Листаем подшивку районной газеты за 1946 год (обновлено)

12:24 / 11.12.2019
…Асцярожна гартаю пажоўклыя ад часу, крохкія ўжо старонкі «Сталінскай праўды» – і разумею сутнасць не намі сказаных слоў: напісанае – застаецца. Так, тая газета – дзве старонкі (не аркушы!) фармату А4, запоўненыя пераважна паведамленнямі БелТА і ТАСС, – мала нагадвае сённяшнюю. Тым не менш, і ў кароткіх мясцовых заметках, што прарываюцца на старонкі газеты, можна знайсці, «прадраўшыся» праз абавязковыя ў той час «ідучы насустрач», «выконваючы рашэнні» і «дзякуй таварышу Сталіну», звесткі пра тое, як і чым жылі жыхары раёна ў пасляваенныя гады, і зрабіць пэўныя высновы.

Пра што пісала «Сталінская праўда» ў 1946 годзе – чытайце кароткі агляд.

12.jpg


Улада і ўзнагароды

Уся ўлада ў краіне ў той час належа­ла Камуністычнай партыі, у Астравецкім раёне – яе раённаму камітэту. Хто ж канкрэтна ажыццяўляў усю паўнату ўлады ў раёне? У «Сталінскай праўдзе» ў артыкуле  «На отчетно-выборном собрании районной партийной организации» у №65 ад 8 жніўня чытаем: «В состав райкома партии избраны т.т. Матюшев  И.В., Гудыно В.Ф. (трэба меркаваць, гэта той жа Гудына, які ў 1945 годзе непрацяглы час з’яўляўся адказным рэдактарам «Сталінскай праўды» – Н.Р.), Волков В.К., Пермяков Г.П., Ивендиков Ф.Н., Лысенок Г.К., Вячкилев М.А.

На состоявшемся заседании РК КП(б)Б первым секретарем РК КП(б)Б избран т. Матюшев И.В., вторым секретарем – т. Гудыно В.Ф., секретарем по кадрам – Волков В.К.» 

Цікава, што ў заметцы «Вручение медалей за доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941-45 гг..» у №24 за 8 сакавіка чытаем, каму былі ўручаны гэтыя ўзнагароды, – прозвішчы там выключна жаночыя і некаторыя з іх знаёмыя па складу райкама партыі. Узнагароды з рук старшыні выканкама райсавета дэпутатаў працоўных Пермякова напярэдадні Міжнароднага жаночага дня атрымалі Валянціна Фядотаўна Гудына (незразумела толькі: гэта жонка другога сакратара райкама партыі з аднолькавымі ініцыяламі – ці сама Валянціна Фядотаўна з’яўлялася другім сакратаром? Апошняе выклікае сумненні: у тыя часы жанчын на такія высокія пасады не прызначалі. – Н.Р.), Аляксандра Кузьмінічна Гаўрылава, Марыя Фёдараўна Мацюшава, Аляксандра Пятроўна Сарокіна, Агрыпіна Лаўрэнцьеўна Фаміна. Як бачна, ніводнага мясцовага прозвішча – не вызначыліся, відаць, астраўчане доб­леснай працай у гады вайны.

Затое сярод нашых зямлячак нямала ўзнагароджаных ордэнам «Маці-гераіня». Трэба сказаць, што мнага­дзетных сямей у той час было нямала, і з трыма дзецьмі шматдзетнымі не лічыліся. 

Ва ўжо ўзгаданым нумары за 8 сакавіка ў заметцы «Пособия многодетным матерям» расказваецца пра клопат савецкай улады пра жанчын-маці. Так, адпачынак па цяжарнасці і родах павялічыўся з 63 да 77 дзён (мамачкі, якія сёння на працягу трох гадоў маюць магчымасць глядзець сваіх дзетак, задумайцеся, як жылося вашым бабулям! – Н.Р.), удвая павялічваўся харчовы паёк для цяжарных (нагадаем: хлеб і іншыя тавары першай неабходнасці ў той час выдаваліся па картачках). Мнагадзетным маці выплачваліся грашовыя дапамогі пры наражэнні трэцяга і наступных дзяцей. Гэта было добрым падспор’ем – у заметцы паведамляецца, што ў 1945 годзе ў Астравецкім раёне мнагадзетныя маці атрымалі 677 637 рублёў такой дапамогі.

