Выжила в нечеловеческих условиях

10:02 / 31.07.2013
Марачы пра летні адпачынак – каб быў ён цікавым і пазнавальным адначасова, многія плануюць падарожжы – блізкія ці далёкія, як у каго атрымліваецца: нездарма ж падарожныя нататкі ў “Астравецкай праўдзе” карыстаюцца нязменным поспехам у чытачоў.
Станіслава Пятроўна Фралова ў свой час падарожнічала столькі, што нават самы актыўны вандроўнік не можа ўявіць у самых смелых марах: ад заходніх рубяжоў неабсяжнага тады Савецкага Саюза – да самай крайняй усходняй яго кропкі, вострава Сахалін. Зараз, на схіле гадоў, яна ўжо не можа і ўспомніць усе мясціны, дзе пабывала-пажыла за сваё жыццё. Вось толькі ўражанні ад тых вымушаных падарожжаў у яе зусім не такія светлыя і маляўнічыя, як у сённяшніх турыстаў… Бо нічога, акрамя як спробы выжыць у невыносных, нечалавечых умовах, ва ўспамінах аб тых вымушаных падарожжах у яе не засталося…

Хоць  напачатку  жыццё  звычайнай  дзяўчынкі  з  Жукойняў Жалядскіх  нічым  не  прадвяшчала будучых  выпрабаванняў. Бацька – так, той свет пабачыў. Яшчэ хлапчуком Пятра Памецьку забраў з сабой у Піцер родзіч. Там хлопец спасцігаў навуку і рамяство. А калі ў Пецярбургу запахла  вялікімі  пераменамі, загучалі стрэлы і рэвалюцыйныя лозунгі, вярнуўся ён дахаты, у Жукойні. Зайздросным быў кавалерам  –  адукаваным,  ведаў не толькі польскую, але яшчэ і рускую мову, рукастым. І нябедным. Тут і ажаніўся Пятро з мясцовай дзяўчынай, дзеткі пайшлі адзін за адным – ажно чацвёра. Стася была старэйшай.
Гаспадарамі Памецькі лічыліся спраўнымі: на шэсць душ сям’і –  чатыры  гектары  “рольнай”, як тады казалі, зямлі, у гаспадарцы – дзве каровы, конь, не лічачы  ўсялякіх    там  свіней-птушкі.  Працаваць,  канешне, даводзілася ад цямна да цямна, але не для каго ж працавалі – для сябе. І мелі са сваёй працы.
Бацька заўсёды любіў прыгожа апрануцца. І для дзяцей грошай не шкадаваў. Асабліва прыбіраў старэйшую,  Стасю:  з  кожнай паездкі ў Свір ці Вільню прывозіў ёй нейкую абноўку: то капялюшык, то модную бярэтку…
Жукойні  Жалядскія  на  той час  вёска  была  –  ого!  Цэнтр гміны, каля сотні  двароў. А што ўжо  дзяўчаты  прыгажэнныя! Крыўдавалі іх каляжанкі з навакольных вёсак, што ўсе хлопцы на танцы ў Жукойні рвуць. А што ж – больш як паўсотні дзяўчат збіралася на вячоркі, і ўсе – адна прыгажэй за другую.
