Алег Драбышэўскі - мастак з гудагайскімі каранямі

12:00 / 20.01.2013
4
Праспяваю я карціну, нібы верш.

Ціха ўпотай памалюся толькі перш...

Бо карцінкі, як іконкі, – не грашу! –

Асвятляюць, нібы зоркі, боль-душу.

Гэты ўзнёслы верш напісала беларуская паэтэса Таіса Трафімава пад уражаннем ад выставы мастака. Гэта эмацыянальная характарыстыка датычыцца і ўсіх твораў мастака. Кожны пейзаж, напісаны Алегам Аляксандравічам, успрымаецца рознымі людзьмі па-свойму, але несумненна, што гэта будуць толькі добрыя, толькі станоўчыя пачуцці. Прафесіяналы ахарактарызавалі яго творчасць як “прасветла-чыстае мастацтва”, а яго карціны перапаўняюць душу пачуццём светлай, чыстай радасці, гонару за сваю Радзіму, усведамленнем яе непаўторнай прыгажосці. Мастак у простым знаходзіць адметнае, а прырода на яго палотнах паўстае жывою.


Нарадзіўся Алег Драбышэўскі 1 студзеня 1953 года ў вёсцы Табарышкі, якая сёння з’яўляецца адной з вуліц пасёлка Гудагай і якую мастак увекавечыў у карціне “Родны кут. Гудагай. Табарышкі”, а аўтарская копія гэтай карціны з'яўляецца гонарам нашага музея. З першага па восьмы клас Алег вучыўся ў Гудагайскай школе і, як успамінаюць, ужо тады вылучаўся сярод вучняў мастацкімі здольнасцямі. Былая піянерважатая школы Эла Мікалаеўна Ажгірэвіч расказвала, што ён намаляваў графічны партрэт Алега Кашавога, імя якога насіла піянерская дружына. Той партрэт доўгі час вісеў у піянерскім пакоі і здзіўляў наведвальнікаў сваёй бездакорнай тоеснасцю з партрэтам, надрукаваным у нейкім выдавецтве.
Затым сям’я пераехала ў Астравец. Гэта быў ужо 1969 год. Атэстат аб сярэдняй адукацыі Алег Драбышэўскі атрымаў у Астравецкай школе. Таленавіты юнак прадаўжае шукаць сябе. У гэты час ён знаёміцца з Віктарам Александровічам, зараз вядомым у Беларусі мастаком-графікам, які ў той час жыў у Астраўцы. Пад уплывам Александровіча ён спрабуе сябе ў стварэнні скульптур. З копій фотаздымкаў у музеі глядзяць на нас творы, выкананыя 16-17-гадовым юнаком. Адна з іх, па словах самога аўтара, незакончаная скульптура пад назвай “Кампазіцыя”, экспанавалася на абласной выставе, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння правадыра рускай рэвалюцыі У.І. Леніна. Але так склалася, што таленавітаму выпускніку з раённага цэнтра не хапіла балаў для паступлення на мастацкі факультэт у сталічнай установе.
Свет прыгожага Алег прадаўжаў пазнаваць на філалагічным факультэце БДУ. Адначасова ён наведваў заняткі ў студыі Тэатральна-мастацкага інстытута ў Мінску, дыплом аб заканчэнні яе ён таксама атрымаў. Пазней, у 1985 годзе, у Мінскім педінстытуце Алег Аляксандравіч атрымаў грамадскую прафесію кіраўніка выяўленчай студыі і мастака. На базе Інстытута ўдасканалення настаўнікаў з 1988 па 1990 гг. прайшоў курс навучання ў пецярбургскіх мастацтвазнаўцаў па спецыяльнасці “сусветная мастацкая культура”.
Як бачым, Алег Драбышэўскі мэтанакіравана ідзе да рэалізацыі дадзенага яму Богам таленту. Але нам здаецца, што сам лёс даваў А. Драбышэўскаму шанс духоўнага ўзбагачэння. Не ўсе ведаюць, што ў студэнцкія гады Алег жыў у адным пакоі ў інтэрнаце з Міколам Мятліцкім, зараз вядомым беларускім паэтам. Сяброўства з такім чалавекам не магло не прыбавіць зоркасці ў светаўспрыманні, у пашырэнні сувязей з людзьмі ад мастацтва.
У нашым музеі захоўваецца аўтарскі экзэмпляр верша Міколы Мятліцкага з яго аўтографам. Цікавая гісторыя яго напісання.
Да дня ўручэння паэту Дзяржаўнай прэміі мастак намаляваў карціну “Хата маленства”, на якой паўстала бацькоўская хата Мятліцкага. Па-сапраўднаму дзіўна гучыць той факт, што Драбышэўскі не бываў на радзіме паэта, а значыць, і хату тую не бачыў. Толькі слухаў расповеды паэта ды, магчыма, бачыў фотаздымак. А бацькоўская хата паэта на той час засталася за калючым дротам у чарнобыльскай зоне... Зразумела, чаму столькі радасці прынёс паэту менавіта гэты падарунак.
“Хату маю мастак намаляваў жывою”, – так паэт ацаніў у вершы карціну.
З 1990 года мастак Драбышэўскі жыве і працуе ў Мінску. З вялікім поспехам і шырокім рэзанансам прайшлі персанальныя выстаўкі мастака ў родным Астраўцы, Маладзечне, Заслаўі і многіх іншых гарадах нашай краіны і нават за яе межамі. Народны пісьменнік Беларусі Іван Пятровіч Шамякін у свой час напісаў: “Мяне яго карціны прывялі ў захапленне. Я ўсё-такі рэаліст, і гэтыя сучасныя стылі, сучасную моду не вельмі прымаю. А такія вось рэалістычныя пейзажы Алега Драбышэўскага проста кранаюць за сэрца. Хоць яны і напісаны на Астравеччыне, але тут паўстае абагульнены вобраз Радзімы. Думаю, што ў яго яшчэ ўсё наперадзе і яшчэ будзе створаны не адзін твор, які ўзбагаціць наша выяўленчае мастацтва і нашу культуру ўвогуле”.
У выдавецтве “Тэхнапрынт” выйшаў альбом твораў Алега Драбышэўскага, дзе прадстаўлены пейзажы аўтара: “Над Лошай”, “Двор маленства”, “Астравец. Кладка Зарэцкіх” і многія іншыя. Альбом знаходзіцца ў каталогах Нацыянальнай і Прэзідэнцкай бібліятэк Беларусі, у шэрагу краін Еўропы і ЗША. Творчая дзейнасць мастака шырока асвятлялася як у нашай раённай газеце, так і ў абласных, і рэспубліканскіх выданнях.
У экспазіцыі музея Гудагайскай школы ёсць раздзел, прысвечаны творчасці А.А.Драбышэўскага. Аб ім заўсёды распавядалі, калі праводзіліся экскурсіі аб мастаках зямлі гудагайскай. Са студзеня гэтага года мы распрацавалі аглядную экскурсію, дзе больш падрабязна знаёмім з асобай мастака, а таксама экскурсію, прысвечаную творчасці сучаснага беларускага мастака-пейзажыста, які некалькі дзесяцігоддзяў таму закончыў нашу Гудагайскую школу. Запрашаем з нагоды 60-годдзя мастака наведаць наш музей.


-------------------------------------------------------------
Марыя ВАСІЛЁНАК, кіраўнік музея “Зямля гудагайская: матэрыяльнае і духоўнае”.