Паведамляецца і пра ўстанаўленне гана­ровага звання «Маці-гераіня», якое  прысвойвалі жанчынам, што нарадзілі і выха­валі 10 і больш дзяцей, ордэнаў «Маці-гераіня», ордэна Мацярынскай сла­вы трох ступеняў і медаля Мацярынства.

І ў заметцы «Вручение орденов и медалей многодетным матерям» у №31 ад 31 сакавіка расказваецца аб уручэнні гэтых узнагарод 20 мацяркам Астравеччыны.  Ордэн Мацярынскай славы І ступені быў уручаны Сафіі Францаўне Ковель з мяс­тэчка Гудагай, якая нарадзіла і выхавала дзевяць дзяцей. Такі ж ордэн ІІ ступені за нараджэнне і выхаванне васьмярых дзяцей – Марыі Адамаўне Лукшы (на жаль, у заметцы не паведамляецца, адкуль гэтая жанчына. – Н.Р.). Трынаццаць мацярок атрымалі ордэн Мацярынскай славы ІІІ ступені і пяцёра – медаль Мацярынства. Ганна Іванаўна Ляшнеўская, узнагаро­джаная ордэнам Мацярынскай славы ІІІ ступені, ад імя ўзнагароджаных падзякавала савецкую ўладу і асабіста таварыша Сталіна за высокую ўрадавую ўзнагароду і расказала, як цяжка ім жылося пры панскай Польшчы і як добра – цяпер. Жанчын з узнагародамі павіншаваў першы сакратар райкама партыі Мацюшаў і пажадаў, каб яны выгадавалі сваіх дзяцей дастойнымі грамадзянамі савецкай радзімы.

Адметна, што «после ужина, организо­ванного для многодетных матерей в Островецкой столовой, силами учеников Островецкой семилетней школы и комсомольцев была показана художественная самодея­тельность». (Тут і далей захаваны мова, стыль і арфаграфія арыгіналу. – Н.Р.

У тым жа годзе званне «Маці-гераіня» атрымалі яшчэ дзве жанчыны з Астра­вецкага раёна: Станіслава Аляксандраўна Рацэвіч з вёскі Смілгі і Юлія Аляксанд­раў­на Бублевіч з вёскі Швяйляны («Сталінская праўда» ад 29 снежня, №104).

Выбары

Асноўнай тэмай газетных публікацый першых двух месяцаў 1946 года былі выбары ў Вярхоўны Савет СССР. Кандыдатамі ад Пастаўскай выбарчай акругі №70, у склад якой уваходзіў і Астравецкі  раён, былі вылучаны: у Савет Нацыянальнасцей – Сцяпан Фёдаравіч Шутаў, камандзір Н-скай часці (так пазначана яго месца службы ў афіцыйных дакументах – Н.Р.); у Савет Саюза – Уладзімір Мікалаевіч Разуваеў, генерал-лейтэнант, каманду­ючы Мінскім гарнізонам. 

1.jpg

Абодва кандыдаты, Шутаў і Разуваеў, прыязджалі ў Астравец на сустрэчу з выбаршчыкамі – «Сталінская праўда»   апіс­вала гэтую падзею ў №14 за 7 лютага. На плошчы мястэчка сабралася, калі верыць газеце, 1 700 чалавек (толькі незразумела, дзе змясцілася столькі, калі плошчы як такой  у райцэнтры тады не было. – Н.Р.) У падтрымку «кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных» (нібы былі іншыя! – Н.Р.) выступілі дырэктар Астравецкай НСШ Тамашаў, сакратар РК ЛКСМБ Блудаў, ад сялян – член сельгасарцелі імя Сталіна Аляксееў – усе заклікалі галасаваць за Шутава і Разу­ваева. 