Калі прыйшлі саветы, Пятра Памецьку, як адукава нага, ды яшчэ з веданнем рускай мовы, прызначылі старшынёй сельпо ў Жукойнях Страчскіх. Гэты давер новага начальства ледзь не каштаваў яму жыцця, калі пачалася вайна і прыйшлі немцы. Ды неяк абышлося…
Хоць,  па  праўдзе  кажучы, асаблівых клопатаў ад таго, што недзе  там  ішла  вайна,  лілася кроў, гінулі людзі, жукойненскія жыхары  не  ведалі.  Вяскоўцы, як  і  раней,  сеялі і  жалі  жыта, садзілі і капалі бульбу, моладзь танцавала  на  вячорках:  хлопцы заляцаліся  да  дзяўчат,  тыя варажылі  на  каханых…  Адно, што  трэба  было  хавацца  да нямецкіх “лапуноў”, якія хапалі моладзь іадпраўлялі на працу ў Германію. Але пра іх “налёты” папярэджвалі паліцэйскія – сярод іх нямала было тых, з кім разам  танцавалі  на  вячорках. Ды час ад часу прыходзілі партызаны – галодныя, абарваныя – і патрабавалі харчоў і адзежы…
Калі Чырвоная Армія прагнала  немцаў,  хавацца  сталі  ўжо ад  рускіх:  маладыя  мужчыны туляліся на лясах, каб не ісці на фронт:  не  хацелася  лезці  пад кулі, «абараняць радзіму» спрытней было на ўласным падворку, апрацоўваючы  свой  кавалак зямлі, які нікому не хацелася аддаваць… А пасля перамогі у лясах з’явіліся бандыты – знішчыць іх  было  першачарговай задачай  са вецкай улады. І мясцовае  насельніцтва аўтаматычна  тра пляла пад падазрэнне – трэба сказаць, часам  цалкам  аб грунтаванае:  нехта  ж  дапамагаў  ім, забяспечваў  –  добраахвотна  ці  пад прымусам  –  харчаваннем,  адзеннем, інфармацыяй. Часам пад  гарачую  руку барацьбы  з  бандытызмам  траплялі  і невінаватыя  людзі. Станіслава Пятроўна ўспамінае,  як  яе стрыечнага  брата застрэлілі,  калі  ён на Вельканац ішоў у госці да радні – прама ў двары. Доказам віны хлопца  стала тое, што ў кішэні ў яго  знайшлі  ружанчык…
А  затым  пад рэпрэсіі  трапіла  і сям’я  Памецькаў. Стася  з  малодшай сястрой  у  тую  цёплую летнюю ноч, як звычайна,  начавалі ў  гумне,  а  брат  з таварышам  –  непадалёк, у хляве. Хто і  каму  навушнічаў, што  ў  хляве  хаваюцца бандыты, – невядома.  Але  хлеў спалілі. А ўсю сям’ю Памецькаў – бацьку, маці, Стасю і малодшую сястру – арыштавалі як бандыцкіх памагатых. У турме іх бязлітасна білі і катавалі, марылі  голадам,  зашчымялі пальцы ў дзверы – патрабавалі прызнацца ў злачынствах, аб якіх шаснацацігадовая дзяўчына і ведаць не ведала. Ад катаванняў яна на нейкі час нават страціла памяць  і  памуцілася  розумам.
Пасля ўсяго ім “выпісалі” пуцёўкі ў “сталінскія санаторыі” і “падарожныя білеты” ў архіпелаг ГУЛАГ: бацькам далі па 10 гадоў зняволення, дзяўчатам – па сем.
– Так і пачалося маё блуканне па пакутах, – успамінае Станіслава Пятроўна. – Страшна ўспомніць, што давялося перажыць, куды мяне закідваў лёс. Родным, як пазней высветлілася, неяк лягчэй удалося ўладкавацца: сястра адбывала тэрмін у швейнай майстэрні – як бы там ні было, але ж у памяшканні; бацька адбываў у пральні, а маці дык і зусім неяк на вахту прыстроілася…
А я ўвесь час не выпускала з рук лом, кірку ды лапату. І ўсё гэта – на марозе, на ветры, што збіваў з ног.  Я нават назваў усіх тых мясцін не памятаю. Караганда, Урал, Салехард – дзе толькі ні былі! У асноўным жалезную дарогу будавалі. Маразы – па 50 градусаў, твар абмярзаў да касцей. А пурга якая! Было, што цэлыя брыгады разам з канваірам не даходзілі да барака метраў 100 – і замярзалі, вясной толькі знаходзілі. А летам іншая бяда: мошкі, якія аб’ядалі цела ледзь не да касцей. А там жа трэба было не проста жыць, а яшчэ і працаваць па дванаццаць гадзін у суткі, і норму выконваць.
Не выканаеш – атрымаеш не 200 грамаў хлеба, а ўсяго 100. Як выжыла тады – сама не ведаю.
І не проста выжыла: у гэтых нечалавечых умовах Станіслава Пятроўна ўмудралася нават перавыконваць норму. Стымул для гэтага быў вельмі важкі: за перавыкананне задання змяншалі на дзень-другі тэрмін зняволення.  Дробязь?  Не  для  тых,  хто прайшоў праз сталінскія лагеры.
