Жизнь островчанина Виктора Михайловича Васильчика изменила Великая Отечественная война

11:00 / 17.09.2013
У другой палове ліпеня ў рэдакцыю газеты патэлефанаваў ветэран педагагічнай працы з Гомельшчыны Анатолій Фёдаравіч Хлапкоў, які паведаміў, што ў яго ёсць цікавая інфармацыя пра цудоўнага чалавека з Астравеччыны, які амаль усё сваё жыццё правёў на Гомельшчыне. І нягледзячы на тое, што Віктар Міхайлавіч Васільчык жыў у Жлобінскім раёне, нарадзіўся ён у Астравецкім раёне.
Таму прапанова Анатолія Фёдаравіча даслаць у рэдакцыю газеты артыкул пра Віктара Міхайлавіча Васільчыка нас зацікавіла, і мы далі “дабро” на такое супрацоўніцтва.

Для даведкі:
Віктар Міхайлавіч Васільчык нарадзіўся ў 1895 годзе ў Астраўцы Віленскіх губерніі і павета ў шматдзетнай сям’і. Бацька памёр рана, маці расстралялі белапалякі. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, потым служыў у арміі. Закончыў дывізіённую артылерыйскую вучэбную каманду ў 1915 годзе. Сярод салдат вёў агітацыю супраць імперыялістычнай вайны і Часовага ўрада. Прымаў удзел у яго звяржэнні.
Ваяваў на Заходнім і Германскім франтах супраць палякаў у складзе 16-й Арміі. Старшы ўнтэр-афіцэр. Падтрымаў Кастрычніцкую рэвалюцыю праз дзесяць дзён пасля яе пачатку і стаў служыць у Чырвонай Арміі. Член ВКП(б) з 1919 года.
Беларус. Быў паранены (з матэрыялаў Расійскага ваеннага архіва г. Масква). Пазней служыў на розных камандных пасадах у Бабруйску. У 1932 годзе (па іншых звестках у 1933) быў несправядліва звольнены з арміі за тое, што за мяжой, у Польшчы, у яго жылі родзічы. Потым працаваў кіраўніком зверасаўгаса пад Бабруйскам, а з 1936 года – дырэктарам Чырвонабярэжскага варэнневарнага завода Жлобінскага раёна на Гомельшчыне.


