Хор Астравецкага Дома культуры пацвердзіў ганаровае званне

15:34 / 04.03.2011

Як і варта было чакаць, народны хор ветэранаў працы “Вясёлка” раённага Дома культуры паспяхова выступіў на 17 фестывалі  мастацкай творчасці “Не старэюць душой ветэраны”, які па традыцыі праводзіцца напрыканцы зімы ў Іўі.


Зноў жа па традыцыі  арганізатары музычнага свята складаюць канцэртную праграму такім чынам, што лепшыя калектывы выступаюць у канцы. Астраўчанам на гэты раз  выпала даваць фінальны акорд – яны выходзілі на сцэну дзясятымі. Але гэта толькі дабавіла вастрыні чаканню, бо наш калектыў даўно здабыў славу і гонар сярод мастацкіх ветэранскіх аб’яднанняў і ў шматлікіх іўеўскіх гледачоў.
На гэты раз буру апладысментаў заслужылі не толькі сам хор, але і яго саліст Віктар Невяроўскі, і вакальны квартэт у складзе Дануты Папеня, Клаўдзіі Дублёных, Надзеі Харытонавай і Ірыны Тумко. А ў цэлым “Вясёлцы” ўдалося самае галоўнае – сваім  высокім выканаўчым майстэрствам у чарговы раз пацвердзіць  званне народнага аматарскага калектыву і атрымаць адпаведнае пасведчанне.
А яшчэ хор прывёз дадому Дыплом упраўлення культуры аблвыканкама і абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці “За духоўнае і патрыятычнае выхаванне моладзі, прапаганду песні і актыўны ўдзел у культурным жыці вобласці” і каштоўны прыз – мікрахвалевую печ.
Vivat, “Вясёлка”! Так трымаць!


Таіса СЯМЁНАВА.