Любовь и война по-белорусски

12:25 / 15.02.2013

Нават біблейскі мудрэц цар Саламон не саромеўся прызнацца, што так і не змог зразумець чатыры рэчы, дакладней – чатыры шляхі: арла – у небе, змяі – па камені, карабля – па моры і шлях, па якім сэрца мужчыны злучаецца з жаночым. І не проста злучаецца, а, калі пашчасціць (ці наадварот?), сэрцы зрастаюцца ды так, што разарваць іх можна толькі пажывому. І рана потым крывавіць, крывавіць... А і зацягнуўшыся звонку, працягвае смылець унутры да самой смерці, а часам і даўжэй...
Колькасць кахання, адведзенага чалавецтву, напэўна, велічыня пастаянная – насельніцтва планеты павялічваецца, і кахання на ўсіх не хапае. Прынамсі, сапраўднага, працягласцю ў жыццё…
Здараюцца, канешне, нейкія крохі, пра якія праз пэўны час і ўспамінаць не хочацца…
Ох, прабачце! Зусім не хацела нікога пакрыўдзіць. Тым больш напярэдадні дня Святога Валянціна, у які сэрцы ўсіх закаханых становяцца крылатымі і лятуць адзін да аднаго, яднаюцца, стараюцца прырасці… Можа, менавіта вас Бог адарыў сапраўдным каханнем – яркім, чыстым, вечным. І няхай яно будзе з вамі заўсёды – беражыце яго, калі ласка. За ўсіх, каго гэты дар у жыцці абмінуў, беражыце…


…Яны сустрэліся ў пачатку 1861-га. Кастусь Каліноўскі, свежаспечаны кандыдат права, які закончыў прэстыжны юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, і Марыся Ямант, нядаўняя выхаванка прыватнага пансіёна, якая свабодна валодала некалькімі замежнымі мовамі, мела грунтоўныя веды ў літаратуры і гісторыі. Ён – сын дробнага мануфактуршчыка з Гродзеншчыны, яна – дачка надворнага саветніка з Вільні. Упершыню яны сустрэліся ў доме яе бацькі, куды Кастусь прыехаў па запрашэнні свайго сябра Юзафа, брата Марысі.
Гэты самы Юзаф таксама вучыўся ў Пецярбургу і гэтак жа, як Кастусь, уваходзіў у студэнцкае зямляцтва “Агул”, у якое аб’ядноўвалася ўніверсітэцкая моладзь з Беларусі, Польшчы, Украіны і Літвы. Менавіта там хлопцы сустрэліся і пасябравалі. Прычым настолькі, што, калі Кастусь вярнуўся на радзіму, кааб прыняць удзел у пачынаючым шырыцца паўстанцкім руху, Юзаф кінуў сваю “альма-матар” і таксама накіраваўся дадому.
І вось Кастусь прыязджае ў Вільню. Спыніцца няма дзе, і ён з радасцю прымае запрашэнне сябра пагасцяваць у яго доме. Каб на першай жа агульнай вячэры, аказаўшыся за сямейным сталом Ямантаў, сустрэцца позіркам з прыгажуняй-дзяўчынай.
Бываюць такія позіркі, ад перакрыжавання якіх ніякавеюць законы прыроды, і нават у звычайным, слаба асветленым пакоі нараджаецца сяміколерная вясёлка, на самым высокім выгібе якой сустракаюцца два сэрцы – каб стаць адным, вялікім – і запалаць. На той вячэры, няхай і не заўважаная іншымі (вельмі ўжо смачна гатавала кухарка Ямантаў!), вясёлка заіскрылася – і цуд кахання здарыўся.
Зрэшты, дзеля дакладнасці трэба дадаць, што злучылі Кастуся і Марысю не толькі пачуцці – чыстыя і светлыя душой, яны абодва марылі аб вольнай радзіме, аб шчаслівым жыцці свайго народа. І не проста марылі – і Канстанцін, і Марыся (як і яе браты і сёстры) актыўна ўдзельнічалі ў падпольным вызваленчым руху.
Каліноўскі вырашае застацца ў Вільні, знаходзіць нават пратэкцыю і падае прашэнне аб прыняцці на пасаду віленскаму  губернатару, – але звесткі аб яго неблаганадзейнасці ўжо прасачыліся з Пецярбурга – і ад месца яму адмаўляюць. Хочаш не хочаш, прыйшлося вяртацца на Гродзеншчыну.
А палітычная сітуацыя накаляецца ўсё мацней. Кастусь з галавой кідаецца ў паўстанцкія справы. Нават бярэцца за выданне першай (!) беларускамоўнай газеты “Мужыцкая праўда”, большасць артыкулаў для якой піша сам – сам жа і развозіць яе па вёсках… Часта бывае ў Вільні па справах камітэта, канешне. Але хіба ад паўстанцкіх спраў ягонае сэрца б’ецца так гучна? Марыська! Яе далікатны тварык і светлая ўсмешка прыцягваюць хлопца ў Вільню, нібы магнітам.
У пачатку 1862 года адбыліся заручыны. Канстанцін, як належыць, падарыў сваёй абранніцы заручальны пярсцёнак, паднёс падарункі яе бацькам, што прысутнічалі на ўрачыстасці. Божачка! Якім жа блізкім падавалася шчасце!



