Павел Оболевич. Возвращение забытых имен

18:38 / 29.07.2012

Магіла ксяндза Паўла Абалевіча знаходзіцца ля самай агароджы. Зусім побач з касцёлам Узнясення Святога Крыжа. І як можна было не заўважыць яе раней?


Я натыкнулася на яе толькі два гады таму. Зімой. Снегу тады нападала вышэй калена, так што прабірацца даводзілася ледзь не паўзком.


…Жалезны крыж. Нязвыклы – замест суцэльных планак толькі іх абрысы, контуры. Таму ў перакрыжаванні крыжа  так шмат паветра. А яшчэ скрозь яго бачна наваколле. Прымацавана таблічка з выявай падаючага крыжа і надпісам, які выдатна захаваўся:


Ксёндз Павел Абалевіч, пробашч Астравецкі


1881- 22 красавіка 1928 года


Божа, за працу і старанні дай яму вечнае спачыванне.”


Святар, які памёр на 47-ым годзе свайго жыцця… Хто ён? Адкуль? Колькі адпрацаваў у нашай парафіі? Вярнуўшыся ў рэдакцыю, паспрабавала пашукаць у інтэрнэце – не знайшла нічога. І, заняўшыся больш злабадзённымі справамі, забылася. Зрэдку, пераглядваючы фатаграфіі, натыкалася на здымак магілы Абалевіча, сама сабе нагадвала: не забыць, пашукаць. І амаль адразу зноў забывала…


Нядаўна працавала над артыкулам аб Астравецкім касцёле Узнясення Святога Крыжа і, разважаючы пра пахаванне ксяндза Пятра Баханоўскага, узгадала магілу іншага святара – Паўла Абалевіча. Амаль па інерцыі “залезла” ў інтэрнэт, зайшла на адзін з польскіх сайтаў, – і заслона над забытым імем колішняга пробашча пачала прыадкрывацца…


Першая ўзгадка была ад 18 (31) сакавіка 1908 года. Віленская газета “Кур’ер Літоўскі” паведамляла ў рубрыцы “Навіны з правінцыі”:


“Варняны. Віленскі павет.


Рэпрэсіі ў адносінах да ксяндзоў не спыняюцца. Адных – высылаюць, другіх – адстароньваюць ад працы, трэціх прыцягваюць да адказнасці за падрыхтоўку да Першай споведзі. Падобны факт здарыўся ў Варнянах. Ксёндз Павел Абалевіч, вікарый варнянскі, стараючыся як мага лепш падрыхтаваць дзяцей да Першай споведзі і прыняцця Першай Камуніі, распачаў зімой навуку катэхізіса. А паколькі зімой у касцёле моцна холадна, святар запрасіў дзяцей да сябе на кватэру. З усіх навакольных вёсак дзеці з ахвотай бегалі на заняткі да ксяндза – зімой у іх шмат вольнага часу. Аднак цягнулася гэта нядоўга. Паліцыя звярнула ўвагу, прыбылі следчыя і справа пакрочыла па судовай дарожцы.


Нягледзячы на гэта ксёндз Абалевіч не спыніў распачатай справы, упаўне лагічна разважаючы, што як толькі суд разбярэцца ў тонкасцях справы і высветліць, што ніякіх патаемных зборышчаў тут не было, навуку можна будзе працягваць далей. Тым часам 12 сакавіка бягучага года губернатар прыслаў загад аб тэрміновым закрыцці “патаемнай школкі” пры касцёле Варнянскім. Выканаць загад было не цяжка, паколькі ніякай патаемнасці не было і ў паміне. Але ксёндз Абалевіч быў вымушаны спыніць падрыхтоўку дзяцей да Першай Камуніі.”


Аб тым, як улады абышліся з самім ксяндзом, газета не паведамляе, але, мяркуючы па наступных звестках, яго перавялі ў касцёл Найсвяцейшай Тройцы і Святога Крыжа ў Косава Івацэвіцкага раёна (у той самы касцёл, дарэчы, у якім у 1746 годзе хрысцілі Тадэвуша Касцюшку).  Сведчаннем таму цытата з біяграфіі ксяндза Чыжэўскага, напісанай доктарам тэалогіі кс. Шотам:


“2 чэрвеня 1910 года ксёндз Чыжэўскі быў прызначаны пробашчам парафіі Косув Палескі, у месца, дзе да гэтага часу быў пробашчам ксёндз Павел Абалевіч.” Зазначым сабе: пробашчам, а не вікарыем…


