Заслужаны мастак Расіі Мікалай Карнілаў падарыў Астравецкаму раёну карцінную галерэю

13:44 / 27.06.2011
1

Звычайна падарункі дораць імянінніку. У Мікалая Карнілава, вядомага мастака, журналіста, пісьменніка, мецэната, заслужанага мастака Каралакалпакіі, Узбекістана і Расіі, члена саюза пісьменнікаў Расіі, заслужанага мастака Расіі, прэзідэнта асацыяцыі “Мастацтва народаў свету”, іншае правіла: на свой дзень нараджэння ён сам дорыць падарункі. Падарункі шчодрыя, можна сказаць – бясцэнныя: карцінныя галерэі, у якіх прадстаўлены работы мастакоў розных краін, жанраў і напрамкаў. Такіх падарункаў ужо сорак – яны адкрыты ў многіх гарадах Расіі, Узбекістана, Казахстана. У мінулым годзе спіс краін, куды распрасцёрлася дабрачыннасць Мікалая Карнілава, папоўніла Беларусь: карцінная галерэя ў дзень нараджэння мастака Мікалая Карнілава адкрылася ў суседніх  Ашмянах.
Сёлета пашанцавала Астравеччыне. У мінулую пятніцу ўрачыстая прэзентацыя карціннай галерэі, якую падарыў Мікалай Карнілаў Астравецкаму раёну, прайшла ў Гервяцкім Доме культуры.


Мікалай Карнілаў – чалавек унікальны. Пра такіх гавораць – самародак. У трынаццаць гадоў ён з вузялком за плячыма, у якім былі толькі яго дзіцячыя вершы і малюнкі, дзясятак бульбін ды пару чырвонцаў, пакінуў родны край і пайшоў у вялікі свет – шукаць шчасця і сябе самога. Самае дзіўнае, што ў вялікім і жорсткім свеце не страціўся, не “пайшоў на дно” – хоць пабываў і там. Ён не проста  выплыў, а, маючы толькі два класы афіцыйнай адукацыі, стаў прызнаным калегамі і любімым чытачамі журналістам, якога ахвотна друкавалі ўсе выданні; напісаў мноства кніг і быў прыняты ў саюз пісьменнікаў. Стварыў сотні карцін – і атрымаў званне заслужанага мастака Расіі. У ліхія 90-я, калі ўсё разбуралася і нікому не было справы да мастацтва, стварыў у Маскве асацыяцыю “Мастацтва народаў свету”, пад крылом якой знаходзілі раней і знаходзяць цяпер прытулак многія таленты, прызнаныя і пачынаючыя. Сабраў тысячы карцін, скульптур, іншых твораў мастацтва, багацейшую бібліятэку – і, як сам прызнаецца, ніколі ніводнай карціны не прадаў, хоць былі часы, калі літаральна паміраў з голаду і начаваў на вакзалах. Затое ён шчодра раздорвае іх — сябрам, знаёмым і незнаёмым. А ў апошні час – краінам і гарадам. З адной умовай – гарады павінны быць не сталіцамі і буйнымі цэнтрамі – там і без таго хапае магчымасцей для сустрэч з мастацтвам. А вось у жыхароў невялікіх гарадкоў, вёсак, дзе таксама нямала прыхільнікаў цудоўнага, такой магчымасці часцей за ўсё няма. “Дык няхай будзе” – вырашыў Мікалай Карнілаў, раздорваючы нават не карціны – цэлыя галерэі са сваёй уласнай калекцыі, якую ён збіраў і збірае на працягу дзесяцігоддзяў. А яшчэ — шыкоўныя бібліятэкі кніг па мастацтву.
Такое мецэнацтва, якое некаму можа падацца дзівацтвам, — адгалоскі ўласнага цяжкага дзяцінства мастака. Сённяшні мэтр узгадвае, як ніхто ў казахскай станіцы пад Какчатавам не разумеў дзіўнага хлопчыка Колю Карнілава, які дбаў не пра хлеб надзённы, а пісаў вершыкі і маляваў – на абрыўках абгортачнай паперы, на кавалках старых газет. Потым у сваім раннім самастойным жыцці ён настойліва шукаў сустрэч з мастакамі, каб хоць краем вока глянуць на сапраўдныя карціны, пабачыць, як жа іх ствараюць МАЙСТРЫ. І сёння ён гатовы зрабіць усё, што ў яго сілах, каб у адораных дзяцей з правінцыі была магчымасць пазнаёміцца з сапраўдным мастацтвам ва ўсіх яго праявах.
Так што дзецям Астравеччыны пашанцавала – ды і дарослым не менш: у іх цяпер  ёсць магчымасць, практычна не ад’язджаючы ад дому, пазнаёміцца з творчасцю мастакоў свету. Самых розных – прафесараў і пачынаючых, прыхільнікаў самых  розных тэхнік і стыляў… Абсалютна рэальны ружавашчокі гарэза “Хлопчык Федзя” В. Сцяпашкіна, які, здаецца, толькі прыбег з катка, перапоўнены марознай свежасцю   — і “Трывога” Ю. Іванова, дзе ўвогуле няма сюжэту – а непакой проста льецца з палатна магутным патокам. Яго ж “Рабочы”, напісаны ў лепшых традыцыях сацыялістычнага рэалізму і “Лунацік” — як зыбкі, трывожны, няпэўны сон… “Асенняя цішыня” беларускай мастачкі С. Краснашчокавай – нібы падгледжаная на дарозе да Гервят – і экспрэсіянісцкі пейзаж І. Бяляевай, пра які словамі не раскажаш… Прыхільнікі любога напрамку ў жывапісе знойдуць сярод больш чым сотні работ, што прадстаўлены ў галерэі, сваю карціну, — тую, што ляжа на душу, зачэпіць, прымусіць задумацца ці абудзіць нейкія згадкі, асацыяцыі. Можа, гэта будзе “Адзінокі воўк” самога Мікалая Карнілава, ці яго цыкл “Мая Каракалпакія”, ці па-дзіцячы светлая і бясхітрасная дзяўчынка з карціны “Калі сланечнікі былі вялікімі”, ці стомленая і невыказна прыгожая, інтэлігентная “Жанчына ў ружовым”, Ю. Іванова, ці яго ж “Ружы жывыя, ружы засохлыя”, на росквіт якіх, як і згасанне, глядзіць з запыленага люстэрка няпэўнае, як вера многіх з нас, адлюстраванне-адбітак абраза Багародзіцы…



