Музей Падольскай сярэдняй школы «Дарога лёну»
13:49 / 08.11.2019
Па дарозе лёну
Сярод такіх – дырэктар Іван Сухарэўскі, які скончыў школу ў 1979 годзе, а падчас навучання паспеў папрацаваць і на яе будаўніцтве, і на добраўпарадкаванні тэрыторыі.
ПАЧАТАК
Менавіта тады, у далёкім 1977 годзе, і была закладзена аснова для стварэння адной з сённяшніх славутасцей установы – музея «Дарога лёну», які размяшчаецца ў двух пакоях.
У першым адлюстраваны працэс з’яўлення тканых вырабаў – ад вырошчвання расліны і яе апрацоўкі да ткання.
Гісторыя гэтай часткі музея цікавая і значная – нездарма ж у 80-я гады школьная музейная экспазіцыя пабывала ў Маскве на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (знакамітай ВДНГ). Ды што там пабывала! Атрымала залаты медаль!
– Цяпер складана падтрымліваць ткацкія станкі ў рабочым стане, – расказвае дырэктар школы. – Адыходзяць у нябыт людзі, якія займаліся ткацтвам. Ды і час цяпер іншы.
Іван Францавіч падыходзіць да кроснаў і ўспамінае, як у яго дзяцінстве зімой, калі работы ў жанчын было менш, амаль у кожным доме ў самым вялікім пакоі ставілі кросны – іх прыносілі з гарышча – і пачыналася праца. А разам з ёй ліліся размовы і песні.
З тых часоў у музеі захавалася мноства саматканых рэчаў – іх перадавалі з пакалення ў пакаленне, а потым аддалі ў школу. І тут у саматканых абрусоў, ручнікоў і дываноў пачалося новае жыццё.
– Музей не пустуе: тут праходзяць экскурсіі – для нашых навучэнцаў, прыязджаюць дзеці з іншых школ, – расказвае Іван Сухарэўскі. – Была нават прапанова зрабіць музей народным, толькі пакуль што яна так і засталася прапановай.
Гістарычнымі сцежкамі
– Калі ў школе з’явілася вольнае памяшканне, мы вырашылі пашырыць музей, – расказвае дырэктар Падольскага НПК.
– У ім змясцілі матэрыялы і экспанаты, якія расказваюць пра гісторыю мясцовасці, школы і лёс нашых знакамітых землякоў. Ёсць тут экспазіцыі, прысвечаныя Казіміру Сваяку і Станіславу Валодзьку. Палову памяшкання займае гісторыка-этнаграфічная частка.
І калі «Дарога лёну» ўтрымлівае каштоўныя экспанаты – некаторым ручнікам і дыванам не адзін дзясятак гадоў і наўрад ці дзе яшчэ знойдзеш такія экзэмпляры, то ў другой яго частцы сабраны самыя звычайныя рэчы, якімі карысталіся нашы дзядулі і бабулі. Сёння, праўда, большасць з іх ужо выйшла з ужытку. Тут жа, у музеі, рэчы сталі гісторыяй, якую з задавальненнем вывучаюць школьнікі.
– Напрыклад, гэтыя драўляныя калёсы – абсалютна новыя, яны нават не акаваныя, – дэманструе Іван Францавіч каштоўны экспанат. – Але ж ручная работа! Для дзяцей гэта сапраўдны цуд! Дзе яны яшчэ такое ўбачаць!
– Ці керагаз! Школьнікі сёння нават не ведаюць, што такое газа і дзе яна выкарыстоўваецца, – расказвае дырэктар школы, паказваючы яшчэ адзін прадмет.
Пачэснае месца на сценах музейнага пакоя занялі вышытыя вясковымі жанчынамі карціны – калісьці яны ўпрыгожвалі сцены дамоў, а цяпер «расказваюць» дзецям гісторыю мінулага стагоддзя.
– У нашым музеі шмат рэчаў. І кожная з іх мае сваю каштоўнасць. Паглядзіце на гэтыя боты – самаробныя, новенькія, не абуваныя. Мабыць, чакалі для гэтага важнай падставы, так і не дачакаліся, – усміхаецца дырэктар. – Іх шыў мой бацька ў 50-я гады мінулага стагоддзя. Яны нават падбіты драўлянымі цвічкамі. Зразумела, цяпер месца ім толькі ў нашым музеі.
Пра кожную рэч Іван Францавіч можа расказаць цэлую гісторыю: хто прынёс, каму служыла і што сённяшнія школьнікі ведаюць пра яе.
Сярод сабраных у музеі экспанатаў ёсць і тыя, якія не адзін год верна служылі настаўнікам і вучням. Напрыклад, тэлевізар «Арбіта», па якім глядзелі выпускі навін і навукова-практычныя тэлеперадачы, калі мультымедыя і камп’ютараў не было, і сёння працуе. Ёсць тут і магнітафон, які помніць гісторыі кахання юнакоў і дзяўчат на школьных дыскатэках.
Сярод школьных рэчаў – і калекцыя фотаапаратаў. У савецкія часы ў школе працаваў фотагурток, была створана фоталабараторыя з усім неабходным абсталяваннем. Потым штосьці спісалі і выкінулі, а нешта засталося – і знайшло месца на паліцах школьнага музея.
– Дзеці з задавальненнем сюды прыходзяць і акунаюцца ў даўніну, – расказвае дырэктар школы. – А мы стараемся падтрымліваць у належным стане тое, што сёння маем, і працягваем пошук экспанатаў.
З музейнага архіва
Газеты
З апошніх экспанатаў, якія з’явіліся ў школьным музеі, – падшыўка газет на польскай мове. Яе ў Падольцы прывезлі з Гудагая. Польскамоўныя газеты выпісвала ці купляла бабуля нявесткі Івана Францавіча.
– Газеты датаваныя 1921 і 1922 гадамі. Паглядзіце, якая якасць здымкаў – сучаснай газеце, мне здаецца, да гэтага далёка. А калі пачытаць, колькі тут цікавай інфармацыі можна адшукаць!
Фотаздымкі
Асобная гісторыя звязана з фотаздымкам, зробленым на першай лінейцы. На ёй тэрыторыя школы не добраўпарадкавана, стаіць зварачны апарат, а дзеці ўжо сабраліся на лінейку.
– А на фотаздымку з першакласнікамі ўвогуле на заднім плане стаяць будаўнікі, – дэманструе Іван Францавіч «далёкіх сведкаў гісторыі». – У 1977 годзе прайшла першая лінейка, але яшчэ гады два мы добраўпарадкавалі школу і яе тэрыторыю.
Падручнікі
Час бяжыць хутка. І тая пер’евая ручка, якой некалі акуратна выводзіў літары ў сшытках дырэктар школы, сёння ўжо гісторыя.
Важнае месца ў музейным архіве займаюць і старыя школьныя падручнікі.
– Гэта цяпер кнігі дзецям выдаюць у школе, а раней іх трэба было набываць самастойна – і перадаваліся яны, так сказаць, з пакалення ў пакаленне, – расказвае Іван Францавіч. – Школьнікі гартаюць гэтыя падручнікі і дзіву даюцца. Толькі на такіх прыкладах можна вывучыць гісторыю сваёй малой радзімы.