Адметна, што падчас выбарчай кампаніі ў раёне з’явілася радыё: раённая газета ў №14 ад 7 лютага надрукавала інфармацыю, атрыманую, як пазначана, «па тэлефоне», аб тым, што «31 января на Ворнянском избирательном участке было проведено радио. Для крестьян это стало большой новостью. 2 февраля учителя и другие активисты, собравшиеся на квартире тов. Хорловича (трэба меркаваць, што менавіта ў гэтай кватэры размясціўся выбарчы участак. – Н.Р.), слушали по радио обращение ЦК ВКП(б) ко всем избирателям». 

А ў №16 ад 13 лютага «Сталінская праўда» расказвае, як прайшлі выбары на Гудагайскім выбарчым участку №2. Адкрыўся ён, як і ўсе астатнія, у 6 гадзін – і адкрыцця ўжо чакалі выбаршчыкі. «Первой входит в помещение для голосования 70-летняя старуха из местечка Гудогай Ковель Эмилия Петровна. Председатель участковой избирательной комиссии тов. Дроздова Евгения Акимовна, улыбаясь, подводит бабушку к столу секретаря, где она дрожащими от радости руками получает бюллетени (…) Вслед за ней голосуют 70-летняя Пилецкая Констанция Викентьевна и 75-летний Юшкевич Иван. (…) Голосование на этом участке закончено к 12 часам дня. В голосовании приняли участие все до единого избиратели этого участка. (…) После голосования по улицам местечка началось гуляние. Везде слышались звуки гармоников, песни. Веселие длилось до полуночи».

Думаю, залішне гаварыць, што абодва кандыдаты па Пастаўскай выбарчай акрузе, Шутаў і Разуваеў, былі абраны дэпутатамі Вярхоўнага Савета СССР.

Другая хваля перадвыбарнай кампаніі разгарнулася, у тым ліку і на старонках «Сталінскай праўды», у апошнія  два месяцы 1946 года, калі распачалася падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР. Аб тым, як яна праходзіла, мы раскажам, аналізуючы выпускі газеты за 1947 год.

Сельская гаспадарка

Хоць, калі па шчырасці, выбары, якія займалі найбольш месца ў газеце, цікавілі сялян найменш, бо жылі яны ў пераважнай сваёй большасці з зямлі. 

Нагадаю: калектыўных гаспадарак – сель­гасарцеляў – у раёне тады было ўсяго тры. Лепшая з іх, што насіла імя Сталіна і якую ўзначальваў Аляксей Іванавіч Ігнатоўскі, перад пачаткам сяўбы брала сацыялістычныя абавязацельствы:  нарыхтаваць 20 кубаметраў дроў для газагенератарных трактароў, дабіцца ўраджаю жыта і ячменю – 10 цэнтнераў з гектара, пшаніцы – 11, аўсу – 9, льнасемя і льнавалакна – па 3 цэнтнеры з гектара; сабраць 10 цэнтнераў попелу і 5 – птушынага памёту, да пачатку веснавой сяўбы давесці цяглавую сілу (на трактар спадзявайся, а на коніка не забывайся. – Н.Р.) да сярэдняй укормленасці.

Дарэчы, пра цяглавую сілу. 18 красавіка ў раённай газеце быў змешчаны артыкул заатэхніка па конегадоўлі Сарокінай «О проведении конской случной кампании», у якім пастаўлена задача: «чтобы восстановить довоенный уровень коневодства, а затем превзойти его, нужно поднять мероприятия конской случной кампании на должный уровень высоты». Між тым, як сцвярджае аўтар артыкула, некаторыя старшыні сельсаветаў (Шульніцкага – Свіла, Варонскага – Матусевіч) нават у гэты важны перыяд раз’язджалі на жарабцах (нібыта ў іх было на чым яшчэ раз’язджаць! – Н.Р.), што недапушчальна ў перыяд злучной кампаніі.

Але яшчэ больш, чым сяўбе, увагі надавалася – нават не ўборцы ўраджаю, а здачы хлеба дзяржаве. І з публікацый раённай газеты можна зрабіць выснову, што не сельгасарцелі былі асноўнымі хлебаздатчыкамі, а аднаасобнікі. 