У многіх можа ўзнікнуць пытанне: чаму Мікалай Карнілаў вырашыў падарыць свае карціны менавіта тром паўночным раёнам Гродзеншчыны – Ашмянскаму, Астравецкаму, Смаргонскаму? Тут ролю “рукі Фартуны” сыграў даўні, яшчэ па журналісткай працы ў Казахстане, сябар Карнілава, журналіст з літоўскай газеты “Обзор” Альгірдас Плукіс, які вельмі любіць і ўсяляк прапагандуе Беларусь і мае трывалыя сувязі ў нашых трох раёнах. Менавіта ён “падкінуў” ідэю мастаку, які да таго ўжо падарыў сорак карцінных галерэй розным гарадам Расіі, Казахстана, Узбекістана: а чаму б у гэты спіс не дабавіць і братнюю Беларусь? І ўмацаваць такім чынам даўняе, праверанае стагоддзямі, сяброўства Расіі, Беларусі, Літвы. А шчодры душою і хуткі на пад’ём Карнілаў з энтузіязмам яе ўспрыняў і ўзяўся за ажыццяўленне. У чым яму вельмі дапамагала яго жонка Серафіма –паплечнік і верны памочнік.
Ну, а чаму на Астравеччыне выбар паў менавіта на Гервяцкі Дом культуры, растлумачыў загадчык раённага аддзела культуры Сяргей Лявонцьевіч Сяўко:
—Па-першае, у гэтым прасторным будынку ёсць месца для размяшчэння вялікай галерэі – і нават тут пакуль што змясціліся не ўсе падораныя Карнілавым карціны. Па-другое, дзякуючы цудоўнаму касцёлу Святой Тройцы, які прываблівае ў Гервяты людзей зблізку і здалёку, тут бывае шмат турыстаў – і знаёмства з работамі мастакоў народаў свету павінна стаць яшчэ адным цікавым пунктам іх гервяцкай праграмы. А ў будучым, калі ў рамках будаўніцтва ў Астраўцы горада энергетыкаў  у нас з’явіцца дастойны Палац культуры, карцінная галерэя ў шмат больш пашыраным выглядзе – у нас жа, нагадаю, ёсць яшчэ перададзеныя ў дар раёну творы Бірутэ Куцкайтэ, работы з двух пленэраў мастакоў і іншыя вартыя ўвагі творы жывапісу – размесціцца там.
Падчас адкрыцця мастацкай галерэі, а затым яе прэзентацыі ў адрас Мікалая Карнілава і яго памочнікаў і паплечнікаў прагучала шмат цёплых слоў удзячнасці і захаплення — ад імя раённай улады, работнікаў культуры, жыхароў Гервят. Намеснік старшыні райвыканкама В.М. Аксютчык уручыў яму Падзячнае пісьмо старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў за ажыццяўленне праекта “Мастацкія каштоўнасці маскоўскай галерэі НІКОР Міжнароднай асацыяцыі “Мастацтва народаў свету” – у дар братняму беларускаму народу”. Памятныя сувеніры падарылі Мікалаю Ізосімавічу начальнік раённага аддзела культуры Сяргей Сяўко і захавальніца экспазіцыі Святлана Карэйва.
І ўсё ж, як падкрэсліў Сяргей Лявонцьевіч, самы дарагі падарунак зрабіў нашаму раёну ў дзень свайго нараджэння сам мастак Мікалай Карнілаў. Які да таго ж паабяцаў, што – не апошні: галерэя будзе ўвесь час папаўняцца і абнаўляцца.


Ніна РЫБІК.