Танцы з характарам ад Наталлі Янкоўскай

14:23 / 05.10.2011

Яны дораць нам яркія, экспрэсіўныя і эмацыянальныя нумары, калі рухі зліваюцца з музыкай, а сэрца б’ецца ў такт з рытмам. Танцавальны калектыў “Non-stop”, які дзейнічае на базе раённага цэнтра пазашкольнай работы, заўсёды ўвасабляе на сцэне штосьці цікавае, арыгінальнае, не падобнае ні на што іншае.
Наша сённяшняя гутарка з нязменным кіраўніком калектыву Наталляй Янкоўскай, для якой танцы – не проста прафесія, а выражэнне яе эмоцый, стылю, характару.


– Наталля, калі ў вас праявілася любоў да танцаў?
– Як і многія дзяўчынкі, я з дзяцінства мроіла танцамі. Але мне, у адрозненне ад некаторых іншых, пашчасціла ў другім класе трапіць у рукі прафесіянала – у нашым клубе ў вёсцы Палушы быў танцавальны гурток, і з намі займалася выдатны харэограф Наталля Колышка, якая і прывіла любоў да танцаў. Ды такую, што гэтае захапленне стала справай майго жыцця.
– Вы хочаце сказаць, што многае залежыць ад выкладчыка, а не ад таленту і здольнасцей?
– Некаторыя лічаць, што для таго, каб добра танцаваць, трэба мець толькі талент. Але ж любы талент трэба развіваць – а гэта ўжо залежыць ад граматнага выкладчыка. Часта здараецца, што прыходзіць дзяўчынка з пасрэднымі здольнасцямі, але яна працуе, стараецца – і ў яе ўсё атрымліваецца.
– Ваш шлях да прафесіі быў прамым – ці ўсё ж такі вы вагаліся, кім стаць?
– Я заўсёды хацела звязаць жыццё з творчай прафесіяй. Акрамя таго, што з 2 па 11 клас займалася танцамі, я яшчэ хадзіла ў музычную школу, спявала, выступала на канцэртах. Але ўсё ж такі менавіта танцы заставаліся маім любімым заняткам – вось і паступіла ў Гродзенскі каледж мастацтваў на спецыяльнасць “Харэаграфія”. Студэнцкія гады былі творчымі, вясёлымі, цікавымі. Мы пастаянна ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах. Маім сябрам быў Саша Нэма, тады яшчэ Сашка Яфімік, ён вучыўся на аддзяленні эстрадных спеваў. Калі нядаўна ён прыязджаў з канцэртам у Астравец, мы былі вельмі рады пабачыць адзін аднаго.
– Але ж шчаслівыя студэнцкія гады закончыліся і…
– І я вярнулася ў Астравец. З 2003 года працавала ў аддзеле культуры, дзе і стварыла танцавальны калектыў “Non-stop”. У 2008-м перайшла ў цэнтр пазашкольнай работы і перацягнула за сабой дзяўчынак. Першы танец, з якім мы выступілі на сцэне, быў “Дзікія танцы”. Гэта выступленне адбылося 9 мая ў лесапарку. Перад нашым выхадам пачаўся моцны лівень, але ён быў нам толькі на руку. Дзяўчынкі “вылажыліся” па поўнай – “Дзікія танцы” пад дажджом глядзеліся вельмі экспрэсіўна і выклікалі сапраўдны фурор у публікі. Калі працуеш і бачыш вынікі сваёй працы – атрымліваеш неверагоднае задавальненне. А вынікі ў нас нядрэнныя: на конкурсе “Маладыя таленты Гродзеншчыны” наш “Non-stop” заняў трэцяе месца, на рэспубліканскім конкурсе “Вікторыя-2010” мы сталі другімі.
– Прызнацца, калі першы раз убачыла “Non-stop” на сцэне, я падумала, што да нас прыехаў танцавальны калектыў са сталіцы з якой-небудзь прафесійнай школы танцаў. У чым сакрэт вашага поспеху?
– Мне здаецца, што поспех у любой справе будзе, калі ты аддаешся ёй на сто працэнтаў. Я жыву танцамі і стараюся прывіць сваім вучаніцам такую ж любоў. Але і аднаго жадання мала, тут яшчэ трэба добра папрацаваць. Хоць многія мае знаёмыя здзіўляюцца: маўляў, што ў цябе за лёгкая работа – танцуй сабе, а дзеці няхай паўтараюць. Толькі навучыць 10 чалавек танцаваць сінхронна, не гледзячы адзін на аднаго – не такая простая задача. Увогуле, каб зрабіць нумар, патрэбна мінімум паўгода.
– Колькі дзяўчынак зараз танцуюць у “Non-stop”? Як праходзяць заняткі?