Вялікая Айчынная вайна карэнным чынам змяніла жыццё Віктара Міхайлавіча Васільчыка. Сведкі тых жудасных падзей называюць Васільчыка чырвонабярэжскім Шцірліцам. І не дарма.
Тыя, хто ведаў яго, ведалі таксама і тое, што ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі ён пайшоў на службу да ворага не па ўласным жаданні.
Жлобінскаму падпольнаму райкаму партыі неабходна было мець надзейнага чалавека з былых кіраўнікоў на службе ў немцаў на буйной чыгуначнай станцыі Чырвоны Бераг. Такой кандыдатурай і стаў Віктар Міхайлавіч Васільчык.
На жаль, гэтую дэталь яго біяграфіі ведалі не ўсе. А тое, як адносіліся да здраднікаў мясцовыя жыхары, вядома. Многія з іх не раз хацелі адпомсціць Васільчыку толькі за тое, што ён стаў “служкам” немцаў. Ды і не толькі мясцовыя жыхары. Васільчык і сам не раз прызнаваўся, што апынуўся паміж двума агнямі: з аднаго боку – немцы, з другога – партызаны.
Не раз ён парываўся адмовіцца ад узятых на сябе абавязкаў і пайсці ў падпольшчыкі. Але тут жа браў сябе ў рукі і заставаўся: знаходзячыся на пасадзе бурмістра Чырвонага Берага, ён мог прынесці больш карысці мясцоваму насельніцтву і краіне ў цэлым.
Толькі пасля заканчэння вайны, калі ўсплыла ўся праўда тых часоў, у тым ліку і пра Віктара Міхайлавіча Васільчыка, адзін са старажылаў вёскі Якаў Захарошка падчас урачыстага мітынгу, прысвечанага вызваленню Чырвонага Берага, абняў Васільчыка, пацалаваў і сказаў: “Прабач мяне, дарагі Міхайлавіч,
я за табой хадзіў з сякерай”. На што Васільчык без ценю сумнення адказаў: “Не адзін ты, Якаў, хадзіў за мной з сякерай і нажом”.
Гэтую ж інфармацыю пацвярджае і дачка героя Роза Віктараўна, якая ўспамінала, што бацька не раз згадваў, што “лягчэй было прыняць смерць, чым даць згоду на работу бургамістрам Чырвонабярэжскай воласці”.
Ды і сам Віктар Міхайлавіч не раз у размовах згадваў, што стаў бурмістрам не па сваім жаданні, а па заданні партыйнай улады, якая вымушана была пайсці ў падполле.
– Сакратар Жлобінскага райкама партыі Крышнеў угаварыў мяне не эвакуіравацца ў тыл, а даў заданне ўладкавацца на работу і ўвайсці ў давер да нямецкай улады, таму я і застаўся, – успамінаў пасля вайны Віктар Міхайлавіч.
Дзякуючы яго мужнасці, многія жыхары Чырвонага Берага пазбеглі смерці ад рук фашыстаў, іншыя замест таго, каб трапіць у нямецкае рабства, засталіся на радзіме. Аднымі з такіх шчасліўчыкаў стала сям’я Мігай. Пра шчаслівае выратаванне сваёй сям’і гаварыла падчас мітынга, прысвечанага памяці Віктара Міхайлавіча Васільчыка, дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Людміла Мінакова (у дзявоцтве – Мігай).
Шмат гадоў назад Віктар Міхайлавіч выратаваў падпольшчыка Міхаіла Мікалаевіча Мігая і ўсю яго вялікую сям’ю:
– Калі даведаліся, што я падпольшчык, маю маці павялі на допыт. Ад пагібелі яе выратаваў Васільчык, – не раз расказваў Міхаіл Мікалаевіч Мігай. – Ды і не толькі яе, а і мяне, маіх сясцёр і брата.
На ліку Васільчыка не адно выратаванае жыццё. Ён заўсёды папярэджваў мясцовых жыхароў, калі праходзілі аблавы і забіралі моладзь у Германію, стараўся дапамагчы насельніцтву нанесці як мага большы ўрон немцам.
І за ўсё гэта жыхары вёскі і падпольшчыкі былі ўдзячны яму тады. А нашчадкі тых, хто, дзякуючы Васільчыку застаўся жыць, удзячны яму цяпер. Але Віктар Міхайлавіч апекаваўся не толькі над жыхарамі Чырвонага Берага. Васільчык, наколькі мог, дапамагаў і партызанам. Мукой, цукрам, соллю, ватай, бінтамі, брэзентам, лекавымі прэпаратамі, выдаваў неабходныя даведкі і пропускі…
Пасля падрыву некалькіх таварных саставаў яго не раз дапытвалі немцы. На шчасце, з усіх гэтых сітуацый Васільчык “выходзіў сухім”.
Пакуль… Пакуль не адбылася дыверсія, пасля якой Віктар Міхайлавіч больш не мог заставацца ў Чырвоным Беразе.
