Коллекционеры Островетчины. Историю расскажут топоры

14:00 / 27.08.2013
Калекцыянеры бываюць розныя. Адзін збірае маркі, другі – лялькі, трэці – паштоўкі… Ведала людзей, якія калекцыяніравалі рэчкі і вадаёмы – у кожнай стрэчнай імкнуліся пакупацца. Калекцыяніруюць гарады і краіны, кніжкі і фотаздымкі, аўтаручкі і газеты…
Віталій Іванавіч Лянкевіч, былы дырэктар Гудагайскай сярэдняй школы, які зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, калекцыянерам сябе не лічыць. Проста ён, ад прыроды чалавек гаспадарлівы, любіць розны гаспадарчы рыштунак, усялякія інструменты – і ні з адным з іх не можа развітацца. А як гісторык – па адукацыі і па стылі жыцця (вельмі ж любіць “збіраць” і расказваць розныя байкі, жыццёвыя і не толькі), пра кожны свой інструмент ведае нейкую гісторыю. Вось і атрымліваецца, што калекцыя ў яго – з гісторыяй.

Самая значная і цікавая частка калекцыі Віталія Іванавіча Лянкевіча – сякеры. Іх у яго – ажно сямнаццаць. І ўсе рабочыя: адна – дровы секчы (хоць і газавае ацяпленне зараз у доме, але ж ці мала што…), другая ў машыне ляжыць – а раптам што ў дарозе здарыцца, трэцяя для турыстычных паходаў прызначана – сыны прыязджаюць, Вадзім – той вялікі аматар вандровак… Кожны экспанат гэтай своеасаблівай калекцыі хоць сёння можна браць у работу.
І пры гэтым усе яны – нібы з выставы: акуратныя, дагледжаныя… І ў кожнай – свая гісторыя.
– Вось гэтыя дзве сякеры – майго дзеда Рафала, твайго, значыцца, прапрадзеда, – расказвае Віталій Іванавіч унучцы Ксеніі сямейныя паданні. – Ім ужо больш за сто гадоў. Яшчэ ў Першую сусветную вайну, калі немцы пакідалі гэтыя мясціны, вясковыя мужыкі “пад шумок” расцягвалі іх акупанцкую гаспадарку. Вось і дзед Рафал з мужыкамі вырашылі сцягнуць з нямецкай электрастанцыі – была тады такая ў Сяржантах, выпрацоўвала электрычны ток, дзіва дзіўнае для таго часу – жалезны вал. Ужо валаклі гэты вал да падводы – каня пакінулі на ўскрайку лесу – як тут над самым вухам: “Хэндэ хох!” Немец з вінтоўкай! Мужыкі не разгубіліся, сталі прасіцца. Хто што меў – бутэльку там, каўбасу, яйкі – германцу аддалі. Дык той так узрадаваўся – вядома, нашто яму тая жалязяка, калі трэба ўцякаць з гэтай чужыны, што вінтоўку пад елку паставіў і кінуўся дапамагаць мужыкам той вал цягнуць. А тыя не ведаюць, як ад той дапамогі адмовіцца: непадалёк жа конь стаіць, убачыць акупант, што жарабец спраўны – забярэ, тут ужо яйкамі не адкупішся, ім жа ўцякаць на кані спрытней, чым пешшу. Ледзьве мужыкі адкараскаліся ад той дапамогі…
– А з таго жалезнага вала затым зрабілі гэтыя вось сякеры, – працягвае Віталій Іванавіч распавядаць гісторыю сякеры і сваёй сям’і. – Як дзеда Рафала не стала, я іх сабе забраў. І яшчэ адна дзедава сякера недзе ёсць, я нават ведаю, у каго – калі яшчэ жывая да гэтага часу. Усё хачу прыдбаць у сваю калекцыю. Спецыяльная такая сякера, склют яе ў нашай мясцовасці называлі. Па выгляду – як секіра ў старажытных стражнікаў. Бярвенні часаць ёй вельмі зручна, для гэтага і прызначана.
Слухае Ксенія дзеда... Сякеры яе, па праўдзе кажучы, не вельмі цікавяць – а вось гісторыя пра прапрадзеда Рафала вельмі нават займальная. Ды яшчэ ў “выкананні” дзеда Віталія, вядомага ва ўсім наваколлі расказчыка…
– А яшчэ ад дзеда Рафала ў мяне засталася старая, таксама нямецкая, грунтвага. Не ведаеце, што гэта такое? – смяецца. – У перакладзе на рускую мову – “уровень”. І бабка – касу кляпаць. Сёння ўжо, напэўна, і не знойдзеш тых, хто ўмее касу кляпаць на вострай бабцы. Ды і на плоскай – мала ўжо спецыялістаў знойдзецца… Але хай застаецца ў гаспадарцы – як дзедаў успамін…
– А вось гэта – сякера майго бацькі, твайго, значыць, дзеда Івана, – працягвае знаёміць унуч¬ку са сваёй калекцыяй Віталій Іванавіч. – Ёй таксама гадкоў нямала. Але яна і сёння ў мяне – асноўная рабочая. Надта ж спрытная сякерка, едкая, паслухмяная. Усё, што трэба па гаспадарцы, раблю ў асноўным ёй.
– А гэтая вось сякера, – бярэ ў рукі яшчэ адну Віталій Іванавіч – і застаецца толькі здзіўляцца, як ён іх адрознівае? – дасталася мне ад цесця, яшчэ аднаго твайго, Ксенія, прадзеда, бацькі Эмы Іосіфаўны, Іосіфа Феонавіча Постнікава. Хоць на радзіме – ён з Украіны на Шчучыншчыну прыехаў – клікалі яго Осіпам, гэта тут перайначылі… А гэты вось калун – равеснік Гудагайскай сярэдняй школы: для кацельні ў першую зіму ім дровы секлі. А потым зламалі і выкінулі. А я падабраў – памятная рэч. Майстры мне яго заварылі, зрабіў тапарышча – хай застаецца памяць, як у школе працаваць пачыналі…