У артыкуле Бярцова «Чырвоны абоз» – напісаным, трэба сказаць, незвычайна для таго часу, адметна, па-журналісцку, – апавядаецца, з якім пад’ёмам (у гэтым можна ўсумніцца – але вартасці артыкула гэта не змяншае і прыведзеных у ім фактаў не адмяняе – Н.Р.) жыхары вёскі Гальчуны на чале з дэпутатам Гервяцкага сельсавета Сільвестрам Пляўгам  везлі на чыгуначную станцыю збожжа.

Пра тых, хто не хацеў здаваць хлеб (ці, хутчэй за ўсё, не мог выканаць даведзенае заданне), таксама пісалі ў «Сталінскай праўдзе» – але крыху пазней і па-іншаму. Восенню амаль у кожным нумары газеты паведамляецца пра жорсткія меры ў адносінах да «сабатажнікаў хлебапаставак». 

Так, у №73 за 8 верасня змешчана заметка пад красамоўнай назвай «Саботажник хлебосдачи – в должности депутата деревни». У ёй паведамляецца, што жыхар вёскі Відзюны Швяйлянскага сельсавета Тварагаль, маючы 6,6 гектара зямлі, не здаў ніводнага кілаграма хлеба. Па прыкладу дэпутата дзейнічалі і астатнія жыхары: на 14 гаспадарак вёскі налічана для хлебаздачы 5 345 кілаграмаў, а зда­дзена толькі 450. Нескладаныя падлікі паказваюць, што адной гаспадарцы патрэбна было здаць прыкладна 380 кілаграмаў хлеба – але ўсё, мусіць, залежала не ад гаспадарак, а ад зямлі, што была ва ўласнасці. Пры гэтым у заметцы, зразумела ж, не паведамляецца ні аб тым, які ўраджай атрымаў дэпутат-сабатажнік, ні якая ў яго сям’я, ці будзе ім што есці зімой пасля выканання плана хлебаздачы. 

2.jpg



У наступным нумары іншы артыкул – «Саботажник хлебосдачи предан суду». У сухім на першы погляд паведамленні праглядваецца драматычны лёс жыхара хутара Кастова Казіміра Казіміравіча Якушчонка. Заметка сведчыць, што ён меў у 1944 і 1945 гадах 20 гектараў зямлі, але, каб не здаваць хлеб дзяржаве, наўмысна схаваў 12,5 гектара (як можна схаваць столькі зямлі? Дзе? – Н.Р.). У 1945 годзе яму трэба было здаць 1 280 кілаграмаў збожжа – здаў 450, 1 600 кілаграмаў бульбы – здаў 1 000, 720 кілаграмаў сена – не здаў ніводнага. І ў 1946 годзе Якушчонку трэба было здаць 1 162 кілаграмы збожжа – а ён, як сведчыць заметка, махлярскім шляхам зменшыў заданне да 900 кілаграмаў. «Саботажник хлебопоставок Якущенок арестован и предан суду» – такімі словамі заканчваецца заметка С. Лукава. І можна толькі здагадвацца, які лёс далей чакаў гэтага чалавека, якога яшчэ ў першых радках гэтай заметкі назвалі кулаком…

3.jpg



Мусіць, такі ж, як і жыхара вёскі Валэй­кішкі Караля Адамавіча Кушлевіча, якога за сабатаж хлебапаставак народны суд прыгаварыў да шасці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці – пра гэта чытаем у артыкуле за подпісам в.а. райпракурора Бутэнскага «Суд над саботажником хлебопоставок»

Да слова, такія строгія меры прымаліся не толькі да «сабатажнікаў хлебаздачы». У №34 за 10 студзеня той жа Бутэнскі, які на той час быў памочнікам пракурора, у заметцы «Срывщиков лесозаготовок – к ответственности» паведамляе, што за невыкананне дзяржаўнага задання па лесанарыхтоўках на два гады пазбаўлення волі асуджаны жыхар хутара Карміляны Іосіф Міхайлавіч Чаеўскі.

Затое селянін Ізыдор Рынкевіч з вёскі Ліпкі Валэйкішскага сельсавета, які выканаў план лесанарыхтовак на 115%, як паведамляе «Сталінская праўда» ў №13 за 3 лютага, у якасці ўзнагароды атрымаў 6 метраў мануфактуры, 400 грамаў мыла, 2 кілаграмы солі, 2 літры газы, 400 грамаў цукру. Уяўляеце, якое свята было ў хаце гэтага селяніна?!

