5- летние юбилеи у жителей Островецкого района

18:08 / 29.04.2017

Астравец расце, будуецца, прыгажэе.
І разам з ім растуць, сталеюць яго жыхары: заводзяць сем’і, нараджаюць дзяцей, набываюць прафесіі і рухаюцца па кар’ернай лесвіцы.
Напярэдадні 5-цігадовага юбілею Астраўца мы сустрэліся з некаторымі з яго жыхароў, хто ў гэтыя дні адзначае нейкі свой асабісты маленькі юбілей: працоўнай дзейнасці, сумеснага жыцця, з дня нараджэння.
Знаёмцеся: “юбілейныя” астраўчане

  

7539.jpgПромні вясенняга сонца, якое знянацку накрыла наваколле сваім цяплом, казыталі чатырохгадовага Ілюшу, які моцна абхапіў тату сваімі маленькімі далонямі. Разам яны ўцякалі ад мамы, якая намагалася нагнаць сваіх мужчын. “Дагнала!” – хлопчык пырснуў ад смеху…
Яго мама і тата – Анастасія і Стас Чырыцы літаральна ўчора адзначылі  свой першы юбілей – пяцігоддзе сумеснага жыцця. Падчас праменаду мы задалі ім пяць пытанняў аб галоўным.
1. Як вы пазнаёміліся?
Насця:
– Наша знаёмства пачалося з танца. (Усміхаецца). Са Стасам мы пазнаёміліся на дыскатэцы ў Вароне. На танцы тады збіралася ледзьве не ўся моладзь з Астравеччыны.
Стас:
– А дакладней – пасля дыскатэкі. У нас былі агульныя знаёмыя, хоць мы і не ведалі адзін аднаго. Насця жыла ў Варнянах, таму я прапанаваў яе падвезці дадому.
2. Як і ў які момант адчулі, што перад вамі – другая палавінка?
Стас:
– Гэта было каханне з першага погляду… Не, не пішыце гэта.
Насця:
– Я адразу адчула, што Стас – гэта той чалавек, з якім я хачу пражыць усё жыццё і ад якога хачу нарадзіць дзетак.
Стас:
– Мы сустракаліся прыблізна два месяцы – а потым шляхі разышліся. Я нават у армію паспеў схадзіць. А потым неяк сустрэў сястру Насці і запытаў яе нумар тэлефона…
Насця:
– Сустрэліся – і больш ні на дзень не разлучаліся. А 28 красавіка 2012 года мы сталі мужам і жонкай. Гэты дзень мне запоўніўся на ўсё жыццё: белая вясельная сукенка, заручальныя пярсцёнкі і новая сям’я – наша сям’я.
3. Што галоўнае ў сямейным жыцці?
Стас:
– Быць разам.
Насця:
– Цалкам згодная са Стасам. У нашай сям’і прынята ўсё рабіць разам: хадзіць за пакупкамі, адпачываць… Чым больш часу вы праводзіце разам – тым больш моцная і дружная будзе ваша сям’я.
4. Што больш за ўсё запомнілася за апошнія пяць гадоў і якую падзею вы лічыце галоўнай?
Стас:
– Нічога звышнатуральнага, акрамя нараджэння Ілюшкі, у нашай сям’і не адбылося.
Насця:
– Галоўнае, што мы са Стасам сустрэліся і пакахалі адзін аднаго. Сёлета ў нашай сям’і – невялікі юбілей: пятая гадавіна сумеснага жыцця – драўлянае вяселле. Нашы са Стасам адносіны такія ж моцныя, як дрэва, і такія ж жывыя і далікатныя, як лісце.
5. Пра што марыце?
Насця:
– Мы жывём у Астраўцы ў інтэрнаце. Як кожная жанчына, я мару мець свой куток, дзе кожнаму – і мужу, і дзецям, будзе ўтульна. У Гудагаі мы купілі дом, зараз даводзім яго да толку – а работы там непачаты край…
Стас:
– Сына нарадзілі, дом, спадзяюся, дабудуем… Засталося толькі сад пасадзіць!
Ілюша, які ўвесь гэты час не перабіваў бацькоў, дадаў:
–  А я хачу хутчэй стаць школьнікам і таксама дачакацца, калі на свет з’явіцца мой брацік Аляксандр!

Алена ГАНУЛІЧ

Малады і перспектыўны

2148.jpgУ 2012 годзе, калі Астравец атрымаў статус горада, сюды на сваё першае рабочае месца прыехаў – і ў той жа час вярнуўся на радзіму, бо нарадзіўся і вырас у Малях, – фельчар выязной брыгады хуткай дапамогі цэнтральнай раённай бальніцы Максім Семянчук.

– Выехалі на вучобу з сельскай мясцовасці, а вярнуліся ўжо ў горад. Што пры гэтым адчувалі?

– Я разлічваў, што пасля вучобы вярнуся ў Астравец, таму яго перспектывамі цікавіўся. Ужо тады было вырашана, што АЭС будзе будавацца на астравецкай пляцоўцы, а значыць, у недалёкай будучыні мы станем гарадскімі жыхарамі.

Спачатку навіну гэтую ўспрыняў не вельмі пазітыўна: вырас я ў вёсцы сярод цішыні і на ўлонні прыроды. За гэта ж любіў маленькі, утульны Астравец. І хоць школу заканчваў варнянскую, заўсёды лічыў сябе астравецкім хлопцам: ад Маляў да раённага цэнтра – усяго нічога.

– Ці ўбачылі якую-небудзь розніцу да і пасля таго, як Астравец стаў горадам?

– Па першым часе – не: у Слоніме я вучыўся толькі тры гады. Але ўсё хутка мяняецца: за пяць гадоў, што я працую ў Астраўцы, горад вырас як на дражджах, з'явілася шмат не толькі новых шматпавярховак, але і адміністрацыйных будынкаў, пракладваюцца дарогі і ўзводзіцца неабходная для гараджан інфраструктура.