***


…У рускай гістарыяграфіі яго называюць Другім польскім паўстаннем або мяцяжом, у польскай – Студзеньскім, а для нас, беларусаў, гэтае паўстанне непарыўна звязана з імем Кастуся Каліноўскага. І згадваючы падзеі 1863 года, мы часцей за ўсё так і гаворым: “Паўстанне Каліноўскага”. Калі згадваем, канешне. Хоць найчасцей, рэгулярна адзначаючы гадавіны зусім іншых, чужых паўстанняў, мы ўсё ж забываемся і пра свае гістарычныя падзеі, і пра сваіх герояў…
22 студзеня 2013 года. Вільня. Траскучы мароз. Да вачэй захутаўшыся ў тоўсты шалік, іду па Зялёным мосце. У накірунку Лукішскага пляца. На ўрачыстасць, прысвечаную 150-годдзю паўстання – у ёй будуць прымаць удзел літоўская, беларуская і польская дэлегацыі. Беларускую ўзначаліць сам пасол...
Не, мароз усё ж такі занадта… Асабліва тут, над ракой – прадзівае наскрозь…
Хоць тады, 150 гадоў назад, наўрад ці было цяплей… Але ж выбухнулі… Цярпець далей, відаць, ужо не маглі. Інакш пачакалі б цяпла. Падрыхтаваліся больш грунтоўна. Цярпець жа далей ужо проста не бачылі сэнсу. Інакш пабаяліся б – наперад жа, напэўна, ведалі: не выстаяць са шляхецкімі рэвальверчыкамі ды сялянскімі косамі супраць царскай артылерыі…
Паўстанне ўзняло тады не сялянства – шляхта. І першым пунктам яго праграмы было вызваленне ад расійскага прыгнёту. Потым ужо: раўнапраўе грамадзян незалежна ад саслоў'я, нацыянальнасці і веравызнання, поўная ўласнасць сялян на надзелы…
Усё пачалося ў Варшаве. Заўчасна, без узгаднення з Літоўскім камітэтам. У Вільні і Гродне дзесяць дзён вагаліся: што рабіць? Нарэшце падтрымалі, далучыліся, хоць і не былі гатовыя. Зрэшты, ці можна да такога падрыхтавацца наогул, адчуць сябе цалкам узброеным? А што было б, калі б усё ж устрымаліся? Не былі б сасланы тысячы сялян і шляхты, былі б захаваны сілы? Наўрад ці. Следчыя камісіі ўсё роўна былі б, хіба што пакаралі б менш.



