Творчая справаздача Астравецкай школы мастацтваў

09:55 / 06.06.2011

“Вясеннія сустрэчы”, якія штогод арганізоўвае Астравецкая школа мастацтваў, сталі ўжо традыцыйнымі і карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Вось і на гэты раз паглядзець на таленавітых дзяцей і не менш таленавітых педагогаў у кінаканцэртную залу “Астравец” прыйшло шмат людзей, іх на дзве гадзіны аб’яднала мастацтва.


Сёлета “Вясеннія сустрэчы” аднеслі амаль на месяц – адміністрацыя школы мастацтваў і педагогі  вырашылі на справаздачным канцэрце павіншаваць сваіх выпускнікоў і ўручыць ім дакумент аб атрыманні музычнай адукацыі.
Як і звычайна, у зале панавалі музыка, танцы, прыгажосць, мастацтва  і талент. І чаго было больш, адназначна сказаць немагчыма.
Чаго толькі каштуе выступленне старажыла музычнай школы і вядомага не толькі ў раёне, але і за яго межамі  дзіцячага аркестра народных інструментаў пад кіраўніцтвам Надзеі Паўлаўны Шарэйка! Іх цудоўна сыграны “Тульскі самавар” і “Чорны кот”, якога цудоўна выканала Таццяна Падгайская,  прымусіў залу заслухацца. А пры выкананні “Беларускай полькі”, пад якую танцавалі  вучні харэаграфічнага класа, ногі і ў гледачоў ішлі ў скокі.
Неаднаразовы пераможца шматлікіх конкурсаў Андрэй Шэміс прапускае праз сябе кожную нотку – напэўна, таму яго барытон так цудоўна слухаецца. Гэта ён даказваў ужо не раз – і  пацвердзіў зноў.
Не адвесці вачэй было і ад выпускнікоў. Гэта і зразумела – яны атрымлівалі пасведчанні аб заканчэнні музычнай школы. І няхай гэты дакумент пакуль што не даў ім пуцёўку ў жыццё, але дзякуючы яму многія выберуць сабе прафесію па душы, а для іншых веды, атрыманыя ў школе, застануцца захапленнем на ўсё жыццё.
Музычная школа ў Астраўцы працуе сорак другі год – за гэты час адбылося 38 выпускаў, 270 яркіх і непаўторных дзяцей атрымалі дакументы аб музычнай адукацыі. Сёлета школу мастацтваў  закончылі 32 вучні, сем з іх – на “выдатна”. Менавіта яны – Аляксандра Юрчык, Ілона Жалток, Ірына Масейка, Ірына Мілешка, Ігар Пясляк, Ангеліна Пятровіч і Маша Рынковіч – першымі атрымалі з рук дырэктара школы пасведчанні выдатнікаў і граматы за выдатную вучобу.
А пасля слоў віншавання ад бацькоў і выпускнікоў, і музычнага падарунка ў выкананні Веранікі Бяляўскай  зноў пайшлі канцэртныя нумары. І сярод ужо добра вядомых у нас на Астравеччыне ўзорнага хору “Ветразь” пад кіраўніцтвам Ірыны Анатольеўны Волчак, які сёлета зноў пацвердзіў сваё званне, узорнага дзіцячага духавога аркестра, якім кіруе Аляксандр Мікалаевіч Антановіч, Маргарыты Янульчык і Аліны Вайшнаровіч прагучалі і новыя імёны.
Штогод выкладчыкі і іх выхаванцы прыдумваюць нешта новенькае. І сёлета таксама былі сюрпрызы. Да прыкладу, гітарны аркестр пад кіраўніцтвам Аксаны Уладзіміраўны Сяўко. Яму толькі другі год, але ўжо  бачна, што ў рабят і іх кіраўніка ўсё атрымліваецца вельмі ўдала. 
Гэтак жа добра прайшло і выступленне вакальнай групы выпускнікоў, а таксама хору вучняў малодшых класаў пад кіраўніцтвам Святланы Барысаўны Павалоцкай. Іх вясёлыя сараканожкі, якія спазніліся на ўрок, доўга валодалі ўвагай гледачоў.
У тэатральным класе вучацца толькі самыя смелыя і артыстычныя. І тым не менш першы раз выходзіць на сцэну складана. Але ў Анжалікі Базюк, якая выканала маналог, усё атрымалася. Гэтаксама, як і ў выхаванцаў  харэаграфічнага класа. Адладжаныя рухі,  асэнсаваныя  полька і рок-н-рол, пастаноўкай якіх займалася Алена Уладзіславаўна Дзям’янчык, атрымалі бурныя апладысменты ўдзячных гледачоў. І песню Дзіяны Цэйка суправаджаў падтанцоўкай шоу-балет харэаграфічнага класа.
Парадавалі і настаўнікі школы мастацтваў. Юрый Аляксандравіч Жэбіт і Марыя Іванаўна Арлоўская на баянах выканалі папуры ваенных песень, прысвечаных Дню Перамогі. У мінулым годзе ў школе мастацтваў быў адкрыты клас флейты – і настаўніца  Ганна Вальдэмараўна Каленік разам з калегамі Вольгай Мікалаеўнай Сцепанель і Аленай Генрыхаўнай Раткевіч, якія суправаджалі яе ігру на скрыпцы і фартэпіяна, прадэманстравалі, як ўзнёсла і пранікнёна можа гучаць  “Танга для Клода”.
Чамусьці многія лічаць, што педагогі іграюць толькі класіку. Але трыо педагогаў у складзе Алены Генрыхаўны Раткевіч, Святланы Станіславаўны Красновай і Вольгі Мікалаеўны Сцепанель даказалі, што яны могуць выконваць розныя творы. Таму кампазіцыя “Мані-мані” з рэпертуару групы “АВВА” ў іх выкананні таксама была ўспрынята гледачамі на “ўра”.
Але не толькі выконваць творы на музычных інструментах пад сілу астравецкім педагогам. Могуць яны і цудоўна спяваць – і вакальная група настаўнікаў, у якую ўвайшлі Святлана Станіславаўна Краснова, Аксана Ягораўна Баршэвіч, Аксана Уладзіміраўна Сяўко і Таццяна Янаўна Канчанін, пацвердзіла гэта, калі выканала песню “Птушкі белыя”.
Адгучалі музыка і песні, але, трэба спадзявацца,  не надоўга. У наступным вучэбным годзе настаўнікі і вучні зноў сустрэнуцца, каб атрымаць новыя веды, навучыцца нечаму невядомаму, а потым зноў вынесці гэта на суд гледачоў!


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.