Плённае супрацоўніцтва астравецкіх і навагрудскіх палякаў

08:06 / 11.07.2011

Эстафетную палачку святкавання дня  польскай культуры члены Астравецкага раённага аддзялення Саюза палякаў на Беларусі перадалі cуайчыннікам з Навагрудка. І, вядома ж, самі паехалі ўслед за  падарункам – сябе паказаць, ды на іншых глянуць.


Калі ж гаварыць сур’ёзна, то астравецкіх і навагрудскіх палякаў шмат гадоў яднае плённае супрацоўніцтва і сяброўства. Навагрудчане – частыя госці на Астравеччыне, астраўчане – у Навагрудку.
На гэты раз арганізатары свята прысвяцілі яго святкаванню Купалля і разбілі на два ўмоўныя этапы: камерны і на прыродзе. Першы з іх праходзіў у актавай зале мясцовага каледжа, другі – на беразе возера Літоўка.
Канцэртную праграму забяспечылі пяць калектываў з Навагрудка, Слоніма і Астраўца. Усе, вядома, папярэдне старанна рыхтаваліся, вельмі адказна падышлі да выступлення і на долю кожнага з калектываў дасталася нямала глядацкіх апладысментаў. І ўсё ж…
Не палічыце мае словы за праяўленне славутага “свая кашуля бліжэй да цела”,  а проста прыміце на веру: хор “Польскае рэха Астраўца” канкурэнтаў на гэтым канцэрце не меў. Астраўчане ўзялі ўсім: цудоўнымі касцюмамі, дакладным падборам рэпертуару (трэба было праспяваць пяць песень), добрым настроем, уменнем рухацца на сцэне і не проста спевам, а сцэнічнай пастаноўкай кожнай песні.
Нашым самадзейным артыстам не толькі апладзіравалі, але і дарылі кветкі. А самай тэмпераментнай харыстцы Наталлі Такарчук нехта з польскіх гасцей (а іх у зале прысутнічала шмат – 45 нашчадкаў тых людзей, якія некалі жылі на Навагрудчыне, а ў час і пасля заканчэння Другой Сусветнай вайны выехалі ў Польшчу, завіталі на навагрудскае свята на камфартабельным двухпавярховым аўтобусе) у якасці падзякі за артыстычнасць нават падарыў шыкоўны шалік.
А на Літоўцы ўсіх чакалі духмяная юшка, каўбаскі, падсмажаныя на вогнішчы, і (самае галоўнае!) бясцэнная магчымасць яднання. Госці з Польшчы расказвалі свае навіны, распытваліся ў беларускіх палякаў пра іх жыццё-быццё. А калі пачалося ўласна Купалле і ў неба паднялося высокае полымя Купальскага вогнішча, астраўчане зноў былі ў авангардзе падзей: Генадзь зайграў на баяне, а жанчыны тут жа арганізавалі яму “ўдарную” падтрымку (ігралі, хто на чым – на “па-бутэльцы-лыжкай”, на дзвюх накрыўках ад гіганцкіх каструль, на “апалонікам-па-барбекюшніцы” і г.д.). Задзірыстая полечка змянялася карагодам вакол вогнішча, а вальс-бастон –  кракавякам. А яшчэ гучалі песні – польскія і беларускія. Моладзь, прыехаўшая з Польшчы, не выключала відэакамер, а людзі сталага ўзросту падпявалі нашым артыстам (“Пяхоту” і “Там, на Вавэлі”, “Росквіталі понкі бялых руж” і “Гэй, саколы”…). Падпявалі і плакалі: “Гэта ж песні нашага дзяцінства. Дзякуй вам, дарагія людзі, што гэтыя песні жывуць і сёння”.
Развітваліся – нібы гады пражылі разам. А замест апошняга “да пабачэння!” была зноў жа песня: “Мы гэтай песняй павітаем вас…” І яе спявалі ўсе прысутныя. Нават тыя, хто не ведаў слоў – вось яна, сіла сяброўства, сіла адной на ўсіх крыві.


Ганна ЧАКУР.