– Зараз у старэйшай групе танцуюць 5 дзяўчынак з Гудагая і столькі ж – з Астраўца. У гэтым годзе планую набраць яшчэ дзве групы. Заняткі праходзяць два разы на тыдзень па дзве гадзіны. Я атрымліваю вялікае задавальненне ад работы са старэйшай групай, калі дзяўчынкі ўжо многае ўмеюць, хутка схопліваюць і з імі можна прыдумваць штосьці цікавае. Хоць і ім я ніколі не паказваю танец поўнасцю: спачатку мы адпрацоўваем адзін кавалачак, затым другі, потым злучаем. А яшчэ вельмі важна ў танцах трымаць форму – варта толькі летам не пахадзіць на заняткі, як дзяўчынкі расслабляюцца, становяцца вялымі і потым трэба добра папрацаваць, каб зноў увайсці ў рытм. Але мае вучаніцы вельмі адказныя, яны і летам прыходзяць і просяць пазаймацца з імі.
– Адкуль вы чэрпаеце ідэі для пастаноўкі танцаў?
– Я люблю глядзець шоу Мадонны, Бейонсэ, кожны год стараюся трапіць на канцэрт шоу-балета “Тодэс”. Зараз можна знайсці шмат відэазапісаў, каб выкарыстаць іх для пастаноўкі танцаў. Але ніколі не бяру матэрыял у чыстым выглядзе – мне гэта нецікава. Я бяру ідэю, некаторыя элементы, дапрацоўваю, суадношу са здольнасцямі дзяцей – і атрымліваецца цікавы танец з сумяшчэннем розных стыляў – пластыкі, танца жывата, go-go. Акрамя таго, мы з гукааператарам Сашам Аляханавым самі ствараем музыку для нашых кампазіцый. Калі дзеці выйдуць на сцэну і будуць танцаваць ад пачатку да канца пад адну песню – гэта нудна, нецікава. Іншая справа, калі мелодыя змяняецца і глядач не ведае, што будзе далей. Таму робім своеасаблівыя “папуры” – некалькі песень спалучаем у адну. Здаралася, што да ночы сядзім з Сашам, “наразаем” музыку кавалачкамі, потым злучаем, каб пераходы былі плаўнымі. Некаторыя не разумеюць – навошта гэта мне? Але па іншаму працаваць я не ўмею.
– Напэўна, у хуткім часе вы парадуеце нас якой-небудзь новай пастаноўкай?
– Так, ёсць у мяне адна ідэя: хачу ў гэтым годзе паставіць з дзяўчынкамі танга.
– Але ж новыя танцы патрабуюць і новых касцюмаў…
– Касцюмы прыдумваем самі, тканіну выбіраем і шыем, можна сказаць, за ўласныя грошы – бацькі вельмі дапамагаюць.
– Кім са сваіх вучаніц вы ганарыцеся найбольш?
– Мой гонар – гэта Аксана Гаваноўская, Ілона Жалток, Віка Праўлуцкая, Валя Калеснік – вельмі здольныя і працавітыя дзяўчынкі. Толькі ёсць у занятках са школьнікамі адзін сумны момант: ты стараешся, укладаеш усе свае сілы, каб яны здорава танцавалі, дасягаеш пэўных вышынь – але заканчваецца школа, яны паступаюць і ад’язджаюць вучыцца. І трэба набіраць новых дзяцей і пачынаць усё спачатку. Так, Аксана Гаваноўская ў гэтым годзе закончыла школу і паехала з Астраўца. Але калі нам неабходна недзе выступіць на адказным канцэрце, я прашу яе паўдзельнічаць у мерапрыемстве – і яна па магчымасці нам дапамагае.
– Якое ваша самае вялікае дасягненне ў жыцці?
– Гэта дзве мае дачушкі – Саша і Надзя. Саша ўжо ходзіць у 2 клас, а Надзі 4 гадкі. Яны часта бываюць на канцэртах і любяць глядзець, як я танцую. Дзеці – самае вялікае шчасце для жанчыны, я вельмі іх люблю. Хаця, прызнаюся, мама я строгая.
– А настаўніца?
– Настаўніца – таксама. Я вельмі патрабавальная, у мяне на занятках павінна быць дысцыпліна і 100-працэнтная наведвальнасць. Я не цярплю, калі хтосьці прапускае, а потым яму даводзіцца тлумачыць усё нанава.
– Што цэніце ў людзях?
– Чалавечнасць. Сёння рэчаіснасць такая, што ўсё вымяраецца рэчамі і грашамі. І часам так не хапае шчырых чалавечых адносінаў.
А яшчэ я вельмі люблю пазітыўных і аптымістычных людзей, якія, нават калі ўсё дрэнна, усё роўна ўсміхаюцца.
– Дзякуй за гутарку!


Вольга ШОЎКУН.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.