Лістападаўскі канцэрт Гервяцкага храма

09:17 / 14.11.2019

Класіку, нават калі гэта хіты бессмяротных «Бітлоў» ці знаёмыя з дзяціства мелодыі з савецкіх кінастужак, трэба ўсё ж такі слухаць ужывую – злавіла сябе на думцы на лістападаўскім канцэрце арганнай музыкі ў гервяцкім касцёле Святой Тройцы.

У праграме былі заяўлены арганістка храма Алена Севасцьян і ваенны духавы аркестр Смаргонскай пагранічнай групы.

IMG_2697.jpg

Думаю, не я адна, але і многія жыхары і ўраджэнцы Астравеччыны настальгіруюць па гервяцкіх канцэртах арганнай і вакальнай музыкі, якія арганізатары звычайна прымяркоўвалі да памінальных дзён: каталіцкіх Задушак, урачыстасці Усіх святых і праваслаўнай Бацькоўскай суботы. Магутныя галасы выканаўцаў ва ўнісон з плачам аргана ператвараліся ў рэквіем па тых, каго няма побач з намі…

Няўмольны лёс забраў светлай памяці нястомнага пробашча, ідэйнага арганізатара канцэртаў Леаніда Несцюка. Але традыцыя праводзіць у гервяцкім храме ў лістападзе музыкальныя вечары, дзякаваць Богу, хоць і трансфармавалася, але працягвае жыць…

Без удзелу ваеннага аркестра са Смаргоні не абыходзіцца ніводнае свята ў нашых суседзяў, ды і на Астравеччыне яны частыя госці. Аднак выступленне ў гервяцкім храме для пагранічнікаў было дэбютным.

IMG_2682.jpg

Раней жывая музыка гучала ў парках адпачынку, на пляцоўках, была нязменным спадарожнікам жыцця некалькіх пакаленняў. У людзей, якія ў гэты дзень завіталі ў Гервяты, была цудоўная магчымасць акунуцца ў атмасферу 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя, дзякуючы віртуознай ігры музыкантаў.

IMG_2679.jpg

Жартаўлівая «Ла кукарача», энергічнае «Бэсамэ муча», кубінская румба, кампазіцыі знакамітых ва ўсім свеце гуртоў «Бітлз» і «Боні Эм», песні з фільмаў Леаніда Гайдая – гэтыя і многія іншыя, напоўненыя моцнай энергетыкай, мелодыі падарылі слухачам добры настрой.

IMG_2689.jpg


Пранікнёна і душэўна, я б нават сказала, з надрывам, спявала Алена Севасцьян. А калі ў касцёле рэхам азваліся словы Булата Акуджавы «Господи не забудь про меня…» ў некаторых жанчын па тварах цяклі слёзы…

IMG_2709.jpg

IMG_2700.jpg

Праўда, чаргаванне вясёлых лёгкіх кампазіцый з глыбокімі філасофска-духоўнымі выклікалі нейкі ўнутраны дысананс, як высветлілася потым, не ў мяне адной: занадта хутка мажорны лад змяняўся мінорным. А потым падумалася: напэўна, невыпадкова падчас канцэрта перамяшаліся эстрадныя і духоўныя мелодыі… Гэтак і ў жыцці здараецца: у яго імклівым вірлівым рытме мы часта шукаем прыемнасцей, новых эмоцый, лёгкасці, забываючы пра галоўнае – Бога і блізкіх людзей.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич
Видео: Алёна Ганулич