганна Раманаўна да арганізацыі святаў і мерапрыемстваў. Весела праходзіць Новы год у Вароне: культработнікі сельскага Дома культуры заўсёды рыхтуюць арыгінальную забаўляльную праграму на навагоднюю ноч. У гэтым годзе вырашылі праэксперыментаваць і правесці цікавы абрад “Валачобнікі” на Вялікдзень: упрыгожылі каня, апрануліся ў касцюмы цыганоў і мядзведзя і пайшлі ў кожны дом з песнямі і танцамі. Апоўдні пачалі – і да самай ночы весялілі варонцаў – а тыя былі вельмі ўдзячны валачобнікам за такое свята.
– Адзіная праблема: мяне ніколі на святы няма дома, – дзеліцца Ганна Раманаўна. – А часам я ўвогуле дома – госць. Мая дачка Эльвіра, можна сказаць, гадуе свайго малодшага брата, пяцігадовага Эрыка. Але дзеці ўжо прывыклі, што ў мамы такая работа.
Арганізоўваюць варонскія культработнікі і выязныя канцэрты, святы вёсак – і заўсёды з новымі цікавымі сцэнарыямі, СВК “Варняны” часта запрашае іх на розныя мерапрыемствы.
– Хаця людзі зараз сталі цяжкія на пад’ём. Хацелася б, каб яны былі больш актыўнымі і часцей прыходзілі на святы і канцэрты. Але я стараюся з усіх сіл, каб прыцягнуць як мага больш народу: не толькі аб’явы развешу, а і патэлефаную і асабіста запрашу на свята, потым кожнаму падзякую за тое, што прыйшлі, – кажа Ганна Раманаўна.
А дыскатэка ў Вароне – гэта асобная размова. Сюды збіраецца моладзь не толькі з усяго нашага раёна, але і са Смаргоні, Ашмян, Навагрудка, для якіх наша маленькая вёсачка стала не проста невядомай кропкай на карце, а самым модным месцам тусоўкі. “А, Варона… Гэта ў вас там самая крутая дыскатэка”, – так адгукаюцца пра іх за межамі раёна. У летні час тут збіраецца каля 300 чалавек. У многім гэта заслуга дырэктара Дома культуры. Да яе сапраўды цягнецца моладзь, яна зараджае іх сваёй энергетыкай, умее з кожным знайсці агульную мову.
Ганна Раманаўна аднойчы спытала ў маладой кампаніі з Гервят: чаму яны прыязджаюць патанцаваць менавіта ў Варону? На што тыя ёй адказалі:
– Атмасфера тут свабодная. Да вас заўсёды прыемна прыйсці: заходзіш, а вы з такой радасцю сустракаеце.
Сама Ганна Раманаўна атрымлівае вялікае задавальненне ад масавасці на дыскатэках і стараецца, каб так было заўсёды. Калі яна толькі прыйшла сюды працаваць і моладзь не так актыўна наведвала Дом культуры, прыкладвала ўсе намаганні, каб зацікавіць іх: прыдумвала гульнёвыя праграмы, конкурсы. Калі ламалася апаратура – прыносіла ўласную, толькі б не прапусціць ні адной дыскатэкі і не страціць давер моладзі. А гэтым летам Ганна Раманаўна вырашыла рызыкнуць і на вечарынку “Развітанне з летам” заказала пеннае шоу з Мінска – усе былі вельмі задаволены, дыскатэка прайшла на “ўра”. Згадзіцеся, пенная вечарынка ў маленькай вёсцы – гэта нешта на грані фантастыкі.
– Але не ўсё так соладка, – кажа Ганна Раманаўна. – Гэта яшчэ і цяжкая праца – маральная і фізічная. Мала таго, што да ночы трэба дзяжурыць на дыскатэках, дык яны ж часам суправаджаюцца бойкамі – даводзіцца самой разнімаць забіяк – балазе, яны мяне слухаюцца. Вядома, усялякае здараецца, і не кожны работнік вытрымае такі рытм, але я не скарджуся – мне падабаецца мая работа, я не бачу сябе ні ў якім іншым месцы.
У сельскім Доме культуры можна не толькі адпачыць, але і павучыцца. Тут дзейнічае дзевяць гурткоў: тры па вакалу – два дзіцячыя і адзін дарослы – пад кіраўніцтвам Ганны Раманаўны Тункевіч, аматарскае дзіцячае аб’яднанне “Усмешка”, два тэатральныя гурткі для дзяцей і дарослых, майстэрства вядучага, аэробіка пад кіраўніцтвам Ганны Віктараўны Казлоўскай, а таксама гурток “Умелыя ручкі” пад кіраўніцтвам маладой супрацоўніцы Людмілы Казлоўскай. Сёння не так проста прыцягнуць дзяцей у Дом культуры, бо яны вельмі загружаныя ў школе, на факультатывах, некаторыя ходзяць яшчэ і ў музычную школу, таму нават пры вялікім жаданні часта проста фізічна не паспяваюць наведваць тэатральны гурток ці заняткі па эстрадных спевах. Але нягледзячы на гэта, Ганне Раманаўне ўдаецца зацікавіць школьнікаў, і яны ў свой вольны час з задавальненнем ходзяць на заняткі ў Дом культуры.
– Мяне аднойчы спыталі, ці патрэбна культура ў вёсцы? Я ўпэўнена, што яна неабходна! Што рабіць чалавеку ў вёсцы, куды ён тут можа выйсці? Канешне, у вялікім горадзе ёсць кафэ, кінатэатры, басейны, більярд – выбірай сабе адпачынак на любы густ. А ў нас Дом культуры – гэта адзінае месца, дзе дзеці, моладзь, людзі пажылога ўзросту могуць сустрэцца, пагутарыць, адпачыць. І я шчаслівая, што на мяне ўскладзена такая місія – несці людзям радасць. Увогуле, лічу, што работнік культуры – гэта чараўнік: чалавек, які развесяліць сумнага, уздыме настрой засмучанаму. І няважна, што часам у самой кошкі скрабуць на сэрцы – ніхто не павінен гэтага бачыць: трэба ўсміхнуцца і ісці весяліць і радаваць публіку.


Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.