– Наш дом размяшчаўся побач з домам, дзе кватараваў падчас вайны Васільчык. Калі ў завадской аховы ўкралі аўтамат, а партызаны ўзарвалі кацельную завода і падпалілі яе, а потым і крухмальны завод, немцы правялі вобыск у кватэры Васільчыка. А калі не знайшлі яго, то падпалілі хлеў, дзе стаяў конь. Я сама чула, як немцы крычалі: “Бурмістр – партызан, бурмістр – партызан…”.
Мы баяліся, каб не загарэлася наша хата. Нас, чацвёра дзяцей, маці вывела з дому і схавала, – успамінае настаўніца Янкоўская-Чычава.
Чакаць дабра ад немцаў не даводзілася, і пасля гэтага выпадку Віктар Міхайлавіч Васільчык у Чырвоным Беразе больш не з’яўляўся – падаўся да партызанаў.
Знамянальная падзея “ўваскрасення” Васільчыка адбылася пасля вызвалення Чырвонага Берага. Пра яе не раз успамінаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, вязень Чырвонабярэжскага дзіцячага лагера Павел Мікітавіч Ткачоў.
У дзень вызвалення Чырвонага Берага на прывакзальнай плошчы прайшоў мітынг. Сярод іншых, хто быў на мітынгу, жыхары заўважылі знаёмую постаць. Прыгледзеўшыся, зразумелі, што гэта Васільчык. Адбылося гэта 26 чэрвеня 1944 года. Тады ж быў аб’яўлены Указ Вярхоўнага Савета СССР “Аб узнагароджанні за ўзорнае выкананне заданняў ЦК ВКП(б), савецкага ваеннага камандавання і праяўленную пры гэтым асабістую мужнасць і адвагу, ініцыятыву і знаходлівасць дырэктара Чырвонабярэжскага варэнневарнага завода Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці БССР В.М. Васільчыка Ордэнам Чырвонага Сцяга”.
Але нягледзячы на ўзнагароду, і пасля заканчэння вайны яшчэ на працягу 20 гадоў за ім “назіралі” кампетэнтныя органы, правяралі: а раптам за час службы ў немцаў ён стаў здраднікам? Менавіта таму заслужаную ўзнагароду – медаль “За баявыя заслугі” – Віктару Міхайлавічу Васільчыку ўручылі толькі ў 1965 годзе.
У сямейным архіве Васільчыкаў і сёння захоўваецца пасведчанне аб тым, што з 13 лютага 1942 года па 25 чэрвеня 1944 года ён з’яўляўся сувязным партызанскай брыгады “Жалязняк” і што яму ўручаны памятны знак “Партызан Беларусі”.
Падчас вайны ён змагаўся з ворагам, а потым старанна і праўдзіва працаваў на карысць нашай краіны. Спачатку намеснікам па гаспадарчай частцы саўгаса Малевічы, а потым – саўгаса імя В.І. Казлова. Я працаваў з ім амаль два гады. Заўсёды акуратны і падцягнуты, з падшытым белым каўнерыкам, з ваеннай выпраўкай. Сціплы і жыццярадасны, працавіты, ён прыцягваў да сябе людзей. І сёння школьная і сельская бібліятэкі беражліва захоўваюць матэрыялы пра героя. Частка з іх цяпер папоўніла архівы Жлобінскага краязнаўчага музея.
На жаль, у 1971 годзе Віктара Міхайлавіча не стала. Пахаваны ён у вёсцы Чырвоны Бераг, яго магілу даглядаюць мясцовыя школьнікі.
Але па ініцыятыве жыхароў Чырвонага Берага, а таксама пры падтрымцы старшыні Жлобінскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, які выдзеліў фінансавыя сродкі, памяць падпольшчыка была ўшанавана яшчэ раз. У гонар яго была адкрыта памятная дошка. На мітынг сабраліся сваякі Віктара Міхайлавіча, якія прыехалі з Масквы, Мінска і іншых гарадоў Беларусі, а таксама прадстаўнікі мясцовых органаў улады і жыхары, якія захоўваюць памяць пра героя.



Ад рэдакцыі:

Прозвішча Васільчыкаў распаўсюджана ў Астравецкім раёне. Магчыма, што і сёння на Астравеччыне таксама жывуць сваякі Віктара Міхайлавіча Васільчыка. Калі ласка, адгукніцеся. З вашай дапамогай можна папоўніць скарбонку добрых спраў, якія зрабіў Віктар Міхайлавіч Васільчык у гады Вялікай Айчыннай вайны. Будзем чакаць вашых тэлефанаванняў у рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда”.


-----------------------------
Анатолій ХЛАПКОЎ, ветэран педагагічнай працы, краязнаўца.