Фестываль «Адна зямля» прайшоў у Астраўцы

16:02 / 04.07.2011

Калі начальнікі аддзелаў культуры трох раёнаў – Маладзечанскага, Валожынскага і Вілейскага – стаміліся ад штогадовых пошукаў новых форм правядзення Дня моладзі, нарадзілася ідэя арганізаваць фестываль-конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні.
 “Адна зямля” – адначасова і слоган, і дэвіз, і канцэпцыя конкурсу. Ён праводзіцца сярод раёнаў, якія некалі ўваходзілі ў былую Маладзечанскую вобласць.
Сёлета “Адну зямлю” гасцінна прымаў Астравец.




ФЕСТЫВАЛЬ

У першым фестывалі, які адбыўся роўна 12 год таму, прымалі ўдзел выканаўцы толькі з раёнаў-заснавальнікаў. Аднак ужо праз год да іх далучыліся маладыя спевакі з Астравеччыны, Смаргоншчыны, Ашмяншчыны і Мядзельшчыны.
Згодна з палажэннем, фестываль праводзіцца ў кожным з раёнаў па чарзе. А вось прызавы фонд фарміруецца супольна.
“Гран-пры” набываюць “гаспадары”. Усе астатнія прызы – а іх, трэба прызнаць, нямала: па тры ў кожнай з чатырох узроставых груп – прывозяць з сабой раёны-удзельнікі.
Ёсць у прызавой скарбонцы і падарунак ад “Астравецкай праўды”. Але аб ім крыху пазней.
Паўдзельнічаць у конкурсе мае магчымасць любы выканаўца ва ўзросце ад 9-ці да 30-ці гадоў.
У Астравец прыехалі ажно 42 выканаўцы. Кожны з іх, згодна з умовамі фестывалю, мусіў выканаць дзве песні. Адну любую, па свайму жаданню і густу, а другую — беларускага аўтара і, пажадана, на беларускай мове.
Па праўдзе кажучы, з гэтым у многіх выканаўцаў узніклі праблемы. Не, справа не ў валоданні роднай мовай — усе выканаўцы прадэманстравалі выдатнае валоданне ёю, што не можа не радаваць. Аднак беларускі шоу-бізнес – зусім не расійскі. Таму знайсці патрэбную песню беларускага аўтара, якая б адпавядала патрабаванням конкурсу, ды яшчэ на беларускай мове, было не так і проста. Як ні намагаліся ўдзельнікі зрабіць арыгінальны выбар  не “заезджанай” кампазіцыі, некаторыя песні ў выкананні розных спевакоў паўтараліся па 2-3, а то і па чатыры разы.
Ёсць у гісторыі фестывалю і свае “адметнасці”. Адна з іх – Васіль Каспяровіч з Ашмян, удзельнік вядомага цыганскага ансамбля “Джана Рома”. Васіль прымаў удзел ва ўсіх 13-ці конкурсах! І паабяцаў, што будзе ўдзельнічаць да той пары, пакуль  не зойме 1-ае месца!



АРГАНІЗАЦЫЯ

Аддзел культуры, які выступіў арганізатарам сёлетняга фестывалю, за сваю работу смела можа залічыць сабе ў актыў дзясятку з плюсам.
Усё было на патрэбным узроўні: і афармленне сцэны ў амфітэатры астравецкага лесапарку, і вядучыя, і сцэнарый, у якім былі прадстаўлены ўсе ўдзельнікі, і канешне, галоўнае ў падобнай справе – музычнае суправаджэнне. Яно было бездакорным! Мікрафоны не свісталі і не гудзелі нават тады, калі выканаўцы выходзілі да публікі. Гук быў аптымальным – не “ціснуў” на вушы гледачам і адначасова з’яўляўся дастатковым, каб выканаўца ў поўнай ступені мог праявіць свае вакальныя здольнасці.
Нават сталічныя госці фестывалю, у асобе Сяргея Мінскага і яго групы, былі прыемна здзіўлены ўзроўнем музычнага забеспячэння і выказалі арганізатарам шчырую за гэта падзяку.
Традыцыйным суправаджэннем падобных мерапрыемстваў з’яўляліся гандлёвыя рады, падрыхтаваныя раённым райспажыўтаварыствам. У нашых кааператараў хапіла на ўсіх і шашлыкоў, і квасу, і іншых прысмакаў, якімі гандлявалі ў леспарку да позняга вечара.
У сваю чаргу арганізатары прасілі падзякаваць праз раённую газету тым, хто аказаў дапамогу ў правядзенні фестывалю: ГА “Белая Русь”, БРСМ, СВК “Варняны”, індывідуальнаму прадпрымальніку Аляксею Багдзюну.
А таксама работнікам РУП ЖКГ, РАНС, міліцыі, медыкам, якія дапамаглі забяспечыць чысціню, бяспеку і парадак падчас правядзення конкурсу.
І, вядома ж, усім жыхарам Астраўца і раёна, якія не пашкадавалі часу, прыйшлі падтрымаць сваіх выканаўцаў і не пакінулі амфітэатр да падвядзення вынікаў. Хоць падвядзенне і зацягнулася да позняга вечара.