***

Каліноўскі ўзначаліў паўстанне не адразу – “белыя” (буйная шляхта і буржуазія) яму, лідару “чырвоных” (дробнай шляхты, інтэлігенцыі, студэнцтва, пэўнай часткі сялянства), даручылі гэта толькі пасля таго, як першая хваля паўстання была падаўлена. І ён, 25-гадовы юнак, не разважаючы, кідаецца ў прорву…
…Ну вось адкуль, скажыце, у нашай мегаталерантнай грамадзе нараджаюцца Каліноўскія? Звычайны, здавалася б, юнак з Гродзенскага павета. З небагатай сям’і беззямельнага шляхціча…
…Да канца 1863-га ад паўстанцкага настрою засталося няшмат – адных забілі, другіх зманілі кавалкам зямлі – для заспакаення сялян Беларусі і Літвы ўказамі Аляксандра II ад 1 сакавіка і 2 лістапада 1863 г. Былі адменены часоваабавязаныя адносіны, уведзены абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў, прадугледжана неадкладнае вяртанне сялянскіх адрэзкаў, а таксама змяншэнне выкупных плацяжоў. У кастрычніку 1863 года генерал-губернатар Мураўёў падпісаў загад аб надзяленні сялян, якія былі абеззямелены ў 1846 – 1856 гг., трыма дзесяцінамі зямлі, а гаспадарам, якіх памешчыкі пазбавілі зямлі пасля 1857 года, надзелы вярталіся цалкам.
А Каліноўскі і яго паплечнікі ствараюць падпольны ўрад, звяртаюцца да народа з заклікамі, імкнуцца аднавіць сувязі паміж падпольнымі арганізацыямі… Ён цяпер у Вільні. І адна з галоўных канспіратыўных явак – кватэра Ямантаў. Марыся і тры яе сястры ўваходзяць у нелегальны жаночы рэвалюцыйны камітэт, разам з іншымі жанчынамі і дзяўчатамі распаўсюджваюць забароненую літаратуру, збіраюць прадукты, зброю, сродкі для інсургентаў, носяць у турмы арыштаваным ежу і цёплыя рэчы…
У самым пачатку 1864-га Каліноўскага здраціць адзін з нядаўніх паўстанцаў (не варта ўзгадваць ягонае прозвішча!), і Кастуся недзе ў Базылянскіх мурах арыштуюць. Адначасова схопяць усіх астатніх. Марыську, яе бацькоў, братоў і сясцёр – таксама. Па іроніі лёсу (а можа, гэта быў падарунак?) каханыя трапяць за краты ў будынкі насупраць. Кастусь чакаў прысуду ў гэтым вось акне былога дамініканскага кляштара, а Марыська…



***

…Разублена стаю ля муроў – я ж кіравалася на Лукішскі пляц! І калі звярнула на вуліцу святога Ігната? Здымаю пальчатку і датыкаюся да шэрай сцяны: у ёй – упэўнена! – і сёння жыве крупінка цяпла Кастусёвага сэрца. Тут ён чакаў прысуду. Не спадзяваўся на добрае для сябе, хваляваўся больш за нарачоную – усяляк адкараскваўся ад Ямантаў. Маўляў, не ведалі, не ўдзельнічалі, староннія ад паўстання… Светлая душа! Не па сілах табе было падмануць шматвопытных царскіх следчых.



***

Вокны абодвух кляштараў – дамініканскага, у якім трымалі Каліноўскага, і місіянераў, за краты якога кінулі Марыську, – выходзілі на агульны турэмны двор. Як жа пільна яны ўглядаліся, каб хоць здалёк, хоць краем вока ўбачыць адзін аднаго… Каб хоць слоўца пачуць, перахапіць хоць порух вуснаў. Дарэмна…
І ўсё ж анёл з’явіўся! Цётка Марысі Ядвіга Макрыцкая – дарэчы, з Ашмянскага павета – знайшла патрэбныя сувязі, наведала Кастуся, Марыську, а потым з дапамогай подкупу арганізавала іх перапіску. Наўрад ці можна ўявіць пачуцці
Кастуся, з якімі ён там, на апошняй прыступцы лесвіцы да смерці, трымаў у руках пісьмо каханай…
Нарэшце прысуд абвешчаны: расстрэл.


Марыська,
чэрнабрэва галубка мая!
Дзе ся падзела шчасце
і ясна доля твая?
Усё прайшло, –
прайшло, як бы не бывала,
Адна страшэнна горыч
у грудзях застала.


Такі верш напісаў ён сваёй нарачонай, калі даведаўся пра прысуд. Што яна адказала яму, можна толькі здагадвацца. А свой апошні верш Кастусь напісаў ёй у ноч перад пакараннем. Ужо калі ведаў, што Мураўёў замяніў расстрэл на іншае пакаранне – па волі генерал-губернатара двараніна Каліноўскага, кіраўніка паўстання павесяць. Ганебна. Як бандыта з вялікай дарогі. А можа, як Месію, які дзве тысячы гадоў таму таксама прыняў ганебную смерць за грахі іншых?