Строга, хоць і не так жорстка, караліся і тыя, хто не выконваў план малакапаставак. Так, у №45 за 25 мая раённая газета ў заметцы «Злостных несдатчиков молока – к ответственности» паведамляла, што Лізавета Міхайлаўна Савіцкая, якая, маючы дзве каровы, здала толькі 18 кілаграмаў малака, аштрафавана на 1 400 рублёў. У час, калі кілаграм хлеба каштаваў рубель, можаце ўявіць, якія гэта былі грошы для сялянскай сям’і. 

IMG_20191003_163904.jpg


Цывілізацыя спяшалася – але марудна

У пасляваенны Астравец вярнулася лямпачка Ільіча – праўда, гарэла яна нядоўга і цьмяна. Такую выснову можна зрабіць, чытаючы рашэнне выканкама райсавета дэпутатаў працоўных, надрукаванае ў №3 газеты ад 6 студзеня. Ім зацвярджаецца распарадак работы электрасеткі: з 7.00 да 9.00, з 17.00 і да 01.00. І для кожнага прадпрыемства і арганізацыі быў устаноўлены ліміт спажывання электраэнергіі. Кіраўнікам забаранялася павялічваць колькасць светлавых кропак і магутнасць лямпачак.

Была ў той час у раёне ўжо і тэлефонная сувязь – але яе якасць стала любімай тэмай крытычных выступленняў раённай газеты. Так, у №13 ад 3 лютага у заметцы «Пора покончить с безобразием» паведамляецца, што ў Варнянскім паштовым аддзяленні «имеют место безобразия, которые граничат с преступлением» – ні больш, ні менш! Аўтар заметкі, нехта Мароз, расказвае, што з 18 па 25 студзеня нельга было дазваніцца ў Астравец з Міхалішак і Быстрыцы. Тэлефаністкі па 20-30 хвілін не бяруць трубку, каб адказаць кліенту, «мало этого – в рабочее время занимаются рукоделием на виду у начальника отделения Русецкой».

У №66 ад 11 жніўня пад рубрыкай «Маленькі фельетон» (У раённай газеце ўжо з’явіліся фельетоны! Хоць такімі, па вялікім рахунку, яны не былі, аднак сама рубрыка чаго варта! – Н.Р.) расказваецца, як два супрацоўнікі газеты Беразаў і Лукаў паспрачаліся, што хутчэй – дайсці на чыгуначную станцыю Гудагай ці дазваніцца туды на пошту. У выніку, пакуль Лукаў гадзіну і 15 хвілін спрабаваў дазваніцца на пошту, Беразаў прыйшоў на станцыю і патэлефанаваў з Гудагая калегу, каб той не губляў марна часу. У адрас начальніка раённай пошты Ясянецкага ў гэтым «Маленькім фельетоне» гучыць нямала крытычных, нават абразлівых слоў: «Почему такие бездельники, как Ясенецкий, занимают такие ответственные участки государственной работы и зря получают государственные деньги?»

Увогуле, нягледзячы на невялікі аб’ём газеты і засілле публікацый цэнтральных інфармацыйных агенцтваў, крытычных публікацый у «Сталінскай праўдзе» ў той час друкавалася нямала, і даволі вострых. І на большасць з іх была канкрэтная рэакцыя.

Так, у №67 раённай газеты за 15 жніўня было змешчана пісьмо Л. Пачанковай «Не принимают мер», дзе расказваецца пра непрыстойныя паводзіны камсамольца Настаяшчага, які прыходзіць п’яным у клуб і ў сталовую, скандаліць і хуліганіць. А ўжо ў №71 ад 29 жніўня паведамляецца, што п’яніцу і хулігана выключылі з камсамола.

IMG_20191003_170831.jpg

Гандаль пад вострым пяром журналістаў

У №5 раённай газеты за 12 студзеня змешчана пісьмо «Почему так?» за подпісам «Потребитель», дзе аўтар расказвае, што за флакон вадкага мыла, якое прадавалася тады па спецталонах, прадавец Антаніна Хахлева выразала не па адным, а па чатыры талоны – так яна падманула настаўнікаў Н.К. Алейніка і Т.П. Шаўцову.