А колькі новых вуліц закладзена каля Маляў, якія ўвайшлі ў склад горада! Усё поле ад кальца да вясковай рэчкі і нават далей забудоўваецца!

І цяпер я разумею, што не для Астраўца гэта добра: новыя рабочыя месцы, новыя магчымасці для яго жыхароў, асабліва для моладзі і тых, хто прыязджае да нас ў якасці маладых спецыялістаў. І гэта радуе. Горад увогуле – гэта жыццё.

Мне пашанцавала: працую і жыву ў горадзе, а адчуваю сябе сельскім жыхаром (Смяецца).

– А што за апошнія пяць гадоў змянілася ў вашым жыцці – у прафесійным і асабістым плане?

– Закончыўся тэрмін маёй абавязковай адпрацоўкі, але я не збіраюся мяняць работу – мне падабаецца дапамагаць людзям. За гэты час вырас не толькі горад, дзе я жыву і працую, – увесь гэты час і я ўдасканальваўся ў сваёй прафесіі: набіраўся вопыту, вучыўся выстройваць адносіны з калегамі і пацыентамі.

У асабістым жыцці?.. Я, як наш горад, – малады і перспектыўны (Смяецца). У мяне яшчэ ўсё наперадзе.

Вольга ХАЦЯНОВІЧ

7522.jpgПяць гадоў назад 28 красавіка ў 16.05 гадзін маладая сям’я Алега і Святланы Янкоўскіх стала самай шчаслівай на свеце: у іх нарадзіўся першынец – сын Дамір.  І менавіта ён стаў першым маленькім жыхаром Астраўца ў статусе горада.

Напярэдадні першага, 5-гадовага, юбілею райцэнтра-горада мы сустрэліся з яго маленькім равеснікам.

Упэўненая паходка, няўрымслівыя гарэзы-чорцікі ў вачах, непасрэдная і шчырая ўсмешка, перад абаяльнасцю якой, напэўна, не можа устаяць ні адзін дарослы – Дамір Янкоўскі на сустрэчу прыйшоў з татам.

– А мая мама – у бальніцы! – адразу радасна аб’явіў хлопчык.

– Твая мама захварэла?

– Не-е-е! У яе нядаўна нарадзіўся малыш! Гэта мой брацік. Мы з татам ездзілі да іх, і я бачыў яго праз шкляныя дзверы. Ён яшчэ зусім маленькі. Ведаеце, як яго завуць? Ла-ры-ан, – старанна, па складах вымаўляе Дамір. – Хутчэй бы ўжо яны з мамай дадому прыехалі.

– Сапраўды, Дамір браціка вельмі чакае, – дадае яго тата. – Калі я ў бальніцу збіраўся, ён мне нават машынку прынёс, каб я малышу перадаў. Я патлумачыў, што брацік яшчэ зусім маленькі. Дык Дамір тады сваю самую маленькую машынку прынёс – каб толькі брацік гуляў і не сумаваў у бальніцы

– Падабаецца гуляць у машынкі? Напэўна, гэта самыя любімыя цацкі?

– Не-е-е! Мая самая любімая цацка – паліцэйскі канструктар: там шмат чаго ёсць, нават наручнікі. А яшчэ там ёсць фігурка парушальніка – я яго лаўлю і арыштоўваю. Калі вырасту і стану дарослым – буду паліцэйскім!

– У дзіцячы садок любіш хадзіць?

– Люблю! Мы там займаемся: малюем, чытаем, лічым, гуляем. А яшчэ наша выхавальніца Валянціна Вітольдаўна для нас прыгожыя смайлікі робіць. Я іх пасля бабулі прыношу, а цяпер і браціку буду.

– А з кім у садку больш сябруеш – з хлопчыкамі ці з дзяўчынкамі?

– У мяне ёсць сябар Ванька, але зараз ён хварэе. З дзяўчынкамі я не сябрую, бо не хачу з імі гуляць – нецікава.

– А вось выхавальніца казала, што Дамір карыстаецца папулярнасцю ў дзяўчынак – яны яму паштоўкі малююць і з паперы нешта там выразаюць, – усміхаючыся, дадае тата.

– А чым дома любіш займацца?

– Люблю гуляць, мульцікі пра машынкі глядзець. Але па камп’ютары нельга доўга глядзець – толькі 15 хвілін у дзень, бо нам у садку паказвалі, як дзеці, якія шмат глядзяць камп’ютар, вар’яцеюць. Я так не хачу! А яшчэ я люблю дапамагаць што-небудзь рабіць.

– Дамір у нас – першы памочнік, – пацвярджае і тата. – Ён ва ўсіх справах дапамагае: майструе, будуе, нават з газонакасілкай умее абыходзіцца. Сын у нас шустры і цікаўны – яму ўсё трэба ведаць. Аднойчы на баксёрскі турнір у Астравецкую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу паглядзець схадзілі – зараз і пальчаткі з грушай у нас ёсць. Я ўжо і з трэнерам А.З. Маргужам пагаварыў – з 10 гадоў можам у секцыю запісвацца.

– Дык, можа, Дамір, ты баксёрам будзеш?

– Не! Я буду паліцэйскім! Але каб ім стаць, трэба вырасці і стаць дужым – таму і трэба адціскацца, падцягвацца і біць па грушы.

– Чаго не любіш?

– Маляваць.

– А яшчэ – спаць у абед, – падказвае тата.

– А каго і што любіш больш за ўсё?

– Маму, тату… браціка! Бабуль і дзядуль. А яшчэ – піцу! І гуляць. 

Марына МАЦКЕВІЧ


Текст: Главный администратор