***

Раніцай 22 сакавіка 1864 года ў цэнтры Вільні на Лукішскай плошчы адбылося пакаранне. З успамінаў відавочцаў: “…Каліноўскі ішоў на пакаранне смелаю хадою, стаў прама да шыбеніцы і падчас чытання прысуду, дзе яго назвалі дваранінам, гучна прамовіў: “Дваран няма, мы ўсе роўныя”. Унутранае яго хваляванне выбівалася вонкі толькі ў тым, што ён як бы машынальна абводзіў навакольны натоўп вачыма, а можа, ён адшукваў там кагосьці са сваіх сутаварышаў, жадаючы даць зразумець яму якім-небудзь знакам, што таямніцу нясе ён з сабою ў магілу…”
Марыську… Марыську сваю ён выглядваў. Насуперак усёй гібельнай рэчаіснасці. Розум казаў: немагчыма. А сэрца тукала: а рап-там, рап-там… І вочы шукалі, шукалі. Пакуль мелі сілы…
…Марысю да шыбеніцы не дапусцілі. Увесь дзень яна прастаяла ля вузкага акенца сваёй турэмнай келлі, упарта ўглядваючыся ў неба ў спадзяванні, што напрыканцы ўдасца ўбачыць хоць цень адлятаючай душы каханага. А яе чорныя, да крыві скусаныя вусны зноў і зноў паўтаралі радкі яго апошняга, развітальнага верша:


Не наракай, Марыся,
на сваю бяздолю,
Но прымі цяжкую кару
Прадвечнага волю.
А калі мяне ўспомніш,
шчыра памаліся,
То я з таго свету
табе адазвуся.



***

Уся сям’я Ямантаў на шмат гадоў трапіла ў Сібір. Прычым дзяўчат і старых нямоглых бацькоў пасялілі асобна ад брата, каб той не мог ім дапамагчы. Шмат гора давялося перанесці Марысі, безліч цяжкай фізічнай працы прыйшлося перарабіць яе некалі далікатным далонькам. Магла жыць лягчэй – сваталіся да прыгажуні і ў ссылцы. Адмаўляла. Дзесяць гадоў насіла жалобу па каханым. А потым, калі вярнулася нарэшце на радзіму, калі памерлі бацька, сястра, швагер, усё ж такі выйшла за былога ссыльнага Войцеха Дмахоўскага. Толькі ўсмешка на яе твар так ніколі і не вярнулася…
Марыся пахавана ў Польшчы.
А на могілках Роса ў Вільні мая сястра Людвіка Кардзіс некалькі год таму адшукала магілы яе родных: бацькі, маці, сястры Людвікі, дзядзькі… – усе яны ўдзельнічалі ў паўстанні і былі сасланы ў Сібір…



***

На Лукішкі ў той дзень я так і не патрапіла. Ад кляштара дамініканаў накіравалася да Катэдры. А потым – на гару Гедыміна. Кажуць, пасля таго, як Мураўёў-вешальнік дазволіў забраць целы пакараных, Кастуся і яго паплечнікаў іх сябры тайна пахавалі ў яе нетрах. Не можа быць, каб сёння на іх магілу ніхто не прыйшоў. І мне па слядах, пакінутых на глыбокім снезе, таксама ўдасца яе адшукаць. Падымаюся. Недзе на сярэдзіне шляху заўважаю шырокую сцежку ўбок. Ёсць! Старанна ўзбіраюся па яе расслізганасці – сцяжынка прыводзіць мяне да… крынічкі.
Што ж… Вяртаюся назад і ўпарта брыду далей. І дабраўшыся да вяршыні, проста стаю і гляджу, як унізе жыве сваім звычайным жыццём раўнадушны да чужога кахання горад. Стаю і гляджу, пакуль замарожаны вецер не выціскае з маіх вачэй калючыя слёзы…
Марыська, чарнабрэва галубка! Няхай сабе і з Варшавы, але твая душачка змагла, прыляцела сюды на гару, каб з’яднацца нарэшце з любым. Інакш і быць не магло. Інакш у каханні не было б ніякага сэнсу…


--------------------
Ганна ЧАКУР.