Неделя postfactum: Соединненые Штаты и арабский мир

15:09 / 19.09.2012

Нізкапробная малабюджэтная кінападзелка, вырабленая ў прыватнай кінастудыі ў ЗША, якая выстаўляе ў непрывабным, абразлівым свеце прарока Мухамеда і ўсіх мусульман, стала прычынай самай рэзананснай падзеі мінулага тыдня.


11 верасня ў лівійскім горадзе Бенгазі раз’юшаным натоўпам быў забіты амерыканскі пасол і яшчэ некалькі супрацоўнікаў дыпламатычнага прадстаўніцтва ЗША ў Лівіі. Трагедыя стала апафеозам масавых антыамерыканскіх выступленняў ва ўсім арабскім свеце.
Увогуле, забойства пасла – падзея ў гісторыі зусім не радавая. У мінулым падобныя інцыдэнды нярэдка заканчваліся войнамі паміж краінамі.
Трагедыя ж у Бенгазі выклікала стрыманую рэакцыю амерыканскага прэзідэнта, які выказаў надзею на сумеснае з лівійскім урадам аб’ектыўнае і неперадузятае расследванне гэтай крывавай драмы.
Што да лівійскага кіраўніцтва, то яно на першым часе паспрабавала перакласці ўсю віну на прывідных прыхільнікаў Кадафі. Версія, праўда, аказалася настолькі недарэчнай, што праіснавала зусім нядоўга.
Дык што ж здарылася ў Бенгазі на самай справе?
І месца злачынства, і асоба забітага дыпламата, і дата трагедыі даволі сімвалічныя.
Бенгазі да гэтага часу лічыцца нефармальным цэнтрам так званага лівійскага супраціўлення; амерыканскі пасол Крыстафер Сцівенс з’яўляўся ідэйным натхняльнікам звяржэння рэжыму Кадафі; а 11-е верасня, калі ўласна і здарылася трагедыя, увайшло ў сусветную гісторыю, як дзень тэрарыстычнай атакі на ЗША ў 2001 годзе.
Усё ў гэтым шэрагу не з’яўляецца выпадковым.
У тым ліку і тое, што хваля народнага гневу практычна ва ўсіх арабскіх краінах абрынулася менавіта на Злучаныя Штаты, якія пазіцыяніруюць сябе бескарыслівымі, самаахвярнымі барацьбітамі за ўсталяванне свабоды і дэмакратыі ў арабскім свеце.
Усё гэта наводзіць на думку, што прычыну трагедыі трэба шукаць зусім не ў скандальным фільме, прэм’ера якога ціха прайшла яшчэ напачатку года толькі ў некалькіх кінатэатрах ЗША, і не ў тых урыўках з яго, якія крыху пазней трапілі ў інтэрнэт і якія абсалютная большасць жыхароў арабскага свету проста не магла ўбачыць па прычыне адсутнасці доступу да гэтага самага ўсюдыіснага інтэрнэту.
Яшчэ напачатку “арабскай вясны” многія аналітыкі, палітолагі, эксперты па краінах Усходу папярэджвалі, што грубае ўмяшальніцтва ў справы арабскіх краін, сляпое праецыраванне заходніх традыцый і ідэалаў на усходні свет, якімі б добрымі меркаваннямі гэта ні было абумоўлена, можа мець трагічныя, незваротныя наступствы. Аднак нешматлікія галасы розуму і здаровага сэнсу патанулі ў салодкагалосым хоры ўсеагульнага ўхвалення перамогі свабоды, роўнасці і братэрства ў арабскім свеце.
Як паказалі падзеі мінулага тыдня, усё гэта было толькі ілюзіяй.
Так званыя антынародныя рэжымы, з якімі так люта і апантана змагаліся заходнія краіны, безумоўна, былі далека не анёльскімі. Аднак яны з’яўляліся магутнай процівагай папулярных у грамадстве радыкальных мусульманскіх ідэй і плыняў, кшталту Аль-Каіды, якія вымушаны былі заставацца ў ценю перад пагрозай рэпрэсій з боку ўлад.
Пасля “арабскай вясны” гэтай процівагі не стала.
Наіўна было спадзявацца, што “вызваленыя” з-пад тыраніі мусульмане стройнымі радамі ўстануць пад сцягі заходняй дэмакратыі. Занадта розны менталітэт, гісторыя, выхаванне і традыцыі ў народаў гэтых кантынентаў. Тое, што здаецца звычайным і відавочным для еўрапейца, з’яўляецца непрымальным для прадстаўніка усходняй цывілізацыі. Неадназначная рэакцыя еўрапейскай грамадскасці на справу скандальнай расійскай групы і масавыя акцыі пратэсту ў адказ на выхад фільма “Невінаватасць мусульман”, якія адбыліся ва ўсходнім свеце – лішняе гэтаму ілюстрацыя.
Таму тое, што здарылася 11 верасня 2012 года, рана ці позна павінна было здарыцца. Пачвара радыкальнага ісламізму, так легкадумна выпушчаная на свабоду заходнім светам, без шкадавання адкусіла руку свайго дабрадзея, як толькі ў ёй знікла неабходнасць.
Крывавы круг замкнуўся...


Эдуард СВІРЫД.