І Стася працавала, бы двужыльная  –  і  здолела  “скасціць”  на перавыкананні  норм  ажно  два гады, замест сямі гадоў прабыць у зняволенні толькі пяць.
Вызваленне  яна  сустрэла  на Паўночным  Сахаліне,  куды  яе за паўгода да таго перавезлі ў «цялячых»  вагонах:  ледзь  не загінула  падчас  пераезду,  затым, калі плылі да вострава на караблі  цераз  Ахоцкае  мора, разыграўся  шторм...  Усё  перажыла.
І нарэшце – свабода!
Радавацца? А чаму? Што рабіць з той свабодай? Як дабрацца за сотні кіламетраў да Паўднёвага Сахаліна, як патрапіць на параход, які адпраўляецца  на вялікую зямлю, дзе ўзяць грошы, якіх далі толькі-толькі на білет – а чакаць той параход трэба некалькі тыдняў – і жыць неяк гэты час, нечым харчавацца.
А  Сахалін  жа  яшчэ  – пагранічная зона, побач – варожа настроеная Японія, і дазвол на  знаходжанне   на  востраве міліцыя  выдала  –  24  гадзіны. А  параход  адпраўляецца  праз месяц – гэта калі яшчэ здолееш патрапіць на яго палубу. “Дык забірайце мяне назад у турму!” – стала прасіць у міліцыянераў Стася. – Як жа я адсюль выберуся? Мора ж не пераплыву.”
І  пасля  таго,  як  дабралася неяк  на  мацярык,  прыгоды  не скончыліся. Бо да радзімы было «ўсяго нічога» – патрабавалася перасекчы ўвесь Савецкі Саюз.
Яна  нават  не пыталася,  куды ідзе  цягнік:  на які  ўдавалася ўлезці, уціснуцца, укуліцца – вядома ж, пераважна “зайцам” – туды і ехала: абы на захад, абы бліжэй да  Масквы...  А Масква    –  гэта ўжо амаль дома.
Часам выходзіла – ці высаджвалі, злавіўшы безбілетніцу – на нейкай  станцыі, спрабавала падзарабіць якую  капейчыну,  каб  купіць кавалак  хлеба ці білет. Добрыя людзі  раілі  жабраваць – ды не магла гэтага сабе дазволіць,  нават  калі цэлымі днямі ў роце макавай расінкі не было…
Неяк у цягніку пазнаёмілася яна  з  мужчынам,  які  ехаў на  будоўлю  ў Барысаглебск, што ў Варонежскай  вобласці. Ён і прапанаваў Стасі  сысці  на станцыі разам з ім – маўляў, што табе губяць? Яна таксама  вырашыла:  папрацую на будоўлі колькі часу – калі, вядома, возьмуць яе, учарашнюю палітзняволеную, зараблю хоць на білет – і далей паеду.
Але  ў  Барысаглебску Станіслава затрымалася даўжэй, чым  збіралася.  Тут  яна  стала працаваць на будоўлі – цяжка, напружана: трэба было цягаць цэглу  і  раствор  на  паверхі,  і ўсё ўручную. І тут жа спаткала хлопца, за якога выйшла замуж. Нарадзіла сына, Юрачку. Праўда,  “за  мужам”  доўга пажыць  не  давялося:  яму гарбаціцца на будоўлі не хацелася,  больш  вабіў  лёгкі  хлеб. Украў ён веласіпед – і трапіў у турму.  А  Станіслава  засталася адна з дзіцем на руках. Дэкрэтны адпачынак для маладых маці тады быў адзін месяц – а далей ізноў трэба было ісці на працу.  Праўда,  на  “лёгкую”  – яе  прызначылі  печніком.  Ну сапраўды, ці ж цяжка гэта жанчыне, якая толькі што нарадзіла: нанасіць дроў на 16 печак, у тым ліку і на другі паверх, распаліць іх,  затым  выцягнуць  попел  з кожнай – і так штодня…  Але што  было  рабіць?  Малога  аддала  ў  кругласутачныя  яслі,  а сама думала толькі аб адным: дзе і як здабыць для сына якую шклянку малака, кулёчак пячэння, міску супу – на яе мізэрныя заробкі і пры пустых паліцах у магазінах? Дапамагала тое, што ўмела  шыць  –  машынкі,  вядома ж, не было, але яна і рукамі спраўляла абноўкі для жанчын, зарабляла нейкі дадатковы рубель. А пасля – свет не без добрых людзей – пашкадавала яе жонка брыгадзіра (да таго часу Станіслава  зноў  вярнулася  на будоўлю), дазволіла прыходзіць да яе дахаты і шыць на машынцы.