Трэба сказаць, што прэтэнзій да работы гандлю ў журналістаў было яшчэ больш, чым да тэлефаністак. У №26 ад 14 сакавіка ў артыкуле «Улучшить работу торговой сети» Пётр Суткаленка рэзка крытыкуе Астравецкае сельпо «В помещениях грязь, бумага по стенам оборвана, в помещении накурено (…) Работница сельпо Шунько обстреливает своими грубыми словами стоявших рядом с ней потребителей (…) Хлеб в магазины завозится в 10-11 часов, работники учреждений вынуждены в рабочее время простаивать за хлебом. Все буханки считают по 2 кг, а на самом деле они по 1,8-1,7 кг. Деньги за хлеб у всех берут по рублю за 1 кг вместо 85 копеек, таким образом, если за буханку следует платить 1,40 рубля, то взимается 2 рубля (…) Пекарня выпекает хлеб очень низкого качества. Иногда он бывает сырым, иногда корка сожжена. Часто в хлеб попадает солома и другой мусор (…) Желательно было бы, чтобы в работу торговой сети вмешался прокурор и на лицо указал бы ей ее недостатки».

Рэдакцыя газеты нават арганізавала рэйд рабселькораў «Сталінскай праўды» па гандлёвых арганізацыях мястэчка Астравец. Вынікам рэйду была прысвечана цэлая газетная старонка пад агульнай назвай «Устранить недостатки в работе торговых организаций» у №77 за 27 верасня, на якой змясцілася чатыры крытычныя артыкулы.

У заметцы «Грубиян работает продавщиком» расказвалася, як прадавец магазіна раённай нарыхтоўчай канторы Андраловіч высыпаў на зямлю кошык брусніц, што прынесла здаваць сялянка. У заметцы «Повозка с «музыкой» з іроніяй і нават сарказмам падымаецца праблема адсутнасці ў продажы коламазі (ну, хто ведае, што гэта такое? – Н.Р.). «По скромным подсчетам» – аўтар гэтай заметкі расказваў, як прадаўцы Хохлева і Зяцькова аблічваюць пакупнікоў. «Про старые ботинки» – прадавец магазіна прадала на рынку чаравікі, якія трэба было рэалізаваць па спецталону, а калі за імі прыйшоў уладальнік гэтай чароўнай паперкі – спецталона (дарэчы, работнік райкама партыі), то назаўтра аддала яму паношаныя чаравікі.

Як бачна, брыгада рабселькораў у складзе Ф.Н Івендзікава, А.П. Кохана, В.К. Волкава, І.С. Странчанкі, Д.К Карнеева прапрацавала плённа.

І вынік гэтай працы таксама быў: у адным з наступных нумароў паведамлялася, што грубіян-прадаўшчык Андраловіч зняты з работы.

Пра прадаўшчыцу-махлярку Хохлеву ў 1946 годзе на старонках газеты было некалькі крытычных матэрыялаў. Заметка «Жулик за прилавком», надрукаваная 11 лістапада, стала апошняй: у №98 за 15 снежня «Сталінская праўда» паведаміла, што «Факты, указанные в статье в части подделки Хохлевой трех талонов на 30 кг сахара, проверены следственными органами и полностью подвердились (…) Приговором районого суда Хохлева осуждена к трем годам лишения свободы».

Так што трапіць пад вострае пяро раённай газеты было даволі небяспечна.

IMG_9567.jpg

Школы: як працавалі – і чаму не працавалі

Але крытычныя выступленні газеты заканчваліся не толькі звальненнямі з работы і судамі – часам яны дапамагалі вырашаць канкрэтныя справы.

Напрыклад, пасля пісьма В. Садоўскага ў рэдакцыю, апублікаванага 28 кастрычніка пад назвай «Когда будет работать школа?», у якім паведамлялася, што ў Швальнішскай пачатковай школе (цікава, ці памятае хто такую? – Н.Р.) няма настаўнікаў і заняткі там яшчэ не пачыналіся. Праз некалькі нумароў пад рубрыкай «По следам выступлений «Сталинской правды» змешчаны адказ загадчыка раённага аддзела адукацыі Вазнясенскага. Ён паведамляў, што ў школу накіравана настаўніца і заняткі аднавіліся.

