Время идет, а традиции старого островецкого дворика не меняются

16:00 / 13.08.2013
Трэці дзясяcятак гадоў хаджу ў гастраном “Цэнтральны” паўз дамы № 8 і 10 па вуліцы Ленінскай – і кожны раз лаўлю сябе на думцы, што мне вельмі  падабаецца гэты стары ўтульны дворык. Узімку ён акуратна засланы белым снежным абрусам, вясной вітае галавакружным пахам квітнеючых каштанаў,  восенню цешыць вока жаўцізной бярозавай лістоты, якая шчодра залоціць зямлю. І гэткай тут вее заміранасцю, спакоем, блізкай сэрцу даўніной,  што сэрца напаўняецца пачуццём светлай настальгіі… І аднойчы нарадзілася ідэя распавесці ў газеце пра двор і яго жыхароў – простых і знакамітых, таленавітых і майстравітых, пра традыцыі і паўсядзённасць.

З традыцый і пачалося знаёмства з жыхарамі абодвух дамоў. Аднойчы ў ветэранскім клубе “Актыўнае даўгалецце” Святлана Іванаўна Мешкіс расказала  пра суседскія пасядзелкі ў сваім двары з гарбатай і свежаспечаным торцікам, пра ўзаемавыручку ў цяжкую хвіліну і агульную радасць з нагоды  прыемных і значных падзей. Заўсёднікі клуба былі прыемна ўражаны: ці многія жыхары шматпавярховых дамоў, нават асобных пад’ездаў сёння могуць пахваліцца такім сяброўствам?
Журналісцкая цікаўнасць аднойчы нядзельным надвячоркам прывяла мяне ў гасцінны двор. У жывой альтанцы – пад засенню каштанаў – ужо чакалі  Ганна Віктараўна Штура, Ала Уладзіміраўна Канановіч, Ларыса Іванаўна Тарашкевіч, Марыя Спірыдонаўна Бяндасава, Святлана Іванаўна Мешкіс, Алена Станіславаўна Батура, Крысціна Іванаўна Скробат, Галіна Міхайлаўна Янцэвіч, Ганна Антонаўна Павіраева, пазней далучылася Ванда Станіславаўна Грынкевіч. Прыйшлі ўсе, хто быў вольны ад хатніх спраў, размясціліся звыкла: шырокую лаву накрылі абрусам і заставілі рознай выпечкай ды цукеркамі – асабліва вабіла сваім апетытным выглядам печыва-грыбочкі Ірыны Юльянаўны Іваніцкай, пасярэдзіне ўладкавалі вялікі тэрмас з травяной гарбатай. У якасці далікатэсу – місачка першых садовых суніц. Вода-а-р… А крыху воддаль на прынесеных з кватэр крэслах віселі і ляжалі вышываныя карціны, вязаныя сурвэткі, гафтаваныя абрусы і накідкі, арыгінальны трыкатаж – аўтарскія работы Святланы Іванаўны, Алы Уладзіміраўны і Крысціны Іванаўны.
Расповед пачала Ганна Віктараўна Штура, жыхарка восьмага дома. Яна вырасла ў гэтым двары, добра памятае ўсіх яго насельнікаў:
– Гэтая першая ў Астраўцы мураваная трохпавярхоўка была пабудавана ў 1967 годзе, праз два гады – суседняя, пад нумарам 10. Па тым часе – самае  камфартабельнае жыллё ў пасёлку, таму кватэры ў ім атрымалі найперш людзі заслужаныя – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, кіраўнікі раёна, прыезджыя спецыялісты. Сярод іх – мой тата Віктар Антонавіч Фяцісаў, былы франтавік, эканаміст па мірнай прафесіі. А таксама – урач Іван  Пятровіч Бяндасаў, яго цёзка суддзя Іван Пятровіч Дукін, былая партызанка, эканаміст Валянціна Сцяпанаўна Астапава. Часам у адной кватэры сялілі па дзве сям’і – жылля ж не хапала. Але ніхто не скардзіўся на цеснату – загартаванае ў нягодах франтавое пакаленне ўмела цаніць тое,  што мела, і жыць у дружбе і радасці. Усе святы адзначаліся разам – у каго-небудзь дома, у двары або лесапарку. Кожная сям’я выстаўляла на агульны стол простыя пачастункі і – пачыналася бяседа. Таленты выяўляліся ў працэсе – хтосьці цудоўна спяваў, хтосьці ў танцах не ведаў роўных або жартаўнік быў – душа кампаніі. Вяселлі, хрэсьбіны – свята ўсяго двара.
– Традыцыя ўрачыста праводзіць маладых да шлюбу і сустракаць з загса кветкамі ды пірагамі захавалася да сённяшняга дня, – далучаецца да  размовы Ларыса Іванаўна Тарашкевіч. – Як жа інакш, калі нявеста або жаніх у нашым двары выраслі? Грэх ім шчасця не пажадаць. Калі ж некага з
суседзяў гора спасцігне, адгукаюцца ўсе, памагаюць і матэрыяльна, і добрым словам. А яшчэ, калі маладзейшыя былі, вечарам 31 снежня апраналі  касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі, цыганоў і хадзілі па кватэрах з віншаваннямі. Пачастункаў нам накладуць поўную торбу! Успамінаў – аж да
наступнага Новага года!

