Акардэаністы-віртуозы выступілі на астравецкай сцэне

08:50 / 18.04.2011

Ужо стала добрай традыцыяй, што госці Астравецкай школы мастацтваў – вядомыя выканаўцы-інструменаталісты і музычныя калектывы – становяцца гасцямі астраўчан.


Вось і ў мінулы панядзелак на сцэне кінаканцэртнай залы “Астравец” выступалі акардэаністы-віртуозы, лаўрэаты шматлікіх конкурсаў, салісты ансамбля “Фестываль” Уладзімір Бубен і Уладзімір Федарук. У іх сапраўды бліскучым выкананні прагучалі творы іспанскіх, італьянскіх, французскіх, рускіх кампазітараў, малдаўскія найгрышы і нават “скандынаўскі жарт”. Гледачоў пакарылі талент музыкантаў, віртуознае валоданне інструментам і шчыры кантакт з залай.
Абодва музыканты, акрамя ігры ў ансамблі, актыўна займаюцца выкладчыцкай працай. Старэйшы з іх – Уладзімір Бубен – вядомы ў Беларусі музычны педагог, у свой час быў выкладчыкам па інструменту ў дырэктара школы мастацтваў Генрыха Францавіча Волчака.
А другі госць – Уладзімір Федарук – амаль астраўчанін: тут жылі яго бабуля і дзядуля – вядомыя і паважаныя настаўнікі Алейнікі. Памяці іх Уладзімір прысвяціў музычны твор, якім і завяршылася канцэртная праграма.


Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.