Здавалася,  жыццё  пачынала наладжвацца. Юрачка крыху падрос, на рабоце яе сталі заўважаць, заробкі  падраслі. Ды тут муж, тэрмін зняволення якога падыходзіў да заканчэння, прыслаў пісьмо: прыязджай, маўляў,  сюды,  да  мяне.  Гэта значыць  –  зноў  у  холад,  пад Варкуту. Але ж яна – мужава жонка, сын у іх, якому бацька патрэбен.  Звольнілася,  села  ў цягнік – і зноў падалася ў белы свет…
Хапіла ёй выпрабаванняў і ў дарозе,  калі  Юрачка  захварэў і  ледзь  не  памёр,  і  на  новым месцы, дзе ўсё трэба было пачынаць спачатку – ад мужа падтрымка  была  слабая.  Кожны раз, ідучы на працу – на гэты раз яна ўладкавалася ў сталоўку – пакідала сына аднаго дома – а сэрца захлыналася ад трывогі: каб чаго не здарылася…
У  1958  годзе  вырашылі  яны вярнуцца  дахаты,  у  Жукойні –  бацькі  да  таго  часу  ўжо абжыліся на радзіме. Прыехалі – спачатку Станіслава з сынам, а праз месяц – блудны муж, які недзе адстаў ад сям’і па дарозе…  Жыць і працаваць можна было і тут – ды мужу не хацелася. Завербаваўся ён на нейкую будоўлю, паабяцаўшы неўзабаве выклікаць  сям’ю.  Ды  праз  месяц прыслаў пісьмо: сустрэў і палюбіў іншую, так што выбачайце, мяне не чакайце. Станіслава толькі  перахрысцілася: дзякуй Богу, як з такім мужам ды бацькам, дык лепш зусім без яго!
Але і яе бацькі выпраўлялі з вёскі: маўляў, што табе рабіць тут,  маладой?  Юрачку  пакідай з намі, хлопчык харошы, разумны, паслухмяны, а сама едзь – вярбоўшчыкі вунь чарадой адзін за адным ездзяць, на саюзныя будоўлі  запрашаюць,  залатыя горы абяцаюць. Хоць капейчыну якую заробіш, апранешся. А дзіця потым, як абуладкуешся, забярэш…  Паслухалася  –  паехала.
Дваццаць  гадоў  жыла  і  працавала  Станіслава  Пятроўна  ў Беламорску. І, хоць і там жыццё было не цукар, дамоў вяртацца не хацела. Хаця, калі прыязджала ў адпачынак у 80-я гады, надзівіцца не магла:– Бацькі тут, у вёсцы, белым хлебам свіней кармілі! А я тым часам у горадзе ўпрогаладзь жыла – кілаграм каўбасы і бляшанку тушонкі на месяц выдавалі! – успамінае Станіслава Пятроўна.
– Чаму тады не вярнулася дахаты? – дзівіцца яна майму пытанню. – Ды што вы! Я ўжо ж гарадская была – паеду я ў вёску…
Ды вярнуцца ў вёску ўсё ж давялося.
Сваё цяжкае, поўнае выпрабаванняў жыццё Станіслава Пятроўна дажывае у Старчанцы разам з сынам Юрыем – хлопец, калі атрымліваў пашпарт, узяў прозвішча дзеда, у хаце якога прайшло амаль усё яго дзяцінства. У жанчыны ужо не ходзяць ногі, не бачаць вочы – і толькі памяць паслужліва падсоўвае ёй карціны яе цяжкай маладосці.
Сёння ёй і самой не верыцца, што вытрымала ўсё, што паслаў ёй лёс…
Толькі часам, калі выпадкова пачуе  па  тэлевізары  ці  па  радыё такія заманлівыя для некага, авеяныя рамантыкай назвы – Сахалін, Варкута, Урал, Сале-хард, Краснаярск – здрыганецца: нізавошта б не хацела апынуцца там зноў…


_______________


Ніна АЛЯКСЕЕВА.