Астраўчане гулялі Масленіцу

11:07 / 10.03.2011

Шырокая, сырная, сытная, свавольная і разгульная. Як толькі ні называюць масленічны тыдзень! Існуе павер’е, што калі шмат весяліцца ў гэтыя святочныя дні, то наступны год будзе вельмі ўдалым і шчаслівым. Заведзена хадзіць да цешчы на бліны ці проста адзін да аднаго ў госці. А галоўная ўрачыстасць звычайна прыпадае на нядзелю. Жыхары раёна 6 сакавіка, у апошні дзень масленічнага тыдня, змаглі трапіць на сапраўдны банкет пад адкрытым небам з песнямі, танцамі і весела правесці надакучлівую зіму.


Гукі свята “Вясёлая Масленіца”, якое арганізавалі работнікі культуры ў лесапаркавай зоне, даносіліся здалёк і не дазволілі астраўчанам застацца ў гэты радасны дзень дома. Пацешныя жарты, песні, прыпеўкі, танцы і гульні чакалі гасцей свята. Акрамя таго, арганізатары падрыхтавалі спартыўныя спаборніцтвы і цікавыя конкурсы. Спрытныя і дужыя мужчыны спаборнічалі ў падняцці 24-кілаграмовай гіры. І тут месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе месца заняў Яўгеній Смішны (38 пад’ёмаў), 50 разоў падняў гіру Барыс Ціток і стаў другім, а самым дужым аказаўся Уладзімір Батура, які з лёгкасцю падняў гіру 60 разоў. Мужчыны атрымалі граматы і падарункі.
Вельмі шмат на свяце было дзяцей, якія гулялі ў снежкі, вадзілі карагоды, з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах: змагаліся за падарункі, якія прывезла жартоўная аўталаўка з Падольцаў, і выстраіліся ў вялікую чаргу, калі справа дайшла да біцця адно аднаго мяшкамі з саломай.


Кульмінацыйным момантам свята стала рытуальнае спальванне саламянага пудзіла – сімвала адыходзячай зімы. Вакол палаючага пудзіла дзетвара і дарослыя вадзілі карагод, а разам з дымам развейваліся халады і нягоды.
Падчас “Вясёлай масленіцы” працавалі гандлёвыя рады, дзе астраўчане маглі пачаставацца духмянымі шашлыкамі і, канешне, круглымі, румянымі, нібы сонейка, блінамі. Пагрэцца можна было гарачай кавай ці гарбатай і нават цёплым і духмяным глінтвейнам. Прыхільнікам здаровага ладу жыцця была прадастаўлена магчымасць узяць напракат спартыўны інвентар і пакатацца на лыжах ці каньках.
Напэўна, ніякае свята не праходзіць так бурна і весела, як Масленіца. Сапраўды, гэта радаснае відовішча, якое сімвалізуе пачатак вясны – яркай, сонечнай і светлай.
Ну што ж, зімачцы пашлём паклон, бо ў двары вясенні звон!


Вольга ШОЎКУН.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.