Сякеры трапляюць у калекцыю Віталія Іванавіча рознымі шляхамі. І ў розным стане. Некаторыя трэба рамантаваць – тут ён звяртаецца да майстроў. А вось тапарышчы для кожнай з іх Лянкевіч робіць сам, уласнаручна – яшчэ адно яго захапленне. Пераважна з ясеня – неяк аддалі яму спілаванае дрэва, і ён зараз беражэ каштоўную драўніну. Хоць увогуле Віталій Іванавіч упэўнены, што найлепшы матэрыял для тапарышча – драўніна з пладовых дрэў: яблыні, грушы. Але ж іх без патрэбы не станеш секчы, у іх іншае прызначэнне. Ды нават і па патрэбе…
Смеючыся, Віталій Іванавіч паказвае ў сваёй калекцыі невялікую сякерку:
– А гэта вось Эмы Іосіфаўны інструмент. Яна ім, як мяне дома няма, кусты ў садзе высякае…
– Бо ён жа не дазваляе, – апраўдваецца гаспадыня. – Усё яму патрэбна! І гэтыя вось сякеры – навошта іх, сямнаццаць штук, у гаспадарцы? І ў садзе – кожнае дрэва, кожны кусцік, нават калі яны ўжо радзіць не хочуць…
– Бо й патрэбна! – парыруе Віталій Іванавіч. – У кожнага дрэва і ў кожнага куста на гэтым панадворку – таксама свая гісторыя. Вось гэтае я садзіў, як Дзімка нарадзіўся, гэтае – як Вадзім, а гэтыя яны ўжо самі садзілі… – і далей пацягнуліся такія цікавыя для ўнучкі гісторыі сямейнага жыцця…
Ёсць такая тэорыя, што рэчы, якія мы прывыклі лічыць неадушаўлёнымі, тым не менш маюць сваю душу – кожная з іх! І кожная мае сваю памяць, захоўвае цеплыню ці холад рук, што яе трымалі, ёй карысталіся. І свой характар… Трэба толькі ўмець абудзіць гэтую памяць, адчуць той характар – і тады яны будуць служыць гаспадару верна і ўдзячна многія гады… А калі пачуць, пра што расказваюць рэчы – узбагацішся яшчэ і духоўна.
Думаю, што Ксеніі, дачцэ старэйшага сына Лянкевічаў Дзімы, у гэтым сэнсе вельмі пашанцавала: яна гісторыю свайго роду вывучае не па сухіх архіўных звестках, а па цяпле рук, якое захоўваюць рэчы, якія некалі верай і праўдай служылі яе продкам.


-------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА, фота аўтара.