Жыхары абодвух дамоў дбайна даглядалі свой двор – на суботніках абуладкоўвалі дзіцячую пляцоўку, разбівалі кветнікі, майстравалі лаўкі.  Спытайце старажылаў – яны і сёння пакажуць каштаны, пасаджаныя Тамарай Аляксандраўнай і Васілём Васільевічам Мардвінавымі. Такія прыгажуны выраслі! А якія кветкі штогод вырошчвае Марыя Вітальеўна Карнэлік! Пад яе вокнамі з ранняй вясны да позняй восені буяе сапраўдны батанічны сад.
А мне ўспамінаецца поўная вазонаў кватэра старэйшага калегі, у свой час рэдактара, затым намесніка Леаніда Іосіфавіча Ламекі. Яго жонка  Станіслава Лявонцьеўна кожную кветачку даглядала, песціла, бы дзіцятка, і таму ўся зеляніна ў невялікіх пакоях красавала і пахла. Няма ўжо гаспадароў, адышлі ў лепшы свет, а тое зялёнае хараство і цёплая ўтульнасць кватэры не забываюцца. І шчырая, ад усяго сэрца, гасціннасць – таксама.
У доме № 8 жылі і два былыя рэдактары “Астравецкай праўды” – Уладзімір Іосіфавіч Царэвіч і Аляксандр Пятровіч Сыч, работніца друкарні Галіна Іванаўна Бунчук. Ганна Віктараўна Штура таксама доўгі час мела дачыненне да выпуску “раёнкі”… Дом газетчыкаў?
– А ў 10-м жылі ўрачы, – далучаецца да размовы Ала Уладзіміраўна Канановіч. – Баліцкія, Мардвінавы, Якімовічы, Каліноўскія, мы з мужам Яўгенам  Паўлавічам. Сябравалі і на працы, і дома, памагалі адны адным, дзяліліся і навінамі, і хлебам-соллю. Згатуем, бывала, мы з мамай што-небудзь смачненькае і частуем суседзяў. Мама была цудоўная кулінарка, нават у тыя няшчымныя пасляваенныя гады ўмудралася са сціплага набору прадуктаў стварыць смакату.
…Цячэ, струменіць ручаёк успамінаў. Падлічваем, колькі пакаленняў змянілася ў двары. Ганна Віктараўна пачынае з сябе:
– У бацькоўскай кватэры прайшло амаль усё маё жыццё. У ёй нарадзіліся і выгадаваліся дочкі Аксана і Наталля. Ужо і ўнучак ёсць, вось толькі  гасцюе ў мяне рэдка… – і працягвае: – Тры пакаленні жыхароў змянілася, чацвёртае падрастае. Вунь у Марыі Спірыдонаўны Бяндасавай ужо чацвёра праўнукаў. І ўсе любяць бываць у бабулі.
Час бяжыць, усё мяняецца. Старажылаў у абодвух дамах на сённяшні дзень засталося не так і многа – большасць некалі атрымала новае жыллё або  павыязджала ў іншыя гарады. У кватэры засяляліся навасёлы і хутка ўліваліся ў дружны суседскі калектыў – Халько, Ялоўскія, Адамовічы, Клімчэні… Традыцыі няўхільна падтрымліваліся і ўзбагачаліся. А зараз беражліва захоўваюцца неабыякавымі старажыламі двара.
– Мы і цяпер вечарамі збіраемся разам вунь там, – Марыя Спірыдонаўна паказвае на раскідзісты каштан у процілеглым кутку двара, пад якім стаяць  невялікі столік і лавачкі. – Абмяркоўваем надзённыя жыццёвыя падзеі, кінасерыялы. Гарбату п’ём… Часам да нас далучаецца былая медсястра, а цяпер – пенсіянерка Таццяна Мікалаеўна Ігнатовіч: ціск нам памерае, параду карысную дасць. Самі разумееце – здароўе для пажылых людзей – самая актуальная тэма…
…Стары, утульны, мілы дворык. Колькі ўсяго ўсялякага ён памятае! Цікавыя знаёмствы, гісторыі кахання, радасныя сустрэчы і горкія расстанні...  Як умее ён ганарыцца сваімі славутымі выхадцамі – дынастыяй урачоў Бяндасавых, дзе прыклад бацькі Івана Пятровіча пераняў сын Алег – зараз  начальнік санаторыя МУС, іх абодвух – унук Дзяніс, урач-педыятр. А яшчэ – прафесарам, выбітным беларускім урачом-кардыёлагам Уладзімірам Міхайлавічам Пырачкіным…
І няхай даруюць мне ўсе тыя, каго не назвала ў гэтай публікацыі – рамкі газетнага артыкула, на жаль, абмежаваныя. Але дазвольце запэўніць: у  родным двары памятаюць і сардэчна ўзгадваюць усіх і кожнага.
Ад самага пачатку нашай сустрэчы пад засенню каштанаў мяне не пакідала пачуццё, што я – дома, сярод блізкіх сэрцу, добразычлівых, прыязных  людзей. І сярод іх – утульна і цёпла.


--------------------------
Таіса СЯМЁНАВА.
Фота аўтара і з сямейных архіваў Г.В. Штура і С.І. Мешкіс.