КОНКУРС

З самай першай групы, у якой дэманстравалі сваё майстэрства выканаўцы ад 9-ці да 13-ці гадоў, і да апошняй, у якой выступалі ўжо вопытныя майстры, узровень выканаўчага майстэрства пакінуў самыя добрыя ўражанні. Без сумненняў, “Адна зямля” далёка не  ўскраіна музычнай Беларусі. Выдатнае вакальнае майстэрства дэманстравалі практычна ўсе ўдзельнікі. Заставалася толькі паспачуваць журы, якому трэба было праслухаць 84 песні і вызначыць у гэтым суквецці талентаў самых-самых.
Дарэчы, у складзе журы былі традыцыйна выключна прафесіяналы: члены Саюза кампазітараў, выкладчыкі музычных навучальных устаноў, рэжысёры, спецыялісты абласных цэнтраў народнай творчасці.
Музычную Астравеччыну на фестывалі прадстаўлялі: Яўген Юркойць і Вераніка Дашына – у самай малодшай узроставай групе; Ілона Масейка і Вікторыя Гарбачэўская спаборнічалі ў другой; за перамогу ў трэцяй змагаліся Анастасія Клімашэўская і Вікторыя Ярмак; а майстэрства ў чацвёртай, самай малаколькаснай, аднак самай прэстыжнай, дэманстаравалі Таццяна Канчанін і Наталля Вянгроўская. Наталля, дарэчы, у гэты ж дзень святкавала свой юбілей і на цырымоніі ўзнагароджання пад апладысменты прысутных атрымала шыкоўны букет ад начальніка аддзела культуры Астравецкага райвыканкама Сяргея Лявонцьевіча Сяўко. На жаль, ні круглая дата, ні родныя сосны астравецкага амфітэатра не дапамаглі Наталлі дабіцца перамогі ў конкурсе. Як і іншым удзельнікам ад нашага раёна. Шкада і крыўдна. Не таму, што мы патрыятычна хварэлі за нашых, а таму што нашы сапраўды выступілі дастойна.
Слабым суцяшэннем стала толькі трэцяе месца ў сваёй узроставай групе Таццяны Канчанін. Яе яркае, запамінальнае, натхнёнае выступленне выразна вызначалася на фоне іншых удзельнікаў і заслугоўвала — сама меней — першага месца! Аднак нават другое месца ў дадзенай узроставай групе суддзі вырашылі чамусьці не прысуджаць.
Ужо пасля падвядзення вынікаў пацікавіўся ў старшыні журы Астравецкага фестывалю Іны Сцяпанаўны Дзідаравай, як трэба выканаць песню, каб перамагчы ў конкурсе.
Адказ быў такім: “Знайсці сваю, арыгінальную інтанацыю, сваё прачытанне і сваё выкананне твора”.
Па вялікаму рахунку ўсё правільна. Аднак гэта — задача-максімум, якая па сілах – і то далёка не заўсёды – прафесіянальным артыстам. У фестывалі ж “Адна зямля” ўдзельнічаюць самадзейныя выканаўцы, для якіх быць як можна больш падобнымі на сваіх куміраў – ужо дасягненне. І для нас – звычайных гледачоў, не абцяжараных музычнай адукацыяй і мала разумеючых тонкасці акадэмічнага выканання – таксама.
Прыз глядацкіх сімпатый ад “Астравецкай праўды” дастаўся нашай узыходзячай зорачцы, маладому спецыялісту аддзела культуры Анастасіі Клімашэўскай. Яе шчырае, пранікнёнае выкананне беларускай і ўкраінскай песень не пакінула абыякавымі гледачоў і выклікала сапраўдныя авацыі. Ганаровая грамата і прыз трапілі ў дастойныя рукі.
Сваё першае месца нарэшце заваяваў Васіль Каспяровіч.
А гран-пры фестывалю “Адна зямля” – тэлевізар — паехаў у гэтым годзе ў Маладзечна. Яго атрымала студэнтка музычнага вучылішча, салістка ўзорнай студыі эстраднай песні Палаца культуры, якой кіруе член саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч, Анастасія Апанасенка.
З перамогай, суседзі!
Нам жа застаецца спадзявацца, што музычная фартуна будзе больш ласкавай да нас у Вілейцы – на наступным фестывалі “Адна зямля”.


Эдуард СВІРЫД, фота аўтара.