…А газета “Кур’ер Літоўскі” ў нумары ад 9 чэрвеня 1910 года ўдакладніла, што “…з Косава ксёндз Павел Абалевіч пераведзены з-за непрыемнасцей з адміністрацыйнымі ўладамі вікарыем у Сакулку”. Вікарыем…


Якога роду непрыемнасці былі ў ксяндза з уладамі, можна здагадацца, чытаючы біяграфію таго ж кс. Чыжэўскага, пра якога доктар Шот піша, што “…у парафіі кс. Чыжэўскі прабыў нядоўга – неўзабаве з-за таго, што ён адмовіўся вучыць рэлігіі па-руску, ён быў пераведзены на новае месца. Гродзенскі губернатар прылічыў яго да кагорты непакорных і варожа настроеных да царскай улады”. З вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што аналагічнае абвінавачанне было выстаўлена і супраць Абалевіча.


У Сакулцы ксёндз Павел прабыў не больш трох гадоў. Таму што 25 ліпеня 1913 года Віленская дыяцэзыяльная газета “Двухтыднёвік Дыцэзыяльны” паведамляла: “…па загаду Яго Эксцэленцыі ксяндза-Адміністратара ў асабовым складзе дыяцэзіі адбыліся змены: ксёндз Павел Абалевіч пераведзены ў Солы”. А 25 сакавіка (7 красавіка) 1914 года той жа “Двухтыднёвік Дыцэзыяльны” напісаў аб чарговым перамяшчэнні кс. Абалевіча – на гэты раз у невядомыя нам Невадніцы.


…У 1915 годзе памірае пробашч Астравецкага касцёла Узнясення Святога Крыжа ксёндз Пётр Баханоўскі, і на яго месца ў недабудаваны касцёл прысылаюць змардаванага праследаваннем і бясконцымі пераводамі з адной парафіі ў другую ксяндза Паўла Абалевіча.


…А ў Еўропе ад выбухаў Першай сусветнай вайны горкім стала паветра. Полымя чужой вайны бушуе і на нашай зямлі – успаміны царскага генерала Свечына аб жорсткіх баях паміж рускімі і немцамі ў Варнянах, Дубніках, Тартаку, Дравяніках, Задворніках… тычацца якраз верасня 1915 года. Ускосна ён распавядае і аб становішчы, у якім апынулася мясцовае насельніцтва.


З успамінаў генерала Свечына: “У самых патаемных месцах лесу пасвілася жывёла. Сяляне ў той паласе (аўтар мае на ўвазе вёскі Астравеччыны) вельмі баяліся, каб адступаючыя не ўгналі з сабой самае галоўнае для селяніна багацце – жывёлу… Сібіракі (Сібірская дывізія расійскай арміі, якая ў гэты час ваявала на нашай тэрыторыі – Г.Ч.) рэквізавалі жывёлу ў насельніцтва бясплатна… У мясцовага насельніцтва нельга было знайсці ні крышталіка солі…”


Голад. Галеча. Тыф. Пра ўзнясенне вежаў на касцёле, як планавалася раней, не варта было і марыць – закончыць бы падлогу…


…Па выніках Першай сусветнай вайны заходняя частка Беларусі адыходзіць пад Польшчу, і ганенні на польскіх святароў спыняюцца. Вось толькі страчанае здароўе святару ўжо не вярнуць…


У Астраўцы ксёндз Абалевіч служыў да 1928 года. Ад якой хваробы ён памёр, сёння амаль немагчыма даведацца. Але мяркуючы па ўзросце – хутчэй за ўсё ад шырока распаўсюджаных у той час сухотаў. Зрэшты, гэта не так і важна. Куды важней, што сваё жыццё святар Абалевіч прысвяціў змаганню за польскую мову і тоеснасць.


…А літаральна ў пяцідзесяці кіламетрах ад Астраўца ў гэты ж час узышоў на крыж адданасці народу і роднай мове другі наш святар – Канстанцін Стэповіч. Які хацеў, “…каб Езус наш любімы па-беларуску ўсё ж загаварыў”. І паляванне на яго зладзілі  ўжо польскія ўлады…


Два ксяндзы… Два быўшыя семінарысты Віленскай духоўнай семінарыі, а значыць, хутчэй за ўсё абодва – выхадцы з беларускіх зямель, так бы мовіць, тутэйшыя. А народ і мова ў кожнага з іх – свае…


Закончыць гэты артыкул хочацца словамі Дануты Бічэль з яе кнігі “Мост святога Францішка”: “Божа! Калі нельга, каб на нашай зямлі не бушавалі чужыя войны, зрабі так, каб яе сыны змагаліся на адным баку фронта…”



Ганна ЧАКУР.