Неделя postfactum. Какой сценарий нужен Беларуси?

20:00 / 28.11.2012

На мінулым тыдні былы намеснік міністра замежных спраў, былы кандыдат у прэзідэнты, былы “палітычны вязень”, а цяпер эмігрант, які папрасіў палітычнага прытулку ў Вялікабрытаніі, Андрэй Саннікаў даў першае інтэрв’ю свабоднай англійскай прэсе.


Яно літаральна струменіць абвінавачваннямі Беларусі ва ўсіх смяротных грахах – ад дыктатуры і гандлю  зброяй да пагрозы, якую нібыта ўяўляе наша краіна ўсяму чалавецтву.


А галоўным “перлам” з’яўляецца шкадаванне з нагоды, што ў Беларусі так і не ўдалося рэалізаваць “лівійскі сцэнарый”.


Апошняе выказванне прымушае задумацца прынамсі над двума пытаннямі: аб палітычнай будучыні самога Саннікава і аб падзеях, якія адбыліся ў дзень мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Калі мае месца шкадаванне аб нерэалізаванасці лівійскага сцэнарыя – значыць ён, сцэнарый дзяржаўнага перавароту, усё ж быў?


А як жа запэўніванні, што Дом урада штурмавалі пераапранутыя супрацоўнікі спецслужбаў, а лідары апазіцыі насамрэч – толькі мірныя дэманстранты, якія сталі бязвіннымі ахвярамі банальнай правакацыі!


Досыць выразна бачыцца і далейшы палітычны лёс Саннікава.


Увогуле процістаянне ідэй і поглядаў не з’яўляецца выключнай асаблівасцю Беларусі. У сучаснай гісторыі прыкладамі грамадзянскага процістаяння могуць служыць  Паўночная Ірландыя альбо іспанская Каталонія.


У больш далёкай – крывавая драма “белага” і  “чырвонага” рухаў пасля кастрычніцкай рэвалюцыі.


Аднак заўсёды, якім бы вострым і трагічным ні было змаганне дзвюх процілеглых ідэй,  заставаліся нейкія каштоўнасці, якія не падлягалі аспрэчванню і стаялі перад усім: абавязак і адказнасць перад Радзімай, чалавечая годнасць,  афіцэрскі гонар, элементарная прыстойнасць, урэшце.


Гэтыя каштоўнасці не дазвалялі сумленнаму беламу афіцэрству станавіцца пад сцягі спрадвечных ворагаў Расіі – нават дзеля барацьбы з бальшавізмам.


Як не ўласціва сённяшнім барацьбітам за незалежнасць Каталоніі заклікаць сусветную супольнасць да эканамічных санкцый супраць Іспаніі, альбо – крый божа! – да ваеннай інтэрвенцыі. Гэта быў бы самы верны і кароткі шлях да палітычнай смерці любой грамадскай сілы! Прыклады калабарацыянізму ў гады Другой сусветнай вайны – найбольш яскравы таму прыклад. Дзе сёння ўсе тыя дзеячы, якія на брані нямецкіх танкаў вярнуліся ў Беларусь з мэтай адраджэння яе незалежнасці? Дзе генерал Уласаў і яго памагатыя? На сметніку гісторыі.


У нас жа ў пэўных колах лічыцца ледзь не геройствам не толькі свядома і адкрыта заклікаць, па сутнасці, да ваеннай інтэрвенцыі супраць сваёй краіны,  але пры гэтым яшчэ і хадзіць з горда ўзнятай галавой, прэтэндуючы на ролю лідара нацыі.


Па праўдзе кажучы, у сённяшні век талерантнасці ўсё гэта можна было б неяк сцярпець, калі б не такое непрыкрытае, вар’яцка-апантанае жаданне пэўных палітычных сіл “прагнуцца” перад сваімі гаспадарамі.


Не атрымалася ўласная кар’ера, не набралася на выбарах дастатковай колькасці галасоў – там, на тым жа захадзе справядліва лічаць, што на гэтым жыццё не заканчваецца. Прайграў, напрыклад Альберт Гор выбары амерыканскага прэзідэнта ў 2000 годзе – і ціха сыйшоў з палітычнай арэны. Змагаецца цяпер з глабальным пацяпленнем, нават Нобелеўскую прэмію за гэта атрымаў. Гэткі ж лёс звычайнага амерыканскага пенсіянера прадказваюць  і сёлетняму няўдачніку прэзідэнцкай гонкі ў ЗША.


У нас жа пасля паражэння на выбарах у адстаўку зыходзіць не прынята. Былыя кандыдаты не толькі працягваюць сваю палітычную кар’еру, а і дзесяцігоддзямі ўзначальваюць партыі і рухі, заклікаючы пры гэтым да санкцый супраць краіны, у якой яны нібыта былі незаслужана пакрыўджаны. Няхай усё вакол рушыцца і палае ў агні – толькі б была натоленай прага помсты за нерэалізаваныя амбіцыі! Ці, як кажуць у народзе, – хай гарыць родная хата – я хоць пагрэюся ля вогнішча.


Зразумела, што рабіць гэта з-за мяжы нашмат зручней, чым у Беларусі. Ды і, па праўдзе кажучы, хто сказаў, што статус палітычнага ўцекача ў Лондане з пажыццёвым пансіёнам – горшы за становішча звычайнага беларускага пенсіянера?


--------------------------


Эдуард Свірыд.