Раённая газета паведамляла, што на дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне прайшоў нядзельнік па падрыхтоўцы школ да новага навучальнага года, у якім прыняло ўдзел больш за 1,5 тысячы чалавек і было задзейнічана 853 падводы. (Да слова, у той год у раёне дзейнічала 64 школы, у якіх вучылася 1 200 дзяцей. Для параўнання: сёлета ў школах раёна займаецца 3 235 вучняў).Паведамлялася, што падчас нядзельніка за дзень адрамантавалі 21 школу і нарыхтавалі 800 кубаметраў дроў для іх ацяплення.

Аднак, ў заметцы «Школа не подготовлена к учебному году», надрукаванай у № 69 ад 22 жніўня, старшыня Міхалішкаўскага сельсавета Шпіронак піша, што і ў гэты дзень да навучальнага года былі падрыхтаваны не ўсе школы. «Однако совсем иначе встречает учебный год Маркунская начальная школа Михайлишковского (менавіта так была напісана назва сельсавета – Н.Р.) сельсовета. Ремонт в школе не произведен, дровами школа не обеспечена. Еще до сих пор нет в школе учителя и заведующего школой. Спрашивается, что думают в этот ответственнейший момент работники районного отдела образования?» – задаваў рытарычнае пытанне старшыня сельсавета. Адказу на яго на старонках газеты я, на жаль, не знайшла. Магчыма, ён і быў – але нават у Нацыянальнай бібліятэцы ў падшыўцы «Сталінскай праўды» за 1946 год не хапае сямі нумароў.

Пра што «аб’яўлялі»

Час ад часу ў газеце змяшчалі аб’явы – вось толькі невядома, ці былі яны платнымі? Наўрад…

Да прыкладу, такая: «Сапожной артели «Победа» требуются на постоянную работу сапожники-мастера и ученики, а также портные». Ды і ў рэдакцыю газеты «Сталінская праўда» патрабаваліся кадры – пра гэта сведчыць аб’ява, што запрашае на работу рахункавода (чытай: бухгалтара – Н.Р.) з акладам 450 рублёў. Газета таксама паведамляла, што ў друкарню рэдакцыі патрабуюцца наборшчыкі, друкары і вучні наборшчыкаў.

Адна з аб’яў мне падалася найбольш красамоўнай: «Островецкий райфинотдел доводит до сведения граждан, что производится продажа домов и надворных построек лиц, выехавших в Польшу. За справками обращаться в райфинотдел с 9 часов утра до 2 часов дня ежедневно».

А другая аб’ява запрашала на работу ў Маскву: «Производится организованный набор рабочей силы, независимо от квалификации, для работы в городе Москве и на перифериях. О наборе справляться у уполномоченного ВСУ т. Савельева (помещение райисполкома)».

Яшчэ адна цікавая аб’ява – аб прыёме ў Ашмянскае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча на завочнае аддзяленне. У першы клас вучылішча прымаліся асобы, пераважна настаўнікі, якія скончылі сем класаў і паспяхова здалі ўступныя экзамены па беларускай і рускай мовах і арыфметыцы. У другі і трэці класы прымалі тых, хто скончыў 8, 9, 10 класаў і здаў экзамены па ўсіх прадметах за першы клас вучылішча.

IMG_20191003_154114.jpg


(Працяг будзе)



АД РЭДАКЦЫІ:

У артыкулах, падрыхтаваных па матэрыялах старых выпускаў раённай газеты, узгадваюцца назвы населеных пунктаў, якія даўно зніклі з карты Астравеччыны, прозвішчы і імёны жыхароў. Магчыма, нехта з нашых чытачоў ведаў гэтых людзей ці гісторыю іх жыцця – цікава, як склаўся іх далейшы лёс. Тэлефануйце і пішыце, дзяліцеся ўспамінамі і старымі фотаздымкамі, калі яны ў вас захаваліся,  – мы будзем рады выслухаць кожнага.

Текст: Нина Рыбик