В Островце прошла выставка рушников

14:00 / 22.08.2013
Кануў у Лету той час, калі амаль у кожнай вясковай хаце стаялі кросны. Жанчыны ўрывалі хвіліны са сну, каб завяршыць кветку ці іншы ўзор. Адна, дзве, дзесяць – кветкі канчаліся, і нараджаўся дыван…
Некаторым перайшлі па спадчыне ад бабулі ці прабабулі саматканыя ручнікі і дываны. Тыя, хто не мае ў сваім доме ці кватэры такога багацця, маглі пазнаёміцца з хараством ручных вырабаў у дзіцячай школе мастацтваў на экспазіцыі музея “Ручнікі. Дываны”.

Максім Багдановіч на стагоддзі праславіў слуцкіх ткачых, хоць з гісторыі вядома, што на мануфактуры працавалі мужчыны.
На Астравеччыне ткалі жанчыны, і рукатворныя “дзеці” нашых майстрых, таксама як і слуцкія паясы, вылучаюцца прыгажосцю, тонкасцю і складанасцю ўзораў. У кожнай фігуры, у кожнага ўзору ёсць свой сімвал. Сям’ю ўвасабляюць дзве кветкі, якія растуць з аднаго кораня. Зорачка “ўзышла” на палатняным полі – чалавек нарадзіўся…
Асноўнымі матэрыяламі для ткацтва былі лён і воўна. Распаўсюджаным таксама было вышыванне льняной тканіны. Майстрыхі ўпрыгожвалі дываны чорным і чырвоным колерамі і часта выкарыстоўвалі геаметрычны і раслінны ўзоры. А ручнікі аздабляліся ажурнымі карункамі, якія вязаліся кручком.
Ніводнае вяселле не абыходзілася без ручнікоў: імі перавязвалі ганаровых гасцей — маці маладой, свата, сваякоў маладога. Падчас вянчання маладыя станавіліся на спецыяльны ручнік, “падножнік”, а іх рукі звязваліся ручніком, што сімвалізавала аб’яднанне двух родаў. У пахавальным абрадзе ручнік быў метафарычнай дарогай у іншы свет.
Пра ўсе тонкасці тканых вырабаў, ручнікоў і дываноў, даведаліся дзеткі з летніка СШ №1 Астраўца. Дырэктар музея Ганна Сяргееўна Кацуба пасля кароткага экскурсу ў гісторыю ткацтва нашага раёна прапанавала хлопчыкам і дзяўчынкам згуляць у сімвалы. Рабяты добра слухалі, таму што з розных бакоў амаль адначасова даносіліся правільныя адказы.
Тэарэтычныя пытанні школьнікі з лёгкасцю “раскусілі” – настала чарга практыкі. Станцаваць “маразулю”? З лёгкасцю! Астравецкія хлопчыкі і дзяўчынкі здзівілі сваімі рухамі не толькі мяне, але і Ганну Сяргееўну.
Нарэшце, дайшла чарга і да гульні з ручнікамі, якая карысталася папулярнасцю ў нашых дзядуляў і бабуляў, калі яны былі маленькімі. Ручнікі замянілі атласныя стужкі. Дзеці па чарзе нацягвалі іх і навыперадкі закручваліся. Пераможцы атрымалі ў падарунак самаробных лялек з тканіны.
Гадзіна праляцела незаўважна. Дзеці пакідалі дзіцячую школу мастацтваў перагаворваючыся. Адна дзяўчынка пытала ў сваёй суседкі:
– А ты ведаеш, што азначае зорка? – і не даслухаўшы адказу, працягвала. – А дзве птушкі?
…Дзяўчынкі шапталіся пра ўзоры на дыванах, хлопчыкі паўтаралі рухі “маразулі” – так, як і шмат гадоў назад іх прабабулі і прадзядулі.



Наведвальнікі дзеляцца ўражаннямі:


Мікіта, 8 гадоў:
– Мне вельмі спадабалася. Я даведаўся, што такое дыван, таму што да сённяшняга дня думаў, што гэта ложка.


Аліна, 10 гадоў:
– Цяпер я ведаю, як нашы продкі грэліся ў маразы. І нездарма танец носіць такую назву.
“Маразулю” можа танцаваць кожны чалавек, таму што там няма надта складаных рухаў.


Аліна Тадэвушаўна Жук, настаўніца пачатковых класаў:
– Выстава вельмі карысная для дзяцей. Вывучэнне народнага мастацтва па падручніку – гэта адно, а калі на свае вочы бачыш – гэта зусім іншае. Я лічу, што кожнае дзіця павінна ведаць сваё мінулае.


--------------------------------------
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.