Иосиф Гашкевич. На пути к празднованию 200-летия со дня рождения

10:00 / 16.08.2013
2
Па ініцыятыве ЮНЕСКА пачало адзначацца 200-годдзе з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча


Папку для выразак з друку, дакументаў і перапіскі, звязаных з асобай Іосіфа Гашкевіча, першага консула Расійскай імперыі ў далёкай Японіі, я завёў дзесьці ў 1970-х гадах, калі ўстанавіў, што апошнія гады жыцця ён правёў у маёнтку Малі, які знаходзіўся на тэрыторыі цяперашняга Астравецкага раёна, маёй “малой радзімы”. У школьныя гады, ездзячы па дарозе Астравец – Варняны, не раз я прыглядаўся да таямнічых густых прысад, якія на пад’ездзе да вялікай аднайменнай вёскі вялі кудысьці налева. Потым, прачытаўшы кніжку маскоўскага аўтара Віталя Гузанава “Адысей з Белай Русі”, даведаўся, што гэты маёнтак выкупіў пасля паўстання 1863 года адстаўны ўжо “белавалосы пасланец”, як называлі ў Японіі нашага земляка – ён выразна адрозніваўся ад цёмнавалосых да старасці жыхароў “краіны ўзыходзячага сонца”.

А мясцовы педагог (здаецца, Лугоўскі) паказаў мне месца, дзе, паводле ўспамінаў старажылаў, Гашкевіч быў пахаваны – каля пачатку ўсходняй сцяны сённяшняга касцёла ў імя святых Казьмы і Дзям’яна (а прыкладна ў 1866 – 1919 гадах – праваслаўнай царквы). Як стацкі саветнік і вядомы вучоны ён меў права спачыць на вячысты супакой каля самой святыні. Праўда, супакой аказаўся не вячыстым: потым, калі з прыходам польскай улады і аднаўленнем касцёла мясцовыя фанаты ноччу зраўнялі праваслаўныя магілы з зямлёй, надмагілле Гашкевіча знікла, а потым – і памяць аб ім.
І вось я пачаў старацца, каб аднавіць гэтую памяць. Аблазіў у пошуках могілкі на выездзе з колішняга мястэчка, потым гарадскога пасёлка, а цяпер горада ў напрамку да станцыі Гудагай. І толькі з часам зразумеў, што яны закладзены значна пазней, чым адбылося пахаванне дыпламата. Потым надарэмна шукаў некралог у віленскай прэсе. Назапасіўшы матэрыялаў, надрукаваў артыкулы – спачатку ў раённай газеце, а потым у мінскай прэсе.
І тут аднойчы нечакана пазванілі мне з аддзела культуры ЦК КПБ, паведамілі, што з Японіі ў Беларусь прыязджае (праз Сібір і Урал!) цэлы аўтобус сяброў Таварыства імя Гашкевіча на чале з яго старшынёй прадпрымальнікам Такада Касічы. Яны, маўляў, жадаюць пабываць там, дзе лунае дух нябожчыка. У адказ я расказаў усё, што ведаў. З Мінска паляцеў запыт у Астравец. Але калі адтуль паведамілі, што на месцы, дзе жыў у апошнія гады консул, знаходзіцца жывёлагадоўчая ферма, японскім гасцям прапанавалі ехаць у Вільнюс: маўляў, там, на праваслаўных могілках Ліпаўка пахаваны ці не той самы Іосіф Гашкевіч.
У літоўскай сталіцы далёкія госці сапраўды знайшлі магілу Іосіфа Гашкевіча. Але не Іосіфа Антонавіча, а Іосіфа Іосіфавіча, які і нарадзіўся, і памёр значна пазней, – адным словам, сына дыпламата, чалавека таксама заслужанага, аўтара добрасумленнай кніжкі пра населеныя пункты Віленскай губерні. Але яўна не таго, хто адкрываў Японіі Расію, а Расіі Японію, а яго адзінага сына. Той якраз жыў у Вільні і там быў пахаваны. А цела былога консула не маглі пры тагачасных транспартных сродках везці за 50 вёрст з Маляў у Вільню. Ды і нашто гэта было рабіць, калі другая жонка (першая памерла ў Японіі – мне ўдалося адшукаць каля царквы ў Хакадатэ яе магілу) Кацярына Сямёнаўна і іх маленькі сын яшчэ жылі ў трох вярстах ад Астраўца з яго прыходскімі могілкамі? Дзе яны былі? Відаць, каля самой святыні, на ўсход ці на поўнач ад яе… Для канчатковага вываду трэба шукаць старыя планы мястэчка.
Што ж датычыцца Такада Касічы, то калі мы сустрэліся ў Токіо ў кастрычніку 2001 года (тады я, дзякуючы Гашкевічу, стаў тыднёвым госцем Міністэрства замежных спраў Японіі) ён спачатку крыху крыўдаваў на мяне, думаючы, што гэта я выступіў дэзінфарматарам наконт неаўтэнтычнай магілы дыпламата, але потым ахвотна пагадзіўся сустрэць мяне ў горадзе Хакадатэ на востраве Хакайда (а гэта блізкая да Расіі поўнач Японіі), дзе была дыпламатычная місія Гашкевіча. Там мы разам наведалі прыватны музей Такада Касічы, дзе я абвязаў сатканым на Астравеччыне рушніком бюст (не помнік, як пісалі ў мінскім друку!) Гашкевіча работы маскоўскага скульптара А. Комава. Пабывалі мы тады і ў іншых мясцінах горада, звязаных з “белавалосым пасланцом”. Яны падрабязна апісаны ў маім “Японскім дзённіку”, змешчаным у 2002 годзе ў штомесячніку “Кантакты і дыялогі”.
Што ж датычыцца Такада Касічы, то ў кастрычніку наступнага, 2002 года ён зноў наведаў Беларусь, прыняў у Мінску і Астраўцы удзел у ІІ Міжнародных чытаннях, прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча, прысутнічаў у Малях на адкрыцці трох каменяў-помнікаў дыпламату, устаноўленых лідскім скульптарам Рычардам Грушай. Матэрыялы чытанняў былі выдадзены ў зборніку “Беларусь – Японія” (25 выпуск у серыі “Беларусіка=Albaruthenica”).
І вось нядаўна, калі з “круглага стала” “Беларусь і Японія: Міжнародны культурны дыялог” у Інстытуце культуры Беларусі пачалася падрыхтоўка да юбілею Іосіфа Гашкевіча, Тацумі Масакосан, якая ўзначальвае грамадскі Цэнтр японскай культуры ў Мінску, паведаміла мне сумную вестку: Такада Касічы, нашчадка таго самурая Кахея (яму ў Хакадатэ пастаўлены помнік), які спрыяў японска-расійскаму збліжэнню, раптоўна не стала. А яго дачка Нано рашыла ліквідаваць музей бацькі. І цяпер паміж Мінскам і Хакадатэ ідуць пісьмовыя перамовы, каб яго экспанаты, найперш бюст работы А.Комава, не зніклі, а былі прывезены спадчынніцай у час юбілею ў Мінск або перададзены ў Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, дзе цяпер рыхтуецца юбілейная экспазіцыя.
Што ж яшчэ зроблена да 200-годдзя з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча, якое будзе ўрачыста адзначацца 14 сакавіка 2014 года? Дарэчы, гэтая дакладная дата ўстаноўлена нядаўна – раней у энцыклапедыях фігураваў 1815 год. У красавіку бягучага года з Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы атрымана копія метрычнага запісу Астравецкай царквы Шумскага дэканата аб смерці нашага славутага суайчынніка, якая наступіла 15 мая 1875 года. Гэтым дакументам пацвярджаецца выказаная мной раней думка, што пахаваны І. Гашкевіч на “прыходскіх могілках”. Месца ж іх знаходжання прапануецца ўстанавіць шляхам выкарыстання “іншых крыніц, а таксама магчыма вывучэнне мясцовасці ў г. Астравец”. Пахаванне правялі мясцовыя святары Іаан Васілеўскі і Іаан Макарэўскі, выконваючы абавязкі псаломшчыка Іван Рабінскі, а таксама ключар Іаан Барчыкоўскі, які прыбыў, улічваючы заслугі нябожчыка, з Віленскага кафедральнага сабора.
У перададзеным з Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА ў рэдакцыю “Голасу Радзімы” “Папярэднім пераліку“ юбілейных мерапрыемстваў значацца таксама правядзенне на базе факультэта міжнародных адносін БДУ навукова-практычнай канферэнцыі (“ІІІ Гашкевічаўскіх чытанняў”) і выданне яе матэрыялаў, адкрыццё памятнай дошкі (знака) у месцы пахавання І. Гашкевіча і правядзенне іншых мерапрыемстваў, звязаных з яго імем у Астраўцы і Светлагорскім раёне на Гомельшчыне, дзе ён нарадзіўся (яго блізкім родзічам быў святы Іаан Кармянскі – адзіны цудатворац сярод беларускіх святых), а таксама выпуск памятных манет, маркі і канверта.
Зыходзячы з маіх звестак, перад юбілеем добра было б яшчэ правесці дадатковыя пошукі ў архівах і музеях Пецярбурга, дзе павінны быць і матэрыялы аб плённай дзесяцігадовай рабоце І. Гашкевіча ў 12 Рускай духоўнай місіі ў Пекіне (маюцца на ўвазе цыклы артыкулаў у яе “Працах”), і асабісты архіў дыпламата, перададзены яго сынам у расійскую сталіцу, у Санкт-Пецярбургскі інстытут усходазнаўства, пасля прадажы маёнтка ў Малях, а таксама астранамічныя і метэаралагічныя даследаванні, накіраваныя ў Галоўную фізічную абсерваторыю ў сталіцы. Шкада, што ў Пецярбургу спыніла сваё існаванне таварыства “Беларусь-Японія”, якое складалася з былых маракоў. Але спадзяюся, што сябры гэтага былога таварыства змогуць працягнуць пошукі, калі перакажу ім месцазнаходжанні адпаведных крыніц.
Ну і, вядома ж, будуць ускладзены кветкі да бюста І. Гашкевіча (скульптар В. Янушкевіч, архітэктар Р. Груша), урачыста адкрытага ў цэнтры Астраўца ў 1994 годзе, папоўняцца экспанатамі музеі вучонага і падарожніка ў Астравецкай гімназіі № 1 і Мальскім сельскім Доме культуры. А таксама, верыцца, на хвалі юбілею будзе вернута імя Іосіфа Гашкевіча мясцоваму кааператыву, якое было згублена пры ўзбуйненні гаспадаркі. І яшчэ: нарэшце будзе мемарыялізавана тая Якімава Слабада ў цяперашнім Светлагорскім раёне, якая падаравала Беларусі, Японіі і Кітаю, усяму чалавецтву выдатнага філолага, які валодаў 13 замежнымі мовамі, аўтара першага “Японска-рускага слоўніка”, адзначанага медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй, а таксама фундаментальнага даследавання “Карані японскай мовы”.
Дык будзем жа ганарыцца светлай постаццю Працаўніка і Творцы, па сутнасці, першага беларускага дыпламата. Яго шматгранная дзейнасць, яго спадчына пераканаўча сведчаць аб даўняй прысутнасці Беларусі ў свеце.


-----------------------------------------
Адам